Шоу-программа «Влюблённые сердца» прошла в Докшицах (+фото)

IMG_3567Шоу-праграма, якая прайшла ў Дзень закаханых у ККЗ “Іскра”, была прасякнута дабрынёй, цеплынёй, пяшчотай і, галоўнае, любоўю. Увагу прыцягвала прыгожа і ўтульна аформленая сцэна. Шчырымі ўсмешкамі і трапнымі жартамі падтрымлівалі атмасферу свята вядучыя вечара: чароўная Марына Чабан і галантны Сяргей Шчалкуноў. Праграму распачало выступленне маленькіх выхаванцаў Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Галоўнай інтрыгай мерапрыемства стала знаёмства гледачоў з парамі, гісторыі кахання якіх былі цікавымі і незвычайнымі.

Ганна і Уладзіслаў Трашчанкі ў шлюбе жывуць толькі месяц. Пазнаёміліся яны на раённым злёце маладых спецыялістаў. Праз два тыдні старшы лейтэнант Трашчанка зрабіў дзяўчыне прапанову рукі і сэрца. Ганна не стала правяраць пачуцці часам і адразу згадзілася. На пытанне вядучых пра сакрэт сямейнага шчасця, маладыя муж і жонка адказалі, што яны ўпэўнены, што менавіта каханне зможа дапамагчы пераадолець усе перашкоды.

Наступная гісторыя пра ўладальніка тытулу “Містар-Докшыцы-2015” Міхаіла Яловіка і яго маладую жонку Вольгу. У адрозненне ад першай пары, Яловікі да рэгістрацыі шлюбу сябравалі пяць гадоў. А потым напярэдадні каталіцкіх Каляд хлопец набыў шакаладнае яйка “Кіндэр-сюрпрыз”, акуратненька развярнуў абгортку, разрэзаў яйка і ў кантэйнер замест цацкі паклаў пярсцёнак. Потым усё зноў сабраў і падарыў дзяўчыне. Раскрыць цукерку прапанаваў на службе ў касцёле. Сёлета яны святкуюць паўтара года сумеснага жыцця, і як адзначыла Вольга, Міхаіл пастаянна здзіўляе яе сваімі арыгінальнымі сюрпрызамі. Яна ж, у адказ за такія прыемныя моманты, стараецца быць з ім “на адной хвалі” – падтрымлівае яго інтарэсы і звычкі, дапамагае рэалізоўваць планы і задумы.

Рубінавае вяселле адзначаюць сёлета Валянціна і Фёдар Малюжанцы. Іх першае знаёмства адбылося на аўтобусным прыпынку. Менавіта сюды прыйшлося неспадзявана вярнуцца Фёдару Васільевічу за забытым там веласіпедам. Убачыў малады хлопец чарнявую прыгажуню, якая чакала аўтобус, і не змог прамінуць магчымасці пазнаёміцца. І па сённяшні дзень захоўвае сямейная пара цёплыя пачуцці кахання, узаемапаразумення і павагі, якім у іх вучацца трое дзяцей і сямёра ўнукаў. Прыемным падарункам для гледачоў стала песня ў выкананні некалі вядомай спявачкі Валянціны Малюжанец, якая шмат гадоў працавала дырэктарам Таргуноўскага СДК.

Кожная пара атрымала ў падарунак сімвал Дня закаханых – валянцінку.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *