Инспектор из Докшиц «обстреляла» соперниц
Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, старшы лейтэнант Наталля Станкевіч прывезла медаль пераможцы з абласнога чэмпіянату ўпраўлення ўнутраных спраў па стральбе з табельнай зброі.
Акрамя прадстаўнікоў моцнай паловы, удзел у спаборніцтвах, якія прайшлі ў Полацку, бралі 30 жанчын з падраздзяленняў упраўлення ўнутраных спраў. Напачатку Наталля трапіла ў дзясятку мацнейшых і ўжо гэта палічыла выдатным вынікам. Перамога для дзяўчыны стала сапраўднай нечаканасцю. На яе думку, лепшымі складнікамі поспеху сталі адсутнасць хвалявання і ўпэўненасць у добрым выніку.
Са спортам Наталля Станкевіч сябруе са школьных гадоў. Праўда, не прызнае фанатызму ў гэтай справе, ды і службовыя абавязкі не заўсёды дазваляюць выдзяляць для спартыўных заняткаў шмат часу. Аднак інспектар стараецца ў вольны час бегаць, ездзіць на веласіпедзе, каб падтрымліваць годную форму пры здачы спартыўных нарматываў, якія з’яўляюцца абавязковымі для міліцыянераў.
Дарэчы, прафесію дзяўчына выбірала не спантанна. Ураджэнка Параф’янава яшчэ школьніцай марыла менавіта пра службу. Родныя спрабавалі адгаварыць, прапаноўвалі іншыя варыянты, толькі Наталля цвёрда настаяла на сваім і дзіцячую мару ўвасобіла ў жыццё. Служба для жанчын, трэба сказаць, шлях няпросты. І той, хто ступіў на гэту сцяжынку, здолеў не збочыць з яе – годны звацца сапраўдным.
Тэкст і фота Наталлі НАВІЦКАЙ.