Интервью с начальником отдела ЖКХ Докшицкого райисполкома Вадимом Костюком
Менш чым тры месяцы застаецца да спынення прыватызацыі жылля. Але па-ранейшаму з гэтым пытаннем часцей за ўсё звяртаюцца грамадзяне, прыходзячы на асабістыя прыёмы да дэпутатаў, тэлефануючы на “прамыя лініі”.
Калі заканчваецца тэрмін прыватызацыі жылых памяшканняў і куды трэба звяртацца з заявай аб тым, каб займець жыллё ва ўласнасць, – у інтэрв’ю з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вадзімам Касцюком (на здымку).
– Вадзім Алегавіч, якімі будуць вашы рэкамендацыі тым, хто толькі нядаўна “прачнуўся” і жадае прыватызаваць сваё жыллё?
– Сапраўды, часу засталося зусім мала, таму настойліва рэкамендую не зацягваць і заняцца гэтай справай.
Да 1 ліпеня 2016 года наймальнік, паўналетнія члены яго сям’і, а таксама іншыя грамадзяне, за якімі ў адпаведнасці з заканадаўствам захоўваецца аднолькавае з наймальнікам права валодання і карыстання гэтым жылым памяшканнем, маюць права звярнуцца з заявай аб прыватызацыі займаемых жылых памяшканняў. Заява аб прыватызацыі жылых памяшканняў, у якіх пражываюць без паўналетніх членаў сям’і дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апякунства бацькоў, ва ўзросце да 14-і гадоў, падаецца апекуном, прыёмнымі бацькамі прыёмнай сям’і, бацькамі-выхавацелямі дзіцячага дома сямейнага тыпу з папярэдняй згоды органаў апекі і апякунства альбо па ініцыятыве ўказаных органаў. Для прыватызацыі жылля, якое знаходзіцца на балансе камунгаса, звяртацца можна ў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” па адрасе: г. Докшыцы, вул. Гайдара, 64. Па тэлефонах 2-25-17, 2-10-32 вас пракансультуюць спецыялісты.
Да заявы прыкладваюцца дакументы, пералік якіх вам падкажуць у арганізацыі. Пры гэтым трэба адзначыць, што грамадзяне не павінны мець запазычанасці па аплаце за камунальныя паслугі. Рашэнне прымаецца на працягу месяца з дня падачы заявы. Будзе вызначаны ацэначны кошт жылога памяшкання. Аплату можна ажыццяўляць у растэрміноўку да сарака гадоў пры ўмове ўнясення на працягу года першапачатковага ўзносу ў памеры не менш чым дзесяць працэнтаў астаткавага кошту гэтага жылога памяшкання.
– Часта людзі бываюць не згодны з ацэнкай іх жылога памяшкання, дакладней кажучы, лічаць суму занадта высокай…
– Трэба разумець, што ёсць адзіны парадак вызначэння кошту жылых памяшканняў, якія належаць прыватызацыі. Ён устаноўлены Палажэннем, зацверджаным пастанаўленнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.05.2013 г. № 421. Калі ж грамадзянін не згодны з ацэначным коштам свайго жылля, які ўстаноўлены актамі жыллёвага заканадаўства, ён можа да прыняцця рашэння аб прыватызацыі, а таксама ў перыяд яго дзеяння, калі дагавор куплі-продажу гэтага памяшкання натарыяльна не засведчаны, звярнуцца з просьбай правесці незалежную ацэнку рыначнага кошту жылога памяшкання да юрыдычных асоб на платнай аснове. Толькі, як паказвае практыка, сума можа паменшыцца, а можа і значна ўзрасці.
– Што чакае тых грамадзян, якія да 1 ліпеня бягучага года не прыватызуюць сваё жыллё?
– Па-першае, іх жылыя памяшканні будуць пераведзены ў арэндныя, так сказаць, набудуць камерцыйны статус. Акрамя штомесячнай аплаты за камунальныя паслугі, людзям прыйдзецца плаціць дадаткова за статутнасць арэнднага жылля, якая будзе залежаць ад плошчы жылля, камунальных выгод, колькасці пражываючых і іншага.
– Вадзім Алегавіч, якое жыллё не можа быць прыватызаваным, нягледзячы нават на жаданне самога грамадзяніна зрабіць гэта?
– На сённяшні дзень не падлягаюць прыватызацыі жылыя памяшканні сацыяльнага і камерцыйнага карыстання, а таксама памяшканні інтэрнацкага тыпу.
Пытанні задавала
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.
Па стане на 1 студзеня 2016 года ў нашым раёне налічваецца 194 арэндныя (камерцыйныя) жылыя памяшканні агульнай плошчай 12288 кв. м. Гэта – 136 кватэр і 58 дамоў. Колькасць чалавек, якія ў іх пражываюць, – 495.
На сённяшні дзень маюць магчымасць быць прыватызаванымі 989 жылых памяшканняў агульнай плошчай 66780 кв. м. з колькасцю пражываючых – 3392 чалавекі.