15 сентября в Докшицком районе будут праздновать День библиотек
Адным з важных інфармацыйных цэнтраў, дзе могуць задаволіць свае патрэбы дзеці і падлеткі, з’яўляецца дзіцячая раённая бібліятэка. Зразумела, што ў наш час вельмі складана друкаваным выданням вытрымаць канкурэнцыю з электроннымі. Школьнікаў часцей можна ўбачыць з планшэтам альбо тэлефонам у руках, чым з кнігай.
– Шматлікія заходнія краіны б’юць трывогу, што дзеці амаль не чытаюць, а з лёгкасцю здабываюць патрэбную інфармацыю з дапамогай сеціва, – гаворыць загадчыца дзіцячай раённай бібліятэкі Алена Гудзь. – Таму вельмі важна ў нашай рабоце працягваць пошук новых формаў папулярызацыі кнігі. Напрыклад, падчас вакацый мы праводзілі конкурс “Чэмпіянат летняга чытання”, вынікамі якога асабліва былі задаволены бацькі ўдзельнікаў такога мерапрыемства. Цікавай атрымалася квэст-гульня “Цягнік па бібліятэцы”, якая паказала, наколькі добра дзеці ведаюць творы вядомых аўтараў.
Апошнім часам у гасцёўню кніг часта запрашаюць святароў і пісьменнікаў, бо хто, як не яны, найлепш раскажуць дзецям пра духоўныя каштоўнасці.
Не застаюцца работнікі бібліятэкі ў баку ад разнастайных мерапрыемстваў, якія праходзяць у горадзе. Сёлета да Дня нараджэння райцэнтра яны аформілі кніжную паліцу “Юнаму дакшычаніну”, а таксама спецыяльны банер, на які на працягу тыдня юныя чытачы змогуць прымацаваць занатоўкі, дзе ўкажуць свае любімыя творы.
Увага да кнігі з маленства, цікавыя, прадуманыя і добра падрыхтаваныя мерапрыемствы, а яшчэ любоў бібліятэкара да сваёй работы – усё гэта дапамагае далучыцца дзецям да чытання. На сённяшні дзень на абанеменце налічваецца 1200 чалавек, сярод якіх не толькі школьнікі гарадскіх школ, а яшчэ студэнты і настаўнікі.
З нецярплівасцю чакае ў дзіцячай раённай бібліятэцы сваіх наведвальнікаў Марына Дваяжонава (на здымку), якая працуе тут пяць год, а дагэтуль бібліятэкар дапамагала навучэнцам Янкаўскай базавай школы-сада ў выбары цікавай літаратуры. Для дзяцей Марына Анатолеўна з’яўляецца дарадцам і сябрам, улічвае інтарэс кожнага і стараецца знайсці на паліцах патрэбную кнігу.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.
***
«Библиосумерки» –
такую назву мае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня бібліятэк. Яго арганізатары абяцаюць, што ўсе, хто прыйдзе 15 верасня ў 18 гадзін да ГЦК – стануць удзельнікамі таямнічых прыгод, а таксама даведаюцца, як выглядае бібліятэка познім вечарам – у бібліязмярканне.
P.S. Уваход дзецям – толькі з шасці год.