Праздник деревни Пасеки прошёл в Докшицком районе

20150712_144029

«Святая как хлеб, деревенька моя».

Словамі з амаль забытай песні пачнём расказ пра тое, як вясковыя людзі адраджаюць “бацькоўскія гнёзды”.

Паўвека таму ў вёсцы Пасекі ўзвышалася каля сарака хат. Працавалі і школа, і спартыўная пляцоўка, і клуб, у якім дэманстраваліся кінафільмы. А якія танцавальныя вечарыны ладзіліся! З многіх суседніх вёсак ды і з самога райцэнтра спяшаліся сюды хлопцы і дзяўчаты. Жыла вёска, гаманіла на розныя галасы. Бег час. Моладзь пацягнула ў горад. “Урбанізацыя”, – з сумам уздыхалі сталыя людзі.

Бег час, сямейныя традыцыі збіралі калі-нікалі разам розныя пакаленні. Часцей гэта адбывалася ў дні памінання продкаў, калі на могілках у Пералоях аднавяскоўцы прасілі старэйшыну в. Пасекі Галіну Пруднікаву, каб тая знайшла і сабрала тых, хто з’ехаў у свет, на свята вёскі.

– Як я магу запрасіць былых аднавяскоўцаў у вёску, якую “ўпрыгожваюць” столькі закінутых хат? – разважала камандзір вясковых спраў.

– Перад любым мерапрыемствам у хаце перш прыбяруць, а потым і гасцей завуць.

Докшыцкі сельсавет, у склад якога ўваходзяць Пасекі, і сам даўно займаўся пытаннем навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў. Сёлета старшыня ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак арганізаваў людзей, якія дапамагалі навесці патрэбны парадак: павыразалі кустоўе, павыкарчоўвалі карэнне, на вызваленай тэрыторыі пасеялі травы.

Словам – правялі культуртэхнічныя работы.

Турбавала Галіну Юльянаўну яшчэ адна справа.

– Якая вёска без паклоннага крыжа? – думала яна.

Тым больш гэта была даўняя мара ўсіх жыхароў Пасек. Яшчэ ў 2008 годзе Генадзь Броўка па просьбе аднавяскоўцаў сабраў увесь матэрыял для вырабу крыжа і сваімі рукамі змайстраваў распяцце. Але не паспеў завяршыць пачатую справу, памёр.

20150813_134627Ідэю старэйшыны падхапіў муж Галіны Васіль. Спыталі благаславення на пачатак справы ў свяшчэнніка Віктара Гміра. Будаўнічыя матэрыялы набылі ў пляменніка Юрыя Сценніка. У вырабе і ўстаноўцы крыжа Пруднікавым дапамаглі Альфрэд Каросцік, Міхаіл Скулак, Віктар Стадольнік, Аляксандр Старавойтаў і Андрэй Кальчэўскі.

Вось тады Галіна Юльянаўна і стала гасцей зазываць. Спяшаліся былыя суседзі, сябры, знаёмыя на сустрэчу з розных куткоў Беларусі. Слёзы радасці, светлыя ўспаміны – усё было ў гэты цудоўны дзень. Некаторыя сустрэліся аж праз 50 год! Трыццаць два былыя аднавяскоўцы прайшліся па вёсцы, успамінаючы, дзе хто жыў. А потым завіталі на сядзібу Пятра Стадольніка.

– Малая радзіма, – гаварыла ў прывітальным слове скрозь слёзы радасці Галіна Пруднікава. – Колькі выдатных пачуццяў звязана з гэтым паняццем! Светлыя ўспаміны пра дзяцінства, пра маладых бацькоў, пра родную вёску, аднавяскоўцаў прыемна хвалююць душу. Вельмі часта яе вобраз стаіць перад нашымі вачамі.

Шмат было выказана падзякі ў адрас старэйшыны Галіны Юльянаўны. З песнямі выступілі на сустрэчы браты Стадольнікі – Віктар і Анатолій. Доўгажыхарка вёскі Любоў Шыталь падняла настрой вясёлымі прыпеўкамі, пасля чаго для яе праспявалі “Многае лета”. Мінутай маўчання ўспомнілі землякоў, ветэранаў вайны і працы, якія, на жаль, не дажылі да гэтага дня.

Музыка гучала на ўсю акругу. Свята ўваскрэсіла ў памяці нямала прыемных момантаў, гісторый аднавяскоўцаў, падарыла зарад станоўчых эмоцый. Было вырашана штогод сустракацца летам. Пакуль жыве чалавек, жыве яго памяць, а ў душы пачуццё любові да радзімы – жыве месца, дзе нарадзіўся.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *