«Копи-центр» открылся в Докшицах

IMG_5828Шырокі асартымент канцылярскіх тавараў прапануе пакупнікам “Копи-центр”, які нядаўна адкрыўся ў Докшыцах па вуліцы Ленінскай, 24 (Дом быту, трэці паверх). Набыць неабходнае пакупнікоў запрашаюць кожны дзень з 9.00 да 18.00, перапынак: з 13.00 да 14.00. У выхадныя дні: з 9.00 да 15.00.

Мець сваю ўласную справу, каб аказваць запатрабаваныя ў наш час паслугі насельніцтву, Наталля Уліцкая марыла даўно. Задуманае ж удалося ажыццявіць у пачатку гэтага года. Індывідуальны прадпрымальнік арандавала памяшканне для свайго цэнтра, дзе за кошт асабістых сродкаў быў праведзены рамонт. Справа заставалася за малым – устанавіць сучаснае абсталяванне і запоўніць паліцы прадукцыяй. Чаму менавіта канцылярскай? Па словах Наталлі Віктараўны, яна карыстаецца вялікім попытам у школьнікаў і настаўнікаў, без яе не абыходзіцца сёння ніводная арганізацыя і прадпрыемства. Тым больш, што ў райцэнтры не так шмат спецыялізаваных крам, якія б змаглі задаволіць патрэбы разнастайным асартыментам канцылярскіх паслуг.

З адкрыццём “Копи-Центра” было створана і новае працоўнае месца, заняць яго Наталля прапанавала Ганне Дземідовіч: менеджара па рабоце з кліентамі яна знайшла ў службе занятасці.

Многія пакупнікі, якія з нядаўняга часу сталі ўсё часцей наведваць новы гандлёвы аб’ект, адзначылі для сябе, што цэны на тавар тут даволі прымальныя, а шырокі спектр паслуг адпавядае сучасным патрабаванням.

Што ж прапануе сёння “Копи-центр”?

Адпраўка факса, чорна-белае і каляровае ксеракапіраванне, сканіраванне, ламініраванне пропускаў, праязных, пасведчанняў любых фарматаў, перапляценне дакументаў на пластыкавую спружыну, уключаючы фармат А3, раздрукоўка фотаздымкаў з любых носьбітаў, нават з сацыяльных сетак – гэта той невялікі пералік таго, што вы тут знойдзеце.
Прымаюцца таксама заяўкі кліентаў на выраб бланкаў, журналаў любых формаў і найменняў. Калі ўзнікае, напрыклад, патрэба заправіць лазерны картрыдж – калі ласка, такая паслуга будзе каштаваць 150 тысяч рублёў.

У цэнтры прадстаўлены школьныя прыналежнасці, асартымент якіх да новага навучальнага года яшчэ больш пашырыцца.

У наяўнасці ёсць таксама магнітныя дошкі, замкі для ноутбукаў, офісная папера, аформленыя дыпломы і граматы і многае іншае. Для пакупнікоў прадугледжаны зручны разлік за набытыя тавары: ён можа быць як наяўны, так і безнаяўны.

Як адзначыла Наталля Уліцкая, цэнтр працуе напрамую з пастаўшчыкамі, зыходзячы з попыту і прапаноў пакупніка, закупляе прадукцыю не толькі ў імпарцёраў, але і ў айчынных вытворцаў, заводаў-вытворцаў, якія выпускаюць уласную прадукцыю.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: менеджар па рабоце з кліентамі Ганна Дземідовіч кансультуе пакупніка.
Фота аўтара.
УНП 391077574.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *