Клуб ветеранов труда «Катюша» Докшицкого района отметил десятилетний юбилей
На мінулым тыдні клуб ветэранаў працы “Кацюша”, які дзейнічае пры ТЦСАН святкаваў дзесяцігадовы юбілей.
За час свайго існавання “кацюшаўцы” дзякуючы актыўнасці клуба і не фармальным адносінам да яго арганізатараў шмат разоў станавіліся героямі артыкулаў нашай газеты. Падчас фотапрэзентацыі, якая распачала ўрачыстае пасяджэнне, што ладзілася ў актавай зале Докшыцкага сельвыканкама, адзін за адным гарталіся фотаздымкі, а загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Алена Сарокіна падмацоўвала дзею каментарамі:
– Вось гэта нашы першыя пасяджэнні, а тут мы ездзілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян, а на гэтым здымку – момант з дня імянінніка, экскурсійныя паездкі па святых месцах краіны…
Тыя, хто быў у зале, актыўна рэагавалі на слайды і цішком дзяліліся ўспамінамі. Старшыня “Кацюшы” Лізавета Гамановіч падрыхтавала даклад аб рабоце клуба. У выступленні яна не мінула ўвагай і вялікі ўнёсак у аматарскае аб’яднанне былога дырэктара ТЦСАН Марыі Курдзека.
Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч завітала на святочную сустрэчу, каб выказаць словы падзякі людзям залатога ўзросту за аптымізм і актыўную жыццёвую пазіцыю, а таксама перадала клубу віншаванні ад кіраўніка раёна Алега Пінчука.
Сёння можна смела зазначыць, што менавіта з “Кацюшы” бярэ пачатак аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, якое было створана ў лютым мінулага года. Свае віншаванні клубу адрасавалі Іна Чырвоная і Ларыса Войцік, загадчыцы аддзяленняў ТЦСАН.
У складзе клуба шмат людзей ініцыятыўных і актыўных, якія па першым поклічы адгукаюцца на ўсе запыты ТЦСАН. Так, у складзе “Кацюшы” ўзнікла вакальная група “Спявай, душа!”, якая ездзіць з выступленнямі па раёне, прымае ўдзел у гарадскіх мерапрыемствах. Зараз яе кіраўнік – Яўген Ганчароў. Вялікая роля ў падрыхтоўцы рэпертуару вакальнай групы і былога кіраўніка Івана Курдзекі.
Як і прынята на дні нараджэння, “Кацюшу” завіталі павіншаваць добрыя сябры: члены клуба “Дакшычанка”, які працуе пры раённай бібліятэцы, Віктар Курнушка ад хора ветэранаў “Залатыя гады”, Раіса Шыталь, кіраўнік клуба “Докша” Дома рамёстваў.
Усе госці прыходзілі не з пустымі рукамі. Вось, напрыклад, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Тулоўская ўручыла вялікі фотаальбом для захавання памяці пра дзейнасць “Кацюшы”.
Настаяцель царквы святых Пятра і Паўла ў Гняздзілаве айцец Аляксей Кушнярэвіч выказаў шчырае захапленне аптымізмам і бадзёрасцю старэйшага пакалення і зрабіў акцэнт на тым, што моладзі трэба пераймаць гэта.
З тортам, на якім гарэла дзясятак свечак, і пажаданнямі “Кацюшу” вітала аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, якое не толькі дзеліць з клубам памяшканне, але і пастаянна актыўна супрацоўнічае.
У самым пачакту сустрэчы вакальная група выконвала песню-гімн клуба “Посидим по-хорошему”, яе словы сталі лейтматывам не толькі святкавання, але і ўсёй дзейнасці аб’яднання:
…Спелый хлеб
закачается.
Жизнь – она
не кончается,
Жизнь – она
продолжается
Каждый раз.
…Посидим по-хорошему,
Пусть виски
запорошены –
На земле жили-прожили
Мы не зря.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.