Удача улыбнулась Алексею Васильеву из Докшицкого района

IMG_2793Сёння многія старшакласнікі ўпэўнены, што галоўнае – атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі, а якая спецыяльнасць у ім будзе ўказана – не прынцыпова. А ёсць і такія, для каго абраная аднойчы прафесія з’яўляецца не толькі любімай справай, а нават сэнсам жыцця.

Тыя прафесіі, дзе трэба насіць форму, заўсёды вабілі не толькі хлопцаў, але і дзяўчат. Ну хто са слабай паловы чалавецтва хоць раз у думках не прымяраў на сябе, напрыклад, форму бортправадніцы ці супрацоўніка міліцыі? Але адна справа марыць, а другая — здзейсніць сваё жаданне. Сярод тых шчасліўчыкаў, якім удалося гэта зрабіць, — Аляксей Васільеў (на здымку).

Сям’я, у якой нарадзіўся хлопец, жыла ў Казахстане, у невялікім пасёлку Вялікі-Чаган. Там Аляксей і пайшоў у школу, але ўжо гадоў праз пяць бацькі прынялі рашэнне пераехаць у Беларусь. Купілі дом у Порплішчы, абжыліся, завялі немалую хатнюю гаспадарку і зараз гадуюць коз, авечак, свіней і розную птушку.
Дзяцей Васільевых гасцінна прыняла Парплішчанская сярэдняя школа: тут працягнулі вучобу Аляксей і яго малодшы брат Даніла, якія адразу зарэкамендавалі сябе стараннымі вучнямі.
Ішоў год за годам – і перад Аляксеем паўстаў выбар, куды пайсці вучыцца. Спачатку думаў пра ваенную акадэмію. Але неяк бацька абмовіўся: “Паспрабуй, сын, у інстытут МНС, будзеш пажарным. Чым табе не мужчынская прафесія?”

– Я пагадзіўся, бо заўсёды хацеў насіць форму і мець афіцэрскую выпраўку, – дзеліцца Аляксей. – Пасля гэтага стаў карпатліва рыхтавацца да паступлення ў Гомельскі інжынерны інстытут МНС, асаблівую ўвагу надаваў фізкультуры.

Старанні не прайшлі дарма. Сярэдні бал атэстата пасля заканчэння школы ў Аляксея склаў 9,7. Хлопец паспяхова вытрымаў іспыты і быў залічаны на інжынерны факультэт.
– Безумоўна, я вельмі рады, што ўдалося паступіць на бюджэтную форму навучання, – гаворыць Аляксей. – Удзячны бацькам, якія заўсёды падтрымліваюць мяне. Тата днямі быў на працы, бо стараўся зарабляць грошы для сям’і, а мама больш увагі ўдзяляла выхаванню – змагла прывучыць нас, дзяцей, да чысціні і парадку, трымала ў строгасці.

– З першых дзён склаліся добразычлівыя адносіны як з курсантамі, так і з выкладчыкамі, – расказвае хлопец. – У інстытуце цікава, з дысцыплін, якія вывучаем, асабліва падабаецца інжынерная графіка. Найважнейшым стымулам добра вучыцца з’яўляецца стыпендыя, якую атрымліваюць бюджэтнікі. Да прыкладу, у мяне яна складае больш за 1,5 млн рублёў.
Увесь вольны ад заняткаў час прысвячаю спорту: люблю бег, зімою – лыжы, бо будучая прафесія патрабуе добрай фізічнай формы. Пастаянна ўдзельнічаю ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах.

– За плячыма ўжо першая сесія, – працягвае Аляксей. – Зараз знаходжуся на канікулах. Як толькі прыязджаю ў Порплішча, абавязкова наведваю школу: там засталося шмат сяброў і настаўнікаў, якія далі мне, калі можна так сказаць, пуцёўку ў дарослае жыццё. Гэта дырэктар Аксана Палачаніна, класны кіраўнік Жанна Лаўцэвіч і настаўнік фізкультуры Таццяна Адзінцова. Збіраемся і гутарым, чым сёння жыве школа, я расказваю пра сваю вучобу.

Дарэчы, малодшы брат Аляксея, Даніла, вучыцца ў шостым класе і ўжо зараз раўняецца на яго – збіраецца таксама стаць пажарным. Няхай мара хлапчука здзейсніцца, а на той час, магчыма, Аляксей Васільеў ужо будзе служыць у раённым аддзеле МНС.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *