Докшыцы – Мінск – Атланта

2015-07-11 15-32-50Гэты амерыканскі горад у штаце Джорджыя стаў першым пунктам у замежнай біяграфіі выпускніка гарадской школы № 2 Анатоля Курцэвіча. Докшыцкі хлопец правёў у Атланце ўжо дзве камандзіроўкі і спадзяецца на трэцюю. Стаць інжынерам-праграмістам, кіраваць камандай з чатырох спецыялістаў у кампаніі ААТ “Тэхартгруп” – рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій, якая і накіравала яго на працу ў ЗША, ён здолеў сам, без вялікіх бацькоўскіх грошай і высокіх пратэкцый. Да сённяшняга вельмі ўдзячны сваёй першай настаўніцы Вользе Аркадзьеўне Курдзека, якая “адкрыла” ў ім здольнасці да матэматыкі. Гэты прадмет, а яшчэ інфарматыка сталі любімымі школьнымі дысцыплінамі. У 2008 годзе паступіў у БДУ. На сваёй кафедры тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій быў лепшым студэнтам (вучыўся на павышаную стыпендыю), старастам групы і нязменным удзельнікам будатрада. І ўсё гэта паралельна з тым, што практычна самастойна з блаславення выкладчыка Наталлі Уладзіміраўны Серыкавай, якая яшчэ на 1-м курсе здолела зацікавіць яго сферай інфармацыйных тэхналогій, вывучаў мовы праграмавання, наведваў курсы англійскай мовы. Выдатны характар, зайздросныя працавітасць і ўпартасць, вартыя пераймання! Было, што спаць выпадала хлопцу па 3-4 гадзіны ў суткі, але ён мэтанакіравана ішоў да здзяйснення сваёй мары. А марыў пра далёкія краіны і зносіны з тамтэйшымі людзьмі.

На працу ў кампанію яго ўзялі пасля сур’ёзнай гутаркі, калі яшчэ быў студэнтам 3-га курса. Атрымаў першую зарплату і частку грошай паслаў маме. Так выказаў сваю бязмерную ёй удзячнасць за дабрыню, любоў і падтрымку. А яшчэ за матэматычныя здольнасці, якімі яна надарыла малодшага сына. Некалі Яніна Уладзіславаўна асвойвала ў інстытуце прафесію інжынера-энергетыка ў групе, дзе былі практычна адны хлопцы. І яны вельмі беражліва адносіліся да дзяўчыны, якая не раз хутчэй за іх “шчоўкала” складаныя інтэгральныя ўраўненні.
Зараз кватэра бацькоў пасля кожнага прыезду сына напаўняецца навамоднымі бытавымі штучкамі і рознымі іншымі падарункамі. Анатолю хочацца, каб хоць крышачку родныя паспрабавалі таго ўзроўню жыцця, у якім даводзіцца ўжо жыць яму.

Амерыка юнаку спадабалася і ўмовамі працы, і жыццёвым камфортам, і добразычлівымі людзьмі. Ёсць добрыя знаёмыя і сярод амерыканцаў, і сярод канадцаў. Але, дзе б ні быў, па яго словах, у сэрцы ўсё роўна жыве мілая Беларусь і маленькая кропка на яе карце пад назвай Докшыцы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Анатоль Курцэвіч у Атланце.
Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *