Человек идейного поколения живёт в Докшицах

IMG_9522Алену Сарокіну ў нашым раёне ведаюць многія. Адны — як настаўніцу Несцераўшчынскай школы, другія — як загадчыцу аддзела райкама камсамола (дзень нараджэння якога, дарэчы, быў на гэтым тыдні – 29 кастрычніка), партыйнага работніка, трэція — як выкладчыцу і завуча вочна-завочнай школы, чацвёртыя — як загадчыцу аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Паміж гэтымі месцамі працы – дзесяцігоддзі і безліч розных падзей, яднае іх хіба толькі адно – наяўнасць вакол гераіні вялікай колькасці людзей. Аднак тыя, хто ведаў Алену Міхайлаўну напачатку, і тыя, хто побач з ёй сёння, выказваюць практычна ва ўнісон такую думку: дзе б яна ні працавала і за што б ні адказвала, работу сваю выконвае на выдатна. Пры гэтым застаецца чалавекам шчырым, адкрытым, лёгкім на ўздым і неабыякавым ні да людзей, ні да таго, што адбываецца наўкол.

– Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

– Нарадзілася я ў Полацку, але жылі там нядоўга. У хуткім часе пераехалі ў Докшыцы.Мама працавала настаўніцай у Парплішчанскай школе, шмат часу аддавала любімай рабоце. А я больш гадавалася ў дзядулі і бабулі. Яны былі глыбока веруючымі людзьмі. Дзядуля меў духоўную адукацыю, шмат рабіў для ўмацавання праваслаўя, у той час, як актыўна прапагандаваўся атэізм. Быў чалавекам мудрым і смелым. Усё гэта я зразумела пасля, пасталеўшы. У гады дзяцінства ён замяніў мне тату, у чатыры гады навучыў чытаць, прывіў любоў да ведаў. У Докшыцах жыву да сённяшняга часу, выключэнне хіба складаюць гады студэнцтва. Так што наш гарадок – мая малая радзіма.

– У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?

– Перш-наперш мая мама – Антаніна Фёдараўна. З вялікай удзячнасцю прыгадваю сваіх школьных педагогаў. Сяргей Іванавіч Кірычэнка, які выкладаў у школе біялогію, быў настаўнікам ад Бога. Дзякуючы яму, мы любілі гэты прадмет. Потым і сама абрала гэту спецыяльнасць. Настаўніца хіміі – Варвара Раманаўна Васілевіч, якая па ўласнай ініцыятыве і энтузіязме падрыхтавала многіх тагачасных школьнікаў да алімпіяд і конкурсаў. Самыя цёплыя словы магу сказаць пра класнага кіраўніка – Дануту Сігізмундаўну Шымановіч, намесніка дырэктара Розу Іванаўну Парцянка. Вельмі моцная была ў нас у інстытуце кафедра батанікі і заалогіі. Можна прыгадваць яшчэ многіх. Увогуле, мне пашчасціла ў жыцці на настаўнікаў. Яны былі ў сваёй прафесіі людзьмі не выпадковымі.

– Хто яны, вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

– Складанае пытанне, дакладней, яго другая частка. Праз усё жыццё я ішла з упэўненасцю, што любіць сябе – гэта эгаістычна. Трэба любіць людзей, тады і яны да цябе будуць добра ставіцца. Калі адказваць на першую частку пытання, то гэта тры чалавекі – мама, дзядуля – Фёдар Іосіфавіч і бабуля – Алена Ануфрыеўна. Я ніколі не чула лаянкі паміж імі, дрэнных слоў у адрас адзін аднаго. Зараз гэта рэдкасць. І я даражу гэтымі ўспамінамі.

– Ваша прафесійная дзейнасць?

– Усё жыццё працую з людзьмі. У 1979 годзе, пасля заканчэння Віцебскага педінстытута імя Кірава, з дыпломам настаўніцы хіміі і біялогіі прыехала ў Докшыцы, а дакладней у Несцераўшчынскую школу. Потым трапіла ў райкам камсамола. Тагачасны першы сакратар Людміла Акунявец запрасіла на часовую пасаду загадчыка аддзела школьнай моладзі. У выніку засталася ў камсамоле на пяць гадоў. Затым у аддзеле ідэалагічнай работы райкама партыі, дзе працавала сем гадоў, акурат да перамен у пачатку дзевяностых. Гэта быў вельмі актыўны час работы з моладдзю, новых знаёмств, адказных мерапрыемстваў, падарожжаў.

Затым былі палітычныя падзеі, партыі не стала, і я зноў вярнулася ў школу. Сямнаццаць гадоў маёй працоўнай біяграфіі звязаны з вочна-завочнай школай. Давялося быць і настаўніцай, і завучам. Камсамольскае мінулае стала для мяне вялікай школай і загартоўкай, дапамагала працаваць у далейшым. Ведала, да каго звярнуцца па дапамогу ці параду, каго запрасіць на сустрэчу з вучнямі. Але затым па ўсёй рэспубліцы сталі рэфармаваць гэту форму навучання. Кіраўніцтва нашага раёна колькі магло падтрымлівала існаванне школы. Яна закрывалася адной з апошніх. З цеплынёй згадваю калектыў, рада, што многім падлеткам мы дапамаглі атрымаць прафесію. Вось ужо сем гадоў, як працую ў ТЦСАН. Спачатку ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў, а з мінулай зімы – загадчыцай аддзялення для пажылых грамадзян. Удзячна Марыі Аляксееўне Курдзека за тое, што аднойчы ўгаварыла прыйсці сюды. Я зноў акружана вялікай колькасцю людзей і падзей. Няма часу ні сумаваць, ні засмучацца. Сёння ў нашым аддзяленні 49 чалавек не толькі з Докшыц, але і з бліжэйшых населеных пунктаў. Разам мы вучымся новаму, займаемся валанцёрскай работай, даказваем і сабе, і навакольным – што пенсіённы ўзрост – гэта не прыгавор, а чарговы этап жыцця. І, самае галоўнае, не даём адзіноце займаць шмат месца ў жыцці.

– Вашы захапленні?

– Іх шмат. Я б нават сказала не захапленні, а тое, што я люблю. Люблю кухарыць, пры гэтым не важна, што гатуецца, атрымліваю асалоду ад самога працэсу. Люблю кветкі. Іх на маёй спадчыннай сядзібе ў райцэнтры шмат, адных лілей больш за сотню. Люблю пасядзець з вудай, толькі на гэта не хапае часу. Люблю чытаць. Перыёдыку чытаю з нажніцамі, каб пакінуць сабе цікавую інфармацыю для далейшага карыстання. Люблю падарожнічаць. Яшчэ ў гады студэнцтва атрымала спецыяльнасць экскурсавода. А потым да заканчэння інстытута паралельна працавала ў бюро міжнароднага маладзёжнага турызму “Спадарожнік”. Мы праводзілі экскурсіі па Віцебску, суправаджалі экскурсантаў па маршруце Хатынь – Курган Славы – Мінск. Паралельна актыўна ездзілі з аднакурснікамі па Саюзе. З цягам часу мне пашчасціла пабываць у Швецыі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы і іншых краінах. У гэтым годзе ў складзе дэлегацыі ТЦСАН наведала Балві. Было цікава параўнаць свае ўражанні ад Латвіі ранейшай і сённяшняй. Вельмі дапамагае ў падарожжах і мая другая спецыяльнасць – настаўніцы англійскай мовы. З паездак вязу звычайна альбомы, буклеты, кнігі. З удзельніцамі клуба “Кацюша” мы падарожнічаем па Беларусі. З апошніх успамінаў – вёска Заброддзе Вілейскага раёна, дзе член саюза мастакоў Барыс Цітовіч разам з жонкай Валяцінай адраджаюць памяць пра воінаў Першай сусветнай вайны. Заўжды прасвядна сябе адчуваеш і пасля вандровак да святынь.

– Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?

– Паважаю людзей добразычлівых і шчырых. Лічу, што лепш горкая праўда, чым салодкая мана.

– Самы шчаслівы ваш дзень?

– З узростам прыйшло разуменне, што кожны дзень, які табе дадзена пражыць – шчаслівы.

– Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

– Складана сказаць. Можа, толькі аб тым, што не здзейсніла сваю мару – не стала ўрачом. Я з маленства марыла быць афтальмолагам, бо мела праблемы са зрокам. Урачы гэтай спецыяльнасці выратоўваюць людзей ад цемры. Страта зроку – гэта цяжкі іспыт. Дык вось, каб падаць дакументы ў медыцынскі мне не хапіла ўпэўненасці і рашучасці, хаця тыя ж экзамены давялося вытрымаць пры паступленні на сваю спецыяльнасць у педагагічны.

– Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Чалавек без сяброў, што печ без дроў?”

– Сябры павінны акружаць чалавека па жыцці. Маю самую верную сяброўку завуць Ала. Мы побач з двух гадоў. Жылі недалёка адна ад адной, разам хадзілі ў школу, многа агульнага ў нас па рабоце. Я не памятаю сварак, паміж намі заўжды адкрытыя адносіны. Гэта вельмі важна.

– Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Не буду крывіць душой, па жыцці я ішла адна, таму паўнацэнна ставіць сям’ю на першае месца не магу. Галоўнае, пэўна, работа. Грошы і кар’ера ніколі не былі самамэтай. Камсамол, як у той песні, я лічыла сваім лёсам, бо я з так званага ідэйнага пакалення.

– Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка?

– Люблю паэзію. Вылучаю вершы Эдуарда Асадава. Шмат чытаю гістарычных кніг. Апошнім часам адкрыла для сябе духоўную музыку. Раней не было такога шырокага доступу, магчымасцей. У мінулым годзе давялося пабываць на канцэртах маскоўскага хору “Праваслаўныя пеўчыя”, патрыяршага хору Свята-Данілава манастыра, на выступленні сербскай выканаўцы Дзіўны Любоевіч і хору “Мелоды”. Пэўна, для разумення гэтай музыкі ў кожнага павінен наступіць свой час.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *