Ветерана Валентина Якушевского чествовали в Докшицком районе

IMG_4676У чацвер у Бягомльскай дапаможнай школе інтэрнаце ладзілася надзвычай цёплае мерапрыемства. Справа ў тым, што ў гэты дзень 90-гадовы юбілей адзначаў Валянцін Якушэўскі – асоба значная і вядомая ў нашым раёне.

Валянцін Іванавіч – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які біў ворага ў партызанскім атрадзе, а ў 1944-м пайшоў на фронт. Як сведкі таго гераічнага мінулага блішчаць на яго грудзях узнагароды: ордэн Айчыннай вайны І cтупені, медалі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”.

У нялёгкія пасляваенныя гады вясковы хлопец з Мсціслаўшчыны апантана прагнуў вучыцца. У 1953-м годзе ён ажыццявіў гэтую мару – закончыў БДУ, вышэйшую навучальную ўстанову, якая была і застаецца галоўнай у рэспубліцы. Працаваў дырэктарам Асаўской школы, загадчыкам Бягомльскага райана, намеснікам старшыні райвыканкама. Аднак найбольш значныя гады яго біяграфіі звязаны з Бягомльскай школай-інтэрнатам, якую ўзначаліў у 1960-м і кіраваў ёй 26 гадоў. Пасля выхаду на пенсію Валянцін Якушэўскі не развітаўся з настаўніцкай дзейнасцю – яшчэ сем гадоў выкладаў гісторыю. Прафесійна, годна, высакародна нёс місію настаўніка ўсё жыццё. Узнагароджаны знакамі “Выдатнік народнай асветы”, “Выдатнік асветы СССР”.

Але лепш за афіцыйную біяграфію пра чалавека могуць сказаць тыя, хто ведаў яго асабіста. Цёплыя словы ў адрас юбіляра гучалі на ўрачыстасці ад калег і гасцей.

Старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая шчыра зычыла здароўя і з падзякай за вялікую патрыятычную работу ўручыла юбіляру Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта. Старшыня раённай арганізацыі аб’яднання ветэранаў Іосіф Падрэз прыкмеціў, што прозвішча Якушэўскага вядома не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Іосіф Іванавіч прывёў асобу Якушэўскага ў прыклад маладому пакаленню: у паважаным узросце ён вядзе актыўнае грамадскае жыццё і знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Ні адзін дзень ветэрана і настаўніка не абыходзіцца без пяцікіламетровай прагулкі пешшу.

Сённяшнія калегі — а гэта начальнік райаддзела адукацыі, спорту і турызму Дзмітрый Парцянка, дырэктар школы-інтэрната Валерый Міхайлоўскі — таксама не прамінулі магчымасці звярнуцца да юбіляра і падзякаваць за тое, што ён ахвотна адгукаецца на ўсе прапановы і бярэ ўдзел у мерапрыемствах як выступоўца.

Замілавана прагучалі словы Тамары Забалоцкай і іншых настаўнікаў, якія свае першыя крокі ў прафесію рабілі пад крылом В.І. Якушэўскага.

Вучні Бягомльскай сярэдняй школы павіншавалі юбіляра цудоўнымі песнямі і прыпаднеслі яму падарункі.

Напрыканцы сустрэчы Валянцін Іванавіч, звяртаючыся да ўсіх, хто арганізаваў імпрэзу, ёмка сказаў: “Малайцы, дзякуй вам вялікі!” Адчувалася, што ён расчулены ўвагай і ганарыцца сваімі калегамі і пераемнікамі.

Моцнага здароўя вам, вялікі Чалавек!

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *