В школах Докшицкого района прошли вечера встреч выпускников

Зноў сталі шкалярамі

IMG_4998Ні тысячы кіламетраў, ні розныя жыццёвыя сітуацыі, ні зіма на календары не спыняюць былых шкаляроў, якія спяшаюцца на вечарыны, што традыцыйна ладзяцца ў школах у першую суботу лютага. Вось і ў СШ № 1 г. Докшыцы галасісты званок зноў сабраў разам былых выпускнікоў. Адметнасцю мерапрыемства стала сустрэча аднакласнікаў, якія скончылі школу ў далёкім 1966 годзе (на здымку). Праз 50 год захавалі яны сяброўскія адносіны, памяць пра тыя бестурботныя гады, павагу і любоў да настаўнікаў.
Кожны выпускнік школы на ўручэнні атэстата атрымлівае дамашняе заданне – быць шчаслівым, паспяховым, мудрым, добрым, прыстойным. Адказваць да імправізаванай класнай дошкі выклікалі некалькіх былых вучняў. Анатоль Міцько з Бягомля, які скончыў школу ў 1966 годзе, расказаў, як разам з аднакласнікамі ўдзельнічаў у конкурсах мастацкай самадзейнасці, за перамогу ў якіх можна было трапіць у сталічны цырк. Пра свае мары 45-гадовай даўнасці ўзгадаў сын настаўніка фізікі Рамана Собаля Валерый, які стаў вучоным-фізікам. Словы падзякі ўсім настаўнікам, і асабліва легендарнаму дырэктару школы тых часоў Уладзіміру Парулю, выказаў выпускнік 1976 года Уладзімір Ходаль. Пра школьныя хітрыкі ўспаміналі выпускнікі 1986 года Віктар Гулевіч і Аляксандр Лабынька, які прыехаў з далёкай Камчаткі. Аляксандр і сёння памятае верш, што чытаў на выпускным вечары 30 гадоў таму. Не абышлося і без пажаданняў будучым выпускнікам, якія агучыў выпускнік 2006 года Мікіта Гарбачоў.

Тое, што дамашняе заданне ўсе выканалі на “дзясятку”, пацвердзіў былы дырэктар школы Уладзімір Арцімёнак.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Хатняя атмасфера… і адна класная на дваіх

Спявае Аляксандра Косцік.

Спявае Аляксандра Косцік.

У зале аншлаг.

У зале аншлаг.

У актавай зале Бягомльскай сярэдняй школы 6 лютага не было свабодных месцаў. Прыйсці на святочную імпрэзу вырашылі не толькі выпускнікі 5, 10, 15, 20, 25, 30, 35 і 40-гадовай мінуўшчыны, але і тыя, для каго 2016 год – не юбілейная дата.

Школа прывітала выпускнікоў пад настальгічныя кампазіцыі ў выкананні тых, хто набывае веды зараз. Пры гэтым многія з іх дзеці і ўнукі першых. Нікога не пакінулі абыякавымі і вакальныя падарункі былых школьных вучняў: прыгажуні і разумніцы Аляксандры Косцік, мужных і таленавітых Мікалая Гушчына і Сяргея Дубко.

Шмат адметнага пра кожнага са сваіх выпускнікоў у вершах і прозай сказала класны кіраўнік выпуску 1996 года Марыя Васюковіч. А яны, у сваю чаргу, павіншавалі настаўніцу з надыходзячым юбілеем.

Былі ў гэты дзень у сценах школы як гумар, так і сур’ёзныя ноткі. На свята завітаў чытальнік думак, на сцэну запрашаліся прадстаўнікі розных выпускаў для ўдзелу ў жартоўных інтэрмедыях. Праўда, потым яны бралі слова, згадвалі прозвішчы сваіх настаўнікаў, некаторыя з якіх ужо пайшлі з жыцця. Па зале каціўся пошум адабрэння, многія выціралі хусцінкамі слёзы. У мінулае іх вярталі і кадры школьнай фотахронікі.

Вечар атрымаўся вельмі душэўным, па-хатняму цёплым. Гэту выснову падмацоўвалі многія.

Генадзь Трахінін, выпускнік 1981 года.

– Бягомльскую школу заканчвалі я, жонка, абодва сыны. І мы ганарымся гэтым. Настаўнікі далі добрыя веды, у астатнім у жыцці трэба спадзявацца на ўласныя сілы. Сёння сустрэў аднакласнікаў і нашу паралель, адчуванне, быццам маладосць нікуды не зыходзіла. Вельмі рады, што разам з намі ў гэты вечар класны кіраўнік – Валянціна Фёдараўна Ставер.
Клаўдзія Свірко, выпускніца 1976 года.

– Стараюся не мінаць юбілейныя вечары сустрэчы. У нашай сям’і ў сувязі з гэтым увогуле цікавае супадзенне. Маёй класнай была Валянціна Ігнатаўна Зямчонак. А праз дваццаць гадоў яна ж выпусціла ў дарослае жыццё клас майго сына Аляксандра. Так што сёння ў мяне 40-гадовы юбілей, ў яго 20-ці і…адна класная на дваіх.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

«Гартаючы школьнага юнацтва альбом» —

Здымак 1

Здымак 1

Здымак 2

Здымак 2

пад такой назвай і з такім светла-настальгічным настроем прайшоў вечар сустрэчы з выпускнікамі ў Валкалацкай сярэдняй школе. Тры гадзіны доўжылася ўрачыстая частка, але, няма сумненняў, і вучням, і настаўнікам, і выпускнікам гэтых гадзін было мала, каб наглядзецца, наспявацца, пераварушыць у памяці згадкі пра шчаслівыя школьныя гады. Кветкі, падарункі, словы ўдзячнасці, жарты, нумары канцэртнай праграмы – гэта не навацыйнае, паўтараецца з году ў год, але ніколі не надакучвае, як не надакучваюць усе добрыя традыцыі. Калектыў школы і выпускнікі – ад мінулагодніх да выпуску 40-гадовай даўнасці – сталі падчас сустрэчы адзінай дружнай сям’ёй.

Арганізатар вечара настаўніца Яніна Шылько разам з вучнямі-старшакласнікамі правяла велізарную работу па падрыхтоўцы мерапрыемства, успаміны пра якое яшчэ доўга будуць саграваць душы ўдзельнікаў. Не засталіся ўбаку і выпускнікі: і вершы дэкламавалі, і песні спявалі, і ў пастаноўках прымалі ўдзел. Прыемна было бачыць на вечары ранейшых дырэктараў установы М.Ф. Курдзека і Н.П. Падляшчук, настаўніц, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё школе, – З.М. Мацюшонак, Ю.І. Кімстач, Л.Б. Шчалкунову. Шквал апладысментаў выклікалі выступленні выпускніц Вольгі Янковіч, Вікторыі Кімстач, Юліі Шчаснай, Маргарыты Шылько, не кажучы ўжо пра школьны альбом, які “гартаўся” на мультымедыйнай устаноўцы. Вучні ж 10 і 11 класа, а таксама іх памочнікі сямікласнікі, як заўсёды, бліснулі ўсімі гранямі сваіх талентаў. Свята атрымалася!

Алена НЕСЦЯРОНАК.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Смешныя моманты са школьнага жыцця заўсёды выклікаюць інтарэс у гледачоў. 2. Кожная свечачка ў руках вучняў запалена ў памяць пра настаўніка, якога ўжо няма з намі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *