В Бегомльском музее народной славы открылась выставка
З 2 жніўня па 4 верасня ў Бягомльскім музеі народнай славы можна наведаць выставу калекцыйна-сувенірнай халоднай зброі “О доблести, о подвиге, о славе”.
Экспазіцыя размешчана на першым паверсе музея ў выставачнай зале. Колькасць экспанатаў перавышае сто адзінак.
Асабістую калекцыю музею прадаставіў калекцыянер з Віцебска Рамазан Махмудаў, які родам з Дагестана, аднак вучыўся і ўжо доўгі час жыве ў Беларусі.
Захапленне энтузіяста Рамазана Магамедавіча, які збіраў і з году ў год беражліва захоўваў зброю, з цягам часу прывяло да стварэння сапраўднай калекцыі.
На выставе экспануецца зброя, прыналежная да розных эпох і народаў, у якіх яна з’яўлялася і з’яўляецца да сённяшняга часу сімвалам статусу мужчыны, адзнакай яго воінскай годнасці і сілы.
На выставе прадстаўлена ўзбраенне Сярэднявечча: мячы, кісцені, алебарды, кінжалы, дагі. Выклікае захапленне халодная зброя ручной работы дагестанскіх майстроў, вырабленая ў розныя часы, у тым ліку і нашымі сучаснікамі.
Шырока экспануецца і самурайская зброя: катана, вакідзасі, танта і інш.
Выстава халоднай зброі калекцыянера падарожнічала па абласных цэнтрах, неаднаразова збірала аматараў у сталіцы. Прыемна, што магчымасць сузіраць халодную веліч зброі як музейнага экспанату ёсць зараз і ў нас.
Таты, калі вы не ведаеце, чым парадаваць сына на канікулах, наведайце Бягомльскі музей. Шкадаваць не прыйдзецца.
Наталля НАВІЦКАЯ.