Приём граждан в Докшицах провёл Владимир Андрейченко

IMG_8580Каля дзвюх гадзін доўжыўся прыём грамадзян, які ў Докшыцах правёў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. 

Першым дэпутат выслухаў старшыню раённага Савета ветэранаў Іосіфа Падрэза. Іосіфа Іванавіча вельмі хвалюе тая нялёгкая абстаноўка, якая назіраецца апошнім часам у сельскай гаспадарцы раёна. Таму ён звярнуўся да спікера беларускага парламента з просьбай пасадзейнічаць і дапамагчы знайсці інвестараў і замацаваць іх за сельгасарганізацыямі.
– У бліжэйшы час адбудзецца вялікая нарада з удзелам Прэзідэнта, – зазначыў Уладзімір Паўлавіч. – На ёй будуць разгледжаны пытанні па далейшым развіцці аграпрамысловага комплексу. У любым выпадку гэтае пытанне буду трымаць на кантролі, – паабяцаў дэпутат.
З пытаннем аб прыватызацыі жылля прыйшла на прыём жыхарка вёскі Беразіно В.І. Аўтушка. Жанчына ўсё жыццё адпрацавала загадчыцай мясцовай аптэкі. Будынак, у якім аптэка знаходзіцца, падзелены на дзве палавіны. У другой Валянціна Іванаўна пражывае з мужам. Калісьці яны зрабілі там яшчэ і невялікую прыбудову. А тут паўстала пытанне прыватызацыі. Спецыялісты з Глыбокага ацанілі жыллё ў 141 мільён. На думку самой жанчыны, цана павінна быць значна ніжэйшай. Яна абгрунтавала гэта тым, што ніводнага разу дом не рамантаваўся, дах вось-вось можа разваліцца, халодную прыбудову і ўвогуле нельга назваць жылым пакоем.
Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў Валянціне Іванаўне два варыянты выхаду з такой сітуацыі. Першы – звярнуцца ў “Віцебскі інстытут нерухомасці і ацэнкі”, які правядзе паўторны разлік, што можа прывесці да змяншэння кошту прыватызацыі жылля. Другі – усё пакінуць так, як ёсць. Не займацца прыватызацыяй. З ліпеня наступнага года дом будзе лічыцца арэндным жыллём, месячная плата за яго будзе невялікай. Тут жа Уладзімір Паўлавіч звязаўся па тэлефоне з генеральным дырэктарам Віцебскага ТПРУП “Фармацыя” Аленай Арловай, якая ў размове паабяцала пасадзейнічаць жанчыне ў рамонце даху.
Жыхарка аграгарадка Параф’янава Г.І. Атрахімовіч доўга і ва ўсіх падрабязнасцях расказвала на прыёме, як яны з мужам будавалі гараж. Матэрыялы набылі ў суседа, а вось работы вялі самі. Па словах жанчыны, сусед аказаўся нядобрасумленным чалавекам і налічыў ёй, быццам бы за будаўніцтва гаража, 5 мільёнаў рублёў. Пасля адмовы Атрахімовіч плаціць сусед падаў іск у раённы суд, які абавязаў жанчыну выплаціць яму больш як 1,5 мільёна рублёў. З такім рашэннем суда Галіна Іосіфаўна не згадзілася і звярнулася ў абласны суд, затым дайшла і да Вярхоўнага. Аднак вышэйстаячыя інстанцыі пакінулі рашэнне без змяненняў. На што спадзявалася Г.І. Атрахімовіч, калі ішла на прыём, невядома. Жанчыне былі дадзены тлумачэнні па гэтым пытанні.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: на прыёме ў дэпутата жыхарка Беразіно В.І. Аўтушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *