В Парафьяновской средней школе Докшицкого района проведена Неделя детской книги

3544Зараз усё радзей можна сустрэць чалавека з кнігай у руках. Часцей – з мабільным тэлефонам, з планшэтам. Скажаце: іншы час – іншыя каштоўнасці. Але ж нельга растрачваць нам тое добрае, што складвалася дзесяцігоддзямі. Што ж рабіць, каб зацікавіць дзяцей чытаннем? Вялікая роля ў дасягненні гэтай мэты належыць школьнай бібліятэцы. З 6 па 11 красавіка ў Параф’янаўскай сярэдняй школе быў праведзены Тыдзень дзіцячай кнігі.

На працягу тыдня бібліятэкарам школы Святланай Пяцько было арганізавана шмат мерапрыемстваў. Гэта віктарыны і конкурсы на веданне казак, выстава дзіцячых малюнкаў і кніг, дзень даўжніка, рэйд-практыкум “Жыві, кніга!”, літаратурны рынг “7 колераў настрою”, пасвячэнне ў чытачы. Увогуле, тыдзень прайшоў ярка і запамінальна. Мне асабіста вельмі спадабалася выстава дзіцячых малюнкаў “Усе казкі ў госці да нас” (на здымку). Было бачна, з якім стараннем і ахвотай юныя чытачы стваралі свае шэдэўры. Цікава было назіраць за малодшымі школьнікамі, якія з бляскам у вачах паказвалі свае малюнкі ўсім, хто спыняўся каля выставы. Менавіта з такіх невялічкіх крокаў у свет дзіцячай кнігі і пачынае развівацца чытацкі інтарэс.
Вельмі прадуктыўна прайшоў дзень прабачэння даўжнікоў. Чытачам, якія забываюцца своечасова вяртаць кнігі, прапаноўвалася наведаць школьную бібліятэку і здаць літаратуру, каб затрыманыя кнігі змаглі прачытаць іншыя. Цікава, што ў дні прабачэння прынялі ўдзел не толькі вучні, але і настаўнікі.
Не менш запамінальным мерапрыемствам тыдня аказаўся літаратурны рынг “7 колераў настрою”. Самыя актыўныя навучэнцы 6-8 класаў упэўнена дэманстравалі сваю начытанасць і эрудзіраванасць.
Пасвячэнне ў чытачы дапамагло зразумець вучням, што дзіцячая кніга – скарбонка ведаў, з якой пачынаецца шлях у дзівосны свет літаратуры.
Я ўпэўнена, што пасля праведзенага Тыдня дзіцячай кнігі кнігалюбаў у нашай школе стала больш.

Юлія ЯНУКОВІЧ,
вучаніца 11 класа
Параф’янаўскай
сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *