Реализацию Государственной программы «Здоровье нации» обсудили в Докшицком райисполкоме
Адбылося адрытае пасяджэнне райвыканкама пад кіраўніцтвам яго старшыні Сяргея Абіралы з удзелам міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Кірыла Залескага і галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі і медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Вольгі Навумчык.
У абмеркаванні пытанняў, вынесеных на разгляд, ключавой стала тэма здароўя нацыі як паказчыка дабрабыту грамадства і яго ўстойлівага развіцця. Пра тое, якія меры прымаюцца па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Здароўе нацыі” на 2026 – 2030 гады, у сваёй справаздачы паведаміла галоўны ўрач Докшыцкай ЦРБ Вераніка Рамановіч.
– Рэалізацыя мерапрыемстваў праграмы накіравана на павелічэнне працягласці жыцця да 76,5 гадоў і зніжэнне агульнага каэфіцыента смяротнасці насельніцтва да 11,5 праміле да 2030 года, – адзначыла Вераніка Аляксандраўна. – Адным з найбольш актуальных выклікаў сучаснасці з’яўляецца барацьба з неінфекцыйнымі захворваннямі, фактарамі рызыкі якіх з’яўляюцца курэнне, ужыванне алкаголю, гіпадынамія, незбалансаванае харчаванне, атлусценне, псіхаэмацыянальныя стрэсы, а таксама недастатковасць матывацыі да захавання здаровага ладу жыцця. На бліжэйшыя пяць гадоў распрацаваны новыя праекты, сярод якіх “Артэрыяльны ціск пад кантролем”, “Здаровае будучае без цукровага дыябету”, “Прафілактыка і ранняя дыягностыка раку”, а таксама мерапрыемствы па прафілактыцы суіцыдаў.
Важнейшым складальнікам дзяржаўнай палітыкі па зберажэнні здароўя нацыі з’яўляецца забеспячэнне даступнасці медыцынскай дапамогі. Так, за тры месяцы 2026 года абласныя спецыялісты ажыццявілі чатыры выезды, пры гэтым абследавалі 224 пацыентаў, раённыя медыкі зрабілі 11 выездаў і абследавалі 287 чалавек. Праведзена 46 тэлемедыцынскіх кансультацый.
Не менш актуальная тэма – інфекцыйныя захворванні. На сённяшні дзень прадугледжана вакцынацыя супраць 13 інфекцый. У 2024 годзе Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак быў дапоўнены вакцынацыяй супраць віруса папіломы чалавека дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў. Пашыраны кантынгент насельніцтва, які належыць вакцынацыі супраць пнеўмакокавай інфекцыі, таксама ўведзена бустэрная вакцынацыя дзяцей ва ўзросце да шасці гадоў супраць коклюшнай інфекцыі.
У справаздачы галоўны ўрач акцэнтавала ўвагу на развіцці функцыянальных магчымасцей цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя. У прыватнасці было адзначана, што сістэма дазволіць павысіць эфектыўнасць аказання медыцынскай дапамогі за кошт укаранення ў паліклініцы інавацыйных тэхналогій, скараціць час на агляд пацыента шляхам аўтаматызацыі працэсаў збору анамнезу, пастаноўкі дыягназу і назначэння лячэння. Так, з пачатку года па сродках новай сістэмы было адпраўлена
15 225 пакетаў дакументаў даных пацыентаў.
З улікам старэння насельніцтва і павелічэння чакаемай працягласці жыцця актуальнай застаецца праблема цэрэбраваскулярных захворванняў. Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый аховы здароўя – наяўнасць апаратаў камп’ютарнай і магнітна-рэзананснай тамаграфіі – дазволіць ахапіць нейравізуалізацыяй практычна ўсіх пацыентаў з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Далейшае ўкараненне сучасных тэхналогій (тромбалізіс, тромбаэкстракцыя, тромбааспірацыя, стэнтаванне артэрый, якія сілкуюць галаўны мозг) дазволіць знізіць лятальнасць і палепшыць функцыянальныя зыходы.
З пачатку года ў раёне было выяўлена 13 выпадкаў вострага парушэння мазгавога кровазвароту. Доля пацыентаў, якія атрымалі рэперфузіённую тэрапію, склала 21 працэнт.
Галоўны ўрач Вераніка Рамановіч паведаміла, якія меры прымаюцца для павышэння кадравага патэнцыялу. Напрыклад, у калектыўным дагаворы ўстановы прадугледжаны сацыяльныя гарантыі ў падтрымку моладзі. Летась былі выдзелены чатыры арэндныя кватэры. За маладымі спецыялістамі замацоўваюць настаўнікаў з ліку вопытных работнікаў. Тым, хто толькі пачынае свой прафесійны шлях, даецца магчымасць павысіць кваліфікацыю і тым самым рушыць па кар’ернай лесвіцы. Для павышэння заработнай платы супрацоўнікам устанаўліваецца даплата за кантрактную форму найму ў памеры 50 працэнтаў.
Асобна ў справаздачы прагучала тэма дыспансерызацыі, якая праводзіцца ў першую чаргу для ранняга выяўлення хранічных, анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў, якія часта працякаюць бессімптомна.
На пасяджэнні таксама былі заслуханы справаздачы намесніка старшыні райвыканкама Аксаны Палачанінай, начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Таццяны Молчан і намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяны Модаль. Пытанні тычыліся работы з маладымі спецыялістамі і кадравага забеспячэння дзяржарганізацый раёна ў 2025 годзе.
Міністр сувязі інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Кірыл Залескі адзначыў важнасць такога комплексу мерапрыемстваў у паліклініках, як дыспансерызацыя:
– Здароўе кожнага з нас – гэта не пытанне асабістага выбару чалавека, а пытанне эканамічнай бяспекі нашай краіны ў цэлым. Рэгулярныя агляды забяспечваюць ранняе выяўленне фактараў рызыкі, што дазваляе пачаць лячэнне своечасова і захаваць здароўе, павялічваючы працягласць жыцця.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

