Неисправимая оптимистка работает на Докшицкой автостанции

Изображение 229На мінулым тыдні Валянціна Буяльская, прыбіральшчыца Докшыцкай аўтастанцыі (на здымку), адзначыла сямідзесяцігадовы юбілей. Маладжавая і энергічная жанчына, якая зусім не выглядае на свой узрост, прымала віншаванні ад сына і дачкі, трох унукаў, дзвюх унучак, праўнучкі, а таксама ад радні, калег, сяброў і добрых знаёмых.

Агульны працоўны стаж Валянціны Аляксандраўны – пяцьдзясят гадоў! Пачынала сваю працоўную дзейнасць ураджэнка вёскі Юхнаўка ў Падсвіллі: была загадчыцай клуба і бібліятэкарам па сумяшчальніцтве. Затым лёс звязаў яе на даволі працяглы час з ПМК-83 трэста “Полацксельбуд”, дзе жанчына працавала і загадчыцай склада, і запраўшчыцай на ГЗМ, і лабарантам, і майстрам, і рабочай на раствора-бетонным вузле. З усімі сваімі абавязкамі спраўлялася бездакорна, за што была ўзнагароджана шматлікімі граматамі.
За чысцінёй і парадкам у будынку аўтастанцыі Валянціна Буяльская сочыць ужо васямнаццаць гадоў. Хочацца адзначыць, што туды заўсёды прыемна заходзіць: Валянціна Аляксандраўна сваю справу ведае і выконвае яе, нягледзячы на ўзрост, на “выдатна”.

– У новым будынку працаваць лягчэй, – дзеліцца жанчына. – Раней жа патрэбна было выпаліць у чатырох печках, бясконца мыць падлогу, бо памяшканне было зусім маленькім, а пасажыраў на прыгарадных рэйсах, у параўнанні з апошнімі гадамі, у некалькі разоў больш. Ды яшчэ вакол аўтастанцыі раслі высокія дрэвы, і я ўсю восень і вясну “змагалася” з апалым лісцем. Новы ж будынак прасторны, светлы, і працаваць у ім, безумоўна, больш прыемна і камфортна. Крыху цяжэй бывае, калі выпадае шмат снегу, паколькі догляд за прывакзальнай тэрыторыяй – гэта таксама мой абавязак. Але спраўляюся. Таму і не спяшаюся на заслужаны адпачынак. За выхадныя ці святы нават паспяваю засумаваць па рабоце, па сваім калектыве.

На работу Валянціна Аляксандраўна заўсёды ідзе з задавальненнем – у гэтым, відаць, сакрэт яе працаздольнасці і нястомнасці. Усе, хто ведае Валянціну Буяльскую, мабыць, пагодзяцца яшчэ і з тым, што гэта жанчына – непапраўная аптымістка, якая бачыць свет у яркіх колерах, любіць жартаваць, спяваць, знаходзіцца сярод людзей, лёгкі і адкрыты ў зносінах чалавек. У калектыве яе любяць, і з такой жа цеплынёй яна адносіцца да сваіх калег. А што яшчэ патрэбна чалавеку, каб праца была ў радасць? Вядома, здароўе, якога ад усёй душы і жадаем юбіляршы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *