В деревне Марговица Бегомльского сельсовета отметил 100-летний юбилей Семён Ставер

IMG_1415Зусім нядаўна тэлегледачы любаваліся 100-гадовым расійскім юбілярам, які сваёй энергіяй, любоўю да жыцця смела дасць фору некаторым маладым. Народны артыст СССР Уладзімір Зельдзін жыве ў далёкай Маскве, а ў Маргавіцы Бягомльскага сельсавета адзначыў 100-гадовы юбілей не меншы жыццялюб Сямён Ставер. Танцаваць, як гэта з імпэтам робіць народны любімец, Сямёну Паўлавічу не даюць аскепкі, што заселі ў нагах з вайны. Затое нічога не перашкаджае яму быць грамадзянінам з вялікай літары.
Павіншаваць яго з юбілеем прыехала з раёна вялікая прадстаўнічая дэлегацыя, да якой на месцы далучыліся старшыня Бягомльскага сельвыканкама Мікалай Трахінін, дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Анатолій Бальшуноў. Юбіляр, убачыўшы гасцей на парозе, увесь засвяціўся ад радасці. Крыху разгубіўся, калі пачуў цёплыя словы віншавання ад старшыні райвыканкама Алега Пінчука і паведамленне пра тое, што яму першаму ў раёне, як ветэрану вайны, уручаецца юбілейны медаль да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Прымаў букеты, падарункі, узрадаваўся, ўбачыўшы дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Марыю Курдзека. Калі віншавальны паток крыху паменшыў, нахіліўся да Алега Леанідавіча і ціхенька папрасіў дазволу выказаць просьбу. Яе пачулі ўсе, і пасля слоў, сказаных 100-гадовым ветэранам, захацелася ні то аддаць па-ваеннаму яму чэсць, ні то нізка ў пояс пакланіцца, словам, зрабіць нешта такое, што магло б выказаць усё тое незвычайнае захапленне, якое выклікаў сваім учынкам гэты чалавек. Ён не прасіў бясплатна правесці газ, зрабіць рамонт, устанавіць помнік, як гэта часцей за ўсё бывае. Дзядуля сказаў: “Таварыш старшыня, дапамажыце дырэктару нашага саўгаса. Ён гаспадарку за пару гадоў зрабіў адной з лепшых у раёне. Не кідайце яго, падтрымайце”.
Калі крыху спаў шок ад дзядулевай просьбы, сын Павел, які прыехаў з Мінска даглядаць бацьку, нагадаў пра яшчэ адзін выпадак з жыцця Сямёна Паўлавіча. Працаваў ён настаўнікам, але адным летам, калі не паспявалі ў гаспадарцы з нарыхтоўкай кармоў, арганізаваў брыгаду з мясцовых падлеткаў, пенсіянераў. Чалавек трыццаць набралася касцоў. Першым выйшаў сам і вывеў усіх трох сыноў. Няўдобіцы тады абкасілі ўсе.
У сям’і Сямён быў самым меншым, нежаданым. Лішні рот, бо і чатырох старэйшых не было чым карміць. Маці клала немаўлятка на печ са скарыначкай хлеба ў роце, закручанай у кавалачак кудзельнага палатна, а сама ішла спраўляць работу. Ніхто не думаў, што яно выжыве. Хлопчык не проста застаўся жыць, ён добра вучыўся ў школе, умеў і любіў працаваць. Яму было толькі 15 год, калі прапанавалі вучыць грамаце вясковых дзяцей. Педвучылішча, настаўніцкі інстытут – гэта было потым. А ў вайну партызаны паставілі пад расстрэл за тое, што палічыў прафесію настаўніка па-за палітыкай. Уратавала тое, што многія з сям’і ўжо былі ў радах народных мсціўцаў. І Сямён хутка стаў партызанам асобага атрада, які прыйшоў з-за лініі фронту і дыслакаваўся ў Барысаўскім раёне.
Ваеннага ліха з гэтымі адважнымі хлопцамі, якія ваявалі па-сапраўднаму, ён хапіў па самую завязку. Быў паранены, аскепак пад сэрцам і зараз сядзіць. Каб завяршыць вобраз гэтага чалавека, ёсць сэнс нагадаць адзін ваенны эпізод.
У блакаду з акружэння выходзілі групамі, па два, па адным — як атрымлівалася. Побач з партызанамі беглі жанчыны, дзеці. У лясным гушчары Сямён знайшоў маленькае дзіця, якога кінула звар’яцелая ад страху маці. Тры дні насіў яго з сабой, ляжаў з малым у балотнай багне. Калі набліжаліся немцы, заціскаў дзіцятку роцік, бо загінулі б удваіх. Потым маці знайшла іх сама і тады ўжо шалела ад радасці, не ведаючы, як дзякаваць маладому хлопцу.
Вызваленне Сямён Паўлавіч сустрэў палітруком. У армію яго не ўзялі, а накіравалі на курсы савецкіх работнікаў. Потым працаваў у Пінскім абкаме партыі. Пазней усё роўна вярнуўся на родную Бягомльшчыну і зноў пайшоў у настаўнікі.
Свой стогадовы юбілей ён сустракае, па яго словах, багатым чалавекам. З Мінска, Севастопаля і Камчаткі да яго прыехалі сыны і дачка. Тэлефануюць унукі і праўнукі, а іх у яго васемнаццаць. Зусім крышачку не дачакалася юбілею мужа жонка Галіна Рыгораўна, з якой пражылі разам 70 год. У лепшым пакоі хаты на сцяне вісіць плакат з радавым дрэвам Ставераў, якое склала адна з унучак. Сярод радні пляменнік юбіляра – вядомы беларускі паэт Алесь Ставер, які, можна не сумнявацца, натхненне для сваёй творчасці чэрпаў на роднай гераічнай Бягомльшчыне сярод яе мужных, працавітых, дастойных людзей.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: С.П. Ставер.
Фота А. Варанковіча.

Один комментарий для “В деревне Марговица Бегомльского сельсовета отметил 100-летний юбилей Семён Ставер

  • 10.03.2015 в 11:14 дп
    Permalink

    Большое спасибо за прекрасную статью! Это мой дедушка. Его жизненный путь и опыт, могут служить достойным примером для многих. Ну а дети, внуки и правнуки, желают дорогому юбиляру не останавливаться на достигнутом, и прожить еще 100 лет.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *