Именно на родине нашла свое место и занятие по душе главный экономист ОАО «Бегомльское» Дарья Шилова
Люблю і гатова вучыцца. Такую сціплую характарыстыку дала сабе галоўны эканаміст ААТ “Бягомльскае” Дар’я Шылава. Між тым за гэтай кароткай фразай дастойныя вынікі работы ў розных прафесіях, аўтарытэт і павага ў калектыве, выдатная самарэалізацыя як спецыяліста і, безумоўна, пазітыўнае светаўспрыманне, якім звычайна надзелены людзі з няспыннай цягай да пазнання новага.
Дар’я пасля школы закончыла Мінскі дзяржаўны гандлёвы каледж і пачынала працоўны шлях прадаўцом у сталічным універсаме “Віцебскі”. Мінула зусім няшмат часу, і маладая жанчына стала загадчыкам гэтай крамы. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Камерцыйная дзейнасць”. Здавалася б, усё складваецца як найлепш, але ў маладой сям’і падрастала ўжо дзіця, а перспектывы абзавесціся жыллём не было ніякай. Вярнуліся з мужам у 2019-м на радзіму, дзе і работа абаім знайшлася, і арэндную кватэру ад сельгаспрадпрыемства Дар’я Уладзіміраўна атрымала.
У “Бягомльскае” яна прыйшла на пасаду сакратара, а ўжо праз год стала галоўным эканамістам. Перабудавацца на новы кірунак дзейнасці, адзначае, было як складана, так і цікава. Прываблівае ў сённяшняй пасадзе аналітыка: калі кантроль за рознага роду дакументамі, разлік расцэнак на работы, распрацоўка мер па зніжэнні выдаткаў, аналіз фактычных і планавых выдаткаў з’яўляюцца справамі, скажам так, руціннымі, то гэтак ні ў якай меры не ахарактарызуеш пошук шляхоў паляпшэння фінансавага становішча сельгаспрадпрыемства, распрацоўку мерапрыемстваў па павышэнні прадукцыйнасці працы, паляпшэнні якасці прадукцыі, павышэнні рэнтабельнасці.
Самае складанае сёння для маладога галоўнага эканаміста – распрацоўка бізнес-плана на год з абавязковым улікам інвестыцыйных праектаў. Нядаўна завершана праца над праектам новага малочнатаварнага комплексу – яго будаўніцтва пачнецца ў хуткім часе.
– Можна выдыхнуць з палёгкай і адначасова з радасцю і гонарам: справа зроблена, – дзеліцца Дар’я Уладзіміраўна, якая, дарэчы, не спыняецца ў сваім развіцці. Так, закончыла курсы і выконвае яшчэ ў дадатак да асноўных абавязкі спецыяліста рынка каштоўных папер, а ў тым жа БДЭУ атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “юрыст”.
– Не сакрэт, што, каб дасягаць поспехаў у працы, імкнуцца да ведаў, “гарэць” на рабоце, чалавеку патрэбны надзейны тыл у плане сям’і, падтрымка кіраўніцтва, спрыяльны мікраклімат у калектыве, – падводзіць рысу пад сваімі перакананнямі суразмоўца. – На вялікае шчасце, усё гэта ў мяне ёсць. З радасцю спяшаюся пасля работы дадому да маіх раднулек. Маю заўсёдную падтрымку і параду ад дырэктара нашай гаспадаркі Аляксандра Веньямінавіча Навіцкага, спецыялістаў. Мае калегі – цудоўныя людзі, з якімі і прыемна, і карысна мець зносіны. Шчаслівая, што знайшла сваё месца менавіта на радзіме, што займаюся тым, да чаго ляжыць душа.
Калі зайшла размова пра захапленні ў вольны час, выявілася, што яны дакладна адпавядаюць дапытлівай натуры Дар’і Шылавай. Гэта чытанне і падарожжы, па Беларусі і за яе межы, з сям’ёй ці сяброўкамі-калегамі. Кажа напаследак, што ўвесь зямны шар аб’ехала б, каб была магчымасць. А што датычыцца асваення яшчэ якой-небудзь прафесіі, то чаму б і не?
Верыцца, што многае Дар’і Уладзіміраўне ўдасца ажыццявіць, бо яна дакладна з той кагорты людзей, якія перад чарговай прыступкай у сваім развіцці шукаюць не адгаворкі – “немагчыма”, “цяжка”, “а навошта гэта мне?”, а спосабы на тую прыступку ўзняцца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

