Чем порадует жителей Докшицкого района Год культуры?

IMG_1410Сёлетні год прысвячаецца культуры і закранае, у прынцыпе, усе сферы дзейнасці: культуру вытворчасці і земляробства, сямейных адносінаў і быту, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Але ў цэнтры ўвагі ўсё ж такі застаецца творчасць. Пра гэта наша інтэрв’ю з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інгай Журомскай.

– Інга Мечыславаўна, што ўяўляе сабой сетка ўстаноў культуры раёна?

– Пасля аптымізацыі на сёння іх налічваецца 48. Гэта 19 клубаў, 25 бібліятэк, тры дзіцячыя школы мастацтваў. Адкрыты яшчэ адзін клас Докшыцкай ДШМ. Зараз у Тумілавічах дзеці могуць вучыцца іграць на акардэоне. Упарадкаванне сеткі ўстаноў культуры праходзіла, трэба сказаць, нялёгка, але гэта патрабаванне часу і новых умоў гаспадарання. Пры яго правядзенні акцэнт рабіўся на стварэнне ўстаноў так званага змешанага тыпу. Напрыклад, у Беразіно СДК і бібліятэка аб’яднаны ў клуб-бібліятэку. Клубныя ўстановы на правах філіялаў цэнтралізаваны ў “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці”. Але, нягледзячы на скарачэнне клубных устаноў, ахопліванне насельніцтва аматарскай мастацкай творчасцю не зніжаецца. Не паўплывала гэта і на выкананне даведзеных паказчыкаў. Нарматыў забяспечанасці расходаў на культуру ў разліку на 1 чалавека склаў 2,4 базавыя велічыні пры плане 1,9. Пры гэтым 0,3 базавай велічыні атрымалі за кошт аказання платных паслуг насельніцтву.

– Наколькі багатым быў культурны палетак раёна летась?

– Работнікамі культуры праведзена 3704 культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. З іх пераважная большасць — для сельскага насельніцтва. Неад’емнай часткай культурнага жыцця раёна сталі традыцыйныя святы “Квітней, Докшыцкі край”, “Мой горад, табе мы прысвячаем”, “Дзень Перамогі”. На сельскі культурны брэнд прэтэндуюць “Фэст на Роха” ў Валкалатах, “Мядовы Спас” у Прудніках, “З лёгкай парай, землякі” ў Крыпулях, “Сонца ў азерцы” ў вёсцы Бярозаўка. У аграгарадку Крулеўшчына, дзе кожны год шыкоўна праходзіць праваслаўны фестываль, сёлета ўпершыню было арганізавана свята вела-мотааматараў “Насустрач ветру”. Запамінальнымі сталі шоу-праграмы “Містар Докшыцы – 2015”, “Калядны дуэт”, “Дружная сямейка”, якія падрыхтавалі работнікі ГДК.

Плённа працуюць мастацкія калектывы. Дарэчы, у такіх вядомых, як харэаграфічныя “Акцэнт”, “Заіра”, ВІА “Cotton buds”, калектыў барабаншчыц і іншых, займаецца шмат моладзі. Летась створаны яшчэ адзін моладзевы калектыў “Славяне”.

Своеасаблівы творчы экзамен кожны год здаюць аматарскія калектывы, індывідуальныя выканаўцы, калі ўдзельнічаюць у рознага ўзроўню аглядах-конкурсах. Летась у скарбонцы докшыцкіх самадзейных артыстаў апынулася 10 прызавых месцаў. Дзіцячая бібліятэка паспяхова ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе духоўнага выхавання і асветы. Узнагароджана Граматай Беларускай праваслаўнай царквы.

Свой уклад у выхаванне і развіццё аматарскай мастацкай творчасці ўнеслі Дом рамёстваў, Бягомльскі музей народнай славы і яго філіял у Шунеўцы.

Вельмі важнай падзеяй стаў удзел у пошуку міжнародных грандаў для падтрымкі сельскіх тэрыторый у межах праекта Еўрасаюза і ААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Наш праект “Адраджэнне паркава-маёнткавых пабудоў” у Сітцах стаў адным з пераможцаў 1-га Конкурсу мясцовых ініцыятыў. У хуткім часе чакаем паступлення першых фінансавых сродкаў і будзем прыступаць да рэалізацыі праекта.
– Чым яшчэ абяцае быць прыкметным сёлетні год?

– 2016-ы год у культурным календары адзначаны шэрагам значных юбілеяў і культурных падзей. Будзем адзначаць юбілеі Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Уладзіміра Мулявіна і нават Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, якому сёлета ўжо 25 год. Планаў шмат, усе іх раскрываць не буду, назаву самыя прыкметныя. Гэта свята гумару “Смеху жыватворная сіла”, конкурс чытальнікаў і выканаўцаў песень на вершы М. Багдановіча, сацыякультурны праект “Фестываль дзвюх рэк” з конкурсам вакальна-інструментальных ансамбляў. Будзем святкаваць 50-годдзе Докшыцкай ДШМ, у час якога яна магчыма атрымае імя Нестара Сакалоўскага. Плануем браць удзел у Міжнародным фестывалі “СПОЧАН”, у конкурсе духавой музыкі “Віват, аркестр – 2016” у межах “Славянскага базару”.

Гэтыя і іншыя мерапрыемствы накіраваны на выхаванне праз культурную спадчыну любві да сваёй Айчыны, развіццё народных традыцый, падтрымку творчых ініцыятыў. Хацелася б, каб кожны жыхар раёна стаў актыўным удзельнікам яго культурнага жыцця.

Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: выступае вакальны калектыў “Славяне”.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *