Хаус-мастер Сергей Круковский из Докшицкого района профессионал своего дела

img_2926Сяргей Крукоўскі працуе сантэхнікам 5 разраду ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, абслугоўвае жыллёвы фонд. Таму, калі здарыцца якаясьці паломка з сантэхнікай і вы паведаміце пра гэта ў дыспетчарскую прадпрыемства, чакайце, што, магчыма, у вас на парозе з’явіцца менавіта гэты майстар.
Добра, кажуць, калі ў хаце ёсць гаспадар, ён сам можа адрамантаваць кран. Аднак Сяргей Уладзіміравіч з гэтым не пагаджаецца і кажа, што ў яго практыцы было нямала выпадкаў, калі сантэхніка выклікалі менавіта мужчыны.
– Для мяне гэта дзіўна, бо, здаецца, кожны ўсё ж такі павінен сам умець рабіць элементарныя рэчы ў хатняй гаспадарцы, – гаворыць майстар. – Таму я асабіста з маленства вучыў гэтаму свайго сына Ігара.
Сынам, якога ён выхоўваў адзін, Сяргей Уладзіміравіч ганарыцца. Юнак ужо закончыў тэхнікум, некаторы час працаваў у філіяле № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Зараз рыхтуецца да службы ў арміі.
У РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Сяргей Крукоўскі працуе 15 гадоў, а дагэтуль спрабаваў сябе і ў іншых прафесіях.
– З дзяцінства марыў, што буду кухарам, – усміхаецца Сяргей. – Дома ў нас была кніга, якая называлася “Кухня народаў СССР”. Якіх толькі там рэцэптаў ні было. Па ёй вучыўся гатаваць розныя стравы, пакуль бацькі знаходзіліся на рабоце. Вельмі падабалася, таму пасля школы паехаў у Глыбокае паступаць на кухара-кандытара.
Першым месцам працы была закусачная “Спутнік”. Там Сяргей гатаваў простыя стравы і пёк піражкі з розным начыннем. Пэўна, гэта акалічнасць паціху і адбіла ахвоту да прафесіі кухара. Засвоіў яшчэ адну – зваршчыка. Працаваў спачатку ў калгасе імя Суворава. А вось новую спецыяльнасць хаус-майстра, так зараз па-сучаснаму называюць спецыялістаў, якія дасканала павінны валодаць некалькімі спецыяльнасцямі: электрыка, сантэхніка, маляра, столяра і іншымі, атрымаў на курсах у Віцебску. Праўда, хаус-майстры папулярныя пакуль толькі ў вялікіх гарадах.
– Сваю работу вельмі люблю, – шчыра прызнаецца Крукоўскі. – Падабаецца несці людзям дабро. Больш таго, прыемна чуць ад іх словы падзякі – гэта, бадай што, самая найлепшая ўзнагародна.
Што ж, вынікамі работы сантэхніка Крукоўскага людзі заўсёды задаволены, лічаць яго добрасумленным, старанным і вельмі адказным работнікам. Кожнаму робіць, як для сябе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *