Акция «Семья без насилия» прошла в Докшицком районе

На старонках раённай газеты ў адным з артыкулаў расказвалася, як некалькі нядобранадзейных сем’яў з нашага раёна выканалі індывідуальныя планы па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Гэта дало ім магчымасць забраць з сацыяльнага прытулку сваіх дзяцей. Але нядаўні рэйд, што прайшоў у межах акцыі “Сям’я без насілля”, падчас якога былі наведаны 13 сямей  Бягомльскага сельсавета, паказаў, што выпраўленне некаторых з іх было нядоўгім. 

Гісторыя 1. Па замкнутым крузе

Здымак 1

Здымак 1

У сенцах дома сям’і Ставераў у Бягомлі ўдзельнікі рэйду літаральна сутыкнуліся з нечакана вынырнуўшым з цемені хлопчыкам, які, убачыўшы людзей, абыякава прамовіў: “А, гэта вы…” Калі ў пакоі запалілі святло, жахнуліся: беспарадак, які панаваў на кухні, словамі цяжка апісаць! Стол, падаконнік былі застаўлены брудным посудам, усюды валялася непрыбранае адзенне, брудныя анучы (здымак 1). У жылым пакоі двое сімпатычных хлопчыкаў малявалі, седзячы на падлозе, бо стол быў загрувашчаны, а бацькі ў суседнім – пілі гарэлку! Лячэння, дзякуючы якому яны палепшылі жыллёвыя ўмовы, працаўладкаваліся, хапіла на некалькі месяцаў. Толькі ў чэрвені гэтага года ім вярнулі ў сям’ю сыноў-блізнят. Ставеры атрымалі папярэджанне, у якім значыцца, што пры паўторным адабранні дзяцей дакументы на пазбаўленне іх бацькоўскіх правоў будуць перададзены ў суд.

Гісторыя 2. Забраць, нельга пакінуць

Здымак 2

Здымак 2

– Калі вы ў мяне адбярэце дзяцей, я за імі не прыйду, – такімі словамі сустрэла нас падвыпіўшая гаспадыня кватэры, таксама ў гарпасёлку, маці дваіх дзяцей А. Каржэвіч. Маленькая дзяўчынка, якой толькі тры гады, пужліва паглядала на незнаёмых людзей. Яе малодшай сястрычцы ўсяго два месяцы. Якое жыццё чакае абедзвюх, калі маці не возьмецца за розум? У хаце “гасцююць” яшчэ дзве жанчыны, мяркуючы па іх знешнім выглядзе – сяброўкі па застоллях. І ўсюды пастаянныя кватаранты неахайнага жылля – прусакі. Пад сталом – “батарэя” пустых бутэлек. Напэўна, гэта адзіныя рэчы, якія вычысцілі і памылі (здымак 2). Пасля наведвання такой сям’і коска ў выказванні “Забраць нельга пакінуць” ставіцца сама сабой. Абедзвюх дачок Каржэвіч удзельнікі рэйду забралі і перадалі ў медыцынскую ўстанову, дзе яны будуць знаходзіцца месяц. Пасля іх чакае або прыёмная сям’я, або прытулак.

Гісторыя апошняя, але ці канчатковая?

– І чаго вы да іх ездзіце штомесяц! – такімі словамі сустрэла камісію ў адной з вёсак суседка нядобранадзейнай сям’і. – Лепш дапамаглі б грашыма!

– А чаму б дарослым членам сям’і не пайсці працаваць і скончыць п’янкі? – адказалі мы.

– Акцыя “Сям’я без насілля” з’яўляецца адным з асноўных мерапрыемстваў па кантролі за нядобранадзейнымі сем’ямі, – каментуе гісторыі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Інэса Марчанкава. – Удзельнікі рэйдаў папярэджваюцца напярэдадні, сем’і ж ніколі не ведаюць, калі да іх прыедуць з праверкай. Гэта дапамагае ўбачыць сапраўднае становішча.

У статыстыцы невясёлыя факты: з пачатку года з дзевяці сем’яў адабраны дванаццаць дзяцей, сямёра з іх вярнуліся ў біялагічныя сем’і. У адносінах да дваіх непаўналетніх трое бацькоў пазбаўлены сваіх правоў. Толькі ці можна іх назваць бацькамі?

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *