Мастер-кузнец Владимир Шуткин из Докшиц рассказал о себе, своём деле и поделился мечтой

img_1228-s

У яго сутках, несумненна, больш за 24 гадзіны. У яго галаве месціцца столькі ідэй і задум, што для іх рэалізацыі, здаецца, і жыцця мала, а ўсё дзіўным чынам рэалізоўваецца. Цэлая сцяна ў яго доме адведзена пад граматы, падзякі, узнагародныя лісты, якіх больш за чатыры дзесяцігоддзі жыцця ў Беларусі набралася некалькі дзясяткаў. Ён пераможца рознага роду конкурсаў, уладальнік высокіх званняў “Чалавек года Віцебшчыны” і “Прадпрымальнік года”. Яго работамі ўпрыгожаны Докшыцы і іншыя населеныя пункты раёна. Ад ікон яго аўтарства не адвесці вачэй. Яго калекцыя вырабаў з металу ўражвае багаццем і разнастайнасцю. Ён – гэта докшыцкі майстар-каваль Уладзімір Шуткін.

– Уладзімір Валянцінавіч, адкуль Вашы карані?

– Нарадзіўся ва Удмурціі, у вёсцы Нюрдор-Кацья. Але калі мне споўнілася два гады, бацькі вырашылі паехаць на цаліну, у Казахстан. Крыху не даехалі туды, куды першапачаткова намерваліся, асталяваліся ў горадзе Балхаш, які раскінуўся на ўзбярэжжы аднайменнага возера. Самыя першыя дзіцячыя ўспаміны – жыццё …у сопцы. Так, у вялізнай сопцы на ўскраіне горада былі накапаны чачэнцамі, дэпартаванымі ў 1943 годзе ў Казахстан, дзясяткі зямлянак. У адной такой мы і пражылі каля двух гадоў. Пра той перыяд захаваліся ўспаміны, як здорава было ляцець з той гары на веласіпедзе.

Здзіўляе, як людзі не ўмеюць даражыць якаснымі, каштоўнымі, унікальнымі рэчамі. Выкідваюць іх, а ўзамен набываюць барахло: ні вачам, ні сэрцу

Затым было жыццё ў камунальнай кватэры – займальную аповесць можна напісаць. Не ведаю, як для дарослых, а для мяне той час быў шчаслівым. А ўжо перад тым як мне пайсці ў школу, мы атрымалі двухпакаёвую кватэру, лічы, у цэнтры горада. Там і прайшлі мае дзяцінства і юнацтва да службы ў арміі. Гэта быў 100-кватэрны дом, заселены людзьмі розных нацыянальнасцей, і ў кожнай сям’і расло ад двух да шасці дзяцей. Я, як і большасць маіх равеснікаў, быў дваровым дзіцем, у чым не бачу нічога дрэннага, а толькі станоўчае. Па-першае, насуперак прынятаму меркаванню, што моладзь тых часоў у дварах піла і хуліганіла, усё было не так. Да арміі я практычна не спрабаваў алкаголь, мала хто з майго акружэння і курыў. У вялікай пашане быў спорт, з задавальненнем хадзілі на танцы, спявалі пад гітару ці гармонік, гулялі ў розныя гульні. Мы, у адрозненне ад сённяшняга пакалення, умелі сябраваць і моцна цанілі сяброўства, дзяліліся ўсім, што мелі, імкнуліся трымаць дадзенае слова, паважалі старэйшых. Усякае, канешне, было, большыя ў меншых маглі і нейкія капейкі стрэсці, але затое паспрабаваў бы хто збоку тых меншых пакрыўдзіць! Карацей, дваровая рамантыка – гэта штосьці асаблівае.

Тату свайго я страціў рана: ён трагічна загінуў. Таму ў мамы, якой нялёгка прыходзілася, грошай ніколі не прасіў. На беразе возера мы, малыя, капаліся ў пяску, знаходзілі манеткі, калі шчасціла, то і нешта каштоўнае тыпу залатой завушніцы. Збіралі бутэлькі – на той час гэта быў добры заработак: усяго дзве бутэлькі здаў – і купіш уволю наесціся шашлыку ці цукерак.

З многімі сябрамі дзяцінства, а гэта былі і рускія, і карэйцы, і немцы, і чачэнцы, і ўкраінцы, адносіны падтрымліваю і зараз: езджу з сям’ёй да іх у госці, у Казахстан, Татарстан, Германію, яны прыязджаюць да нас. Моцна даражу гэтай дружбай, якая непадуладная ні гадам, ні адлегласцям.

Разам з унучкамі.

Разам з унучкамі на лаўцы ўласнага вырабу.

– Калі праявіліся Вашы здольнасці да работы з металам?

– Рана, гадоў у трынаццаць. Балхаш славіўся сваім медзеплавільным камбінатам, на якім вырабляліся ўсе медныя манеты Савецкага Саюза, Германіі, Індыі і яшчэ шэрагу краін. У горадзе было нямала майстроў чаканкі, і ўбачыць яе можна было ў многіх месцах. Нават стэнды на прадпрыемствах і ва ўстановах былі ўпрыгожаны ёю. Зацікавіў мяне гэтым майстэрствам адзін з мастакоў-афарміцеляў. Мікалай Сцяпанавіч быў вельмі патрабавальным настаўнікам, аднак заўважыў неяк, што каб не ўбачыў ува мне задаткаў, то і не ўзяўся б вучыць. Так што, можна сказаць, я асвоіў нават не азы прафесіі, а ўжо яе тонкасці. Ну а спецыяльнасць электрагазазваршчыка, якую атрымаў пасля, калі можна так выказацца, завяршыла працэс майго навучання. Далейшае – напрацоўка навыкаў, іх шліфоўка, развіццё здольнасцей, якія дадзены Богам, – гэта ўжо праходзіў самастойна.

– Што ў Вас заказваюць найчасцей?

– У розныя часы па-рознаму. Раней, калі толькі пачынаў працаваць, гэта былі розныя гаспадарчыя рэчы: плугі і акучнікі, катлы ў лазню, духоўкі ў пліту, просценькія лаўкі, абгародкі на могілкі. З гадамі, калі пачалі больш увагі ўдзяляць эстэтыцы жылля, часцей сталі заказваць розныя дэкаратыўныя рэчы: ажурныя веснічкі, лавачкі, крыжы, што ставяцца на ўездах у вёскі, казыркі, мангалы, ліхтары, каўпакі на коміны, флюгеры, вешалкі і палічкі, падстаўкі і кашпо – усяго не злічыць.

Крытэрый паспяховага мужчыны “Нарадзіў сына, пабудаваў дом, пасадзіў дрэва” нейкі дробязны. Сапраўдны мужчына можа і павінен зрабіць нашмат больш

– Якія заказчыкі Вам бліжэй: тыя, якія тлумачаць дакладна, што хочуць бачыць, ці тыя, якія цалкам спадзяюцца на Вашу творчую фантазію?

– Рады і тым, і другім. Скажу па праўдзе: нават калі мне дакладна даведзена, як трэба зрабіць, якой формы і з якімі ўзорамі павінна быць рэч, дазваляю сабе ўнесці ўласныя карэктывы. Ну не люблю я шаблонных, аднолькавых вырабаў! У літаратуры ці Інтэрнэце магу падгледзець хіба што ідэю, а вось паўтарыць рэч цалкам – нізавошта! Стараюся адразу абгаварыць кошт вырабу, у які павінен укласціся, а то ж мяне можа “панесці” з ідэямі так, што гэта адаб’ецца і на цане. За прасцейшае апошнім часам і не бяруся: у мяне ж ёсць для гэтага цэлая сямейная каманда.

– Пытанне ад дылетанта: якія Вашы асноўныя інструменты?

– Самыя розныя станкі, сярод якіх і так званыя гібачнікі, гільяціны, ну і, канешне, апараты газа- і электразваркі.

– Вы можаце сказаць, што ўжо выпрацавалі ўласны стыль?

– Магу. Пазнаю сваю рэч, нават зробленую дзесяцігоддзі назад, калі яшчэ толькі пачынаў. Увогуле, почырк кожнага майстра, калі ён, канешне, майстар, адметны, непаўторны. Я вось ведаю, як у Докшыцах працуе Аляксандр Сураўцаў, заўсёды вылучаю яго работы.

– Рэстаўрацыяй займаецеся?

– А як жа. Рэстаўрацыя – гэта ж асноўная работа газаэлектразваршчыка, які з’яўляецца своеасаблівым доктарам для “хворых” рэчаў. У экскаватарах, скажам, зношваюцца зуб’і – іх трэба наварваць, у бульдозерах ломяцца лапаты, у кранах трэскаюцца стрэлы, плугі гнуцца… Увесь час даводзіцца штосьці рэстаўраваць.

– Шуткін-калекцыянер…

– …апантаны. Яшчэ ў падлеткавым узросце пачаў збіраць значкі. Усё жыццё гэтым займаюся, і калекцыя мая, што налічвае сотні экзэмпляраў, без перабольшвання, вельмі дастойная – ёсць унікальныя экспанаты. Што датычыцца вырабаў з металу, то збіраю не проста старадаўнія рэчы, а тыя, якія выраблены сапраўднымі майстрамі, няхай гэта будуць замкі, лямпы, дзверцы ў печкі, падсвечнікі, розныя прылады працы… Многаму па сваіх экспанатах навучыўся. Яны мне дарагія – з кожным звязаны нейкія ўспаміны. А яшчэ радуе, што рэчы гэтыя не прапалі, не саржавелі дзесь пад плотам, не былі здадзены ў металалом. Нельга так з тым, што бясцэннае, бо захоўвае ў сабе людскія мудрасць, талент, ды што там казаць – гісторыю.

Уладзімір Шуткін з дачкой Людмілай.

Уладзімір Шуткін з дачкой Людмілай.

– Уладзімір Валянцінавіч, Вы выдатна рэалізавалі сябе ў прафесіі, знаходзіце час для іншых спраў па душы. А што Вас яшчэ радуе, чым можаце ганарыцца?

– Сям’ёй. Продкамі – абодва мае дзяды, у якіх былі процілеглыя перакананні і погляды на светаўладкаванне, прайшлі вайну і былі годнымі людзьмі. Нашчадкамі – сынам, дзвюма дочкамі, якія працягваюць маю справу, шасцю ўнучкамі, што таксама не абдзелены творчымі здольнасцямі. Я шчаслівы чалавек, таму што ў мяне яшчэ жывая мама, і яна побач, у Докшыцах. Са мной не адно дзесяцігоддзе і жонка, мая верная спадарожніца ў горы і радасці. Радуе, што стаў сапраўдным галавой сям’і, у якой дзеці не разляцеліся па свеце, а сталі жыць побач, бо пабудаваў ім дамы і далучыў да агульнай запатрабаванай справы – гэта цяпер, згадзіцеся, вялікая рэдкасць. Нават вуліцу Міцкевіча, дзе мы ўсе жывём, людзі ўжо між сабой перайменавалі ў вуліцу Шуткіна (смяецца). Не крыўлю душой – прыемна. Прыемна ехаць ці ісці і бачыць: а вунь мая лавачка, мае вароты, мая альтанка… Звычайныя чалавечыя радасці.

– Ці ёсць у Вас мара, якая яшчэ не здзейснілася?

– А як жа! Мару, што цалкам перадам справу дзецям, а сам з’еду ў Камайск на дачу і займуся там садаводствам – справа ўжо няслаба распачата. Можа, рыбу ў сажалцы развяду, кветкі стану вырошчваць. Калекцыі свае аформлю як належыць. Аграсядзібу зарэгіструю. Ды планаў шмат, ідэй безліч. Было б толькі здароўе, а яшчэ – мірнае неба над галавой.

P.S. Правяла ў майстра пару гадзін, а хацелася б – цэлы дзень. Ды і ці хапіла б дня, каб раскрыць усе грані яго таленавітай натуры? Бясконца можна слухаць яго аповеды пра тонкасці прафесіі, пра адметнасці рэчаў у яго велізарнай калекцыі, пра яго жыццё, напоўненае цікавымі падзеямі і людзьмі. Захапляцца песнямі ў яго выкананні пад акампанемент гармоніка, такога ж паслухмянага ў яго руках, як і метал. Разглядаць работы, бачыць, як загараюцца агеньчыкі ў вачах, калі дзеліцца тым, што грэе яго душу. На развітанне сказаў з цёплай усмешкай: “І гэта ж вы яшчэ ў мяне ў Камайску не былі…” Вельмі спадзяюся пабываць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА і Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *