Камфорт газового факела в Докшицком районе

2006 г.  Газ прыйшоў  у Докшыцкі раён.

2006 г. Газ прыйшоў
у Докшыцкі раён.

Першы магістральны газаправод Урангой — Памары — Ужгарад прайшоў праз Беларусь больш за 30 год таму. Мільярды кубічных метраў газу з Заходняй Сібіры пабеглі па ім да еўрапейскіх спажыўцоў. Але чыстае і недарагое паліва абыходзіла бокам дамы беларусаў. Маштабная газіфікацыя ў краіне пачалася ў сярэдзіне 90-х гадоў. Былі прыняты дзяржаўныя праграмы, на рэалізацыю якіх з бюджэту пачалі выдзяляцца вельмі вялікія сродкі. Сёння ў рэспубліцы газіфікаваны ўсе 113 гарадоў і 118 раёнаў. Беларусь па ўзроўню газіфікацыі знаходзіцца ў ліку перадавых краін. У Докшыцкі раён блакітнае паліва прыйшло ў 2005 годзе. 

12 студзеня 2006 года адбылася падзея, якую раённая газета назвала гістарычнай. У час сваёй рабочай паездкі па Віцебскай вобласці докшыцкую зямлю наведаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Ён прыняў удзел ва ўрачыстасці з нагоды газіфікацыі горада. Дакшычане сабраліся на цэнтральнай плошчы і з радасцю сустракалі высокага госця. Аляксандр Рыгоравіч запаліў тады газавы факел і гэтым як бы даў “дабро” на далейшую газіфікацыю раёна. Дарэчы, прыродны газ у наш раён паступіў датэрмінова, і першай яго атрымала Крулеўшчына. Разам з газам прыйшло цяпло ў кватэры жыльцоў шматпавярховікаў пасёлка торфабрыкетчыкаў. Для гэтага было пабудавана 32,2 кіламетра газаправода. Былая настаўніца Галіна Касцючэнка ўспамінае, як яны тады радаваліся таму, што замест звычайных плюс 16 градусаў слупок тэрмометра стаў паказваць намнога больш. Да канца года на газавае паліва перайшлі яшчэ дзве кацельні ў Докшыцах. Спажыўцамі прыроднага газу сталі ўсе жыльцы шматпавярховых дамоў горада. Было газіфікавана 60 індывідуальных дамоў, а тэхнічных умоў на далейшую газіфікацыю было выдадзена больш за 150. Людзі хутка зразумелі выгоды прыроднага блакітнага паліва.

карта цв +ндп е

 
Сёння ў райцэнтры, а таксама прыгарадных вёсках Лапуты, Чырвонае Беразіно, Янкі ім карыстаюцца каля 2360 чалавек. На прыродным газе працуюць кацельня і тэхналагічныя лініі хлебазавода, ім ацяпляюцца царква, касцёл і будынак Белдзяржстраху. Сярод першых карыстальнікаў значацца таксама г.п. Бягомль, аграгарадкі Пруднікі і Таргуны. У 2009 годзе прыродны газ прыйшоў у аграгарадок Параф’янава, у 2013-м – 18 кіламетраў газаправода былі пракладзены да Гліннага. Гэта першая вёска ў раёне, што атрымала прыродны газ, за што яе жыхары вельмі ўдзячны старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанку, які прадстаўляе інтарэсы выбаршчыкаў Докшыцкай акругі ў парламенце. Дзякуючы яго намаганням, прыродны газ ёсць зараз у дамах агарагарадка Сітцы і вёскі Крыпулі.

2013 г.  У. П. Андрэйчанка на сустрэчы з жыхарамі в. Гліннае.

2013 г. У. П. Андрэйчанка на сустрэчы з жыхарамі в. Гліннае.

Уладзімір Канстанцінавіч і Марыя Іванаўна Герасімёнкі з Бягомля на сваёй вуліцы Чырвонаармейскай яго карыстальнікамі сталі аднымі з першых. Ужо шэсць год іх кватэра цепліцца газам.
– Дом наш стары, быў пабудаваны ў 1947 годзе для райкамаўскіх работнікаў, – гаворыць гаспадар. – Абаграваўся грубкамі, потым мы самі зрабілі паравое ацяпленне. У кватэры стала чыста, але, каб батарэі нагрэліся, трэба было кідаць і кідаць у кацёл дровы. У маладзейшым узросце нарыхтоўваць іх не было праблемай. З гадамі сілы пакідаюць, апошні час, каб спарадкаваць дровы, ужо людзей наймаў. Зараз жа націснуў кнопку і цяпло пабегла па батарэях.
Герасімёнкі, як і большасць карыстальнікаў прыроднага газу, на поўную выкарыстоўваюць яго магчымасці. У іх кватэры з’явіўся цудоўна абсталяваны санвузел з душавой кабінкай. У вёскі прыйшоў сапраўдны гарадскі камфорт.
Менавіта ён, па словах галоўнага інжынера РВУ “Докшыцырайгаз” Уладзіміра Гмырака, з’яўляецца галоўным козырам на карысць перавагі газавага ацяплення над традыцыйнымі пячным і паравым. Не ўсе грамадзяне разумеюць, што нясе прыродны газ, і не адразу ўступаюць у кааператыў забудоўшчыкаў, калі ён нават і арганізуецца ў іх населеным пункце. Маўляў, самі яшчэ ў стане дроў нарыхтаваць. А праз некаторы час пабачаць, як стала камфортна жыць суседзям, і падаюць заяву на будаўніцтва газаправода-ўвода.
За перыяд газіфікацыі раёна былі створаны 33 спажывецкія кааператывы з колькасцю 688 чалавек. Усе яны газіфікаваліся з дапамогай льготнага крэдыту: 70 працэнтаў кошту бярэ на сябе бюджэт, а 30 – члены кааператыву. Крэдыт ім даецца пад 3 працэнты гадавых з растэрміноўкай на 2 гады. З такой дзяржаўнай падтрымкай газіфікацыя стала па кішэні практычна ўсім.

Уладзімір Герасімёнак давярае  газаваму ацяпленню, але грубкі не выкідаў.

Уладзімір Герасімёнак давярае
газаваму ацяпленню, але грубкі не выкідаў.

 

Марыя Герасімёнак задаволена  камфортам душавой.

Марыя Герасімёнак задаволена
камфортам душавой.

Зараз у стадыі праектавання знаходзяцца яшчэ 7 аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы. Гэта спажывецкія кааператывы ў Бягомлі, аграгарадку Параф’янава, вёсках Падомхі і Параф’янава. Яшчэ 118 прыватных дамоў будзе абаграваць блакітнае паліва.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *