«Яблочный Спас» отмечали в Докшицком районе
Напярэдадні праваслаўнага свята Праабражэння Гасподняга ў Порплішчах адбылося брэндавае мерапрыемства, якое мела назву “Яблычны Спас”. Менавіта такую тэматыку культработнікі выбралі не выпадкова – галоўнай славутасцю аграгарадка лічыцца Спаса-Праабражэнская царква, якая з’яўляецца самым старажытным храмам у нашым раёне. Пасля вячэрняй службы ў ёй вяскоўцы сабраліся на плошчы ля Дома культуры. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся протаіерэй Віктар Гмір, які расказаў пра гісторыю з’яўлення вялікага свята. Ён нагадаў, што традыцыя не ўжываць яблыкі да Спаса – гэта, у першую чаргу, выхаванне ўстрымання, і параіў за кожны не да пары з’едзены плод зрабіць добрую справу.
На мерапрыемстве былі падведзены вынікі раённага творчага конкурсу “Яблычны вернісаж”, арганізатарамі якога сталі раённае аб’яднанне прафсаюзаў і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Шмат цікавых і смачных на выгляд страў было прадстаўлена ў намінацыі “Яблычны MIX”. Пераможцамі ў ёй абралі кулінарныя вырабы Алены Вайцяховіч (Парплішчанскі сельсавет) і Наталлі Крук (сярэдняя школа). Першае месца дасталася ласункам урачэбнай амбулаторыі. Яблычная тэматыка прысутнічала і ў работах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Яблычныя матывы” і фотаконкурсе “Яблычны сюжэт”. У іх перамаглі Кацярына Ціховіч і Наталля Лычко.
Не толькі конкурсныя работы ўпрыгожвалі на мерапрыемстве плошчу ля СДК: тут можна было палюбавацца творчымі вырабамі мясцовых майстроў, паспрабаваць кулінарныя вынаходствы парплішчанскіх гаспадынь. Цікавыя гульні-навінкі, а таксама лоўлю жывых карасікаў прапанаваў дарослым і дзецям прудніцкі клуб пчаляроў “Залатая пчолка”. Мясцовая бібліятэка арганізавала выставу тэматычнай літаратуры.
А якое ж свята без танцаў і песень! Немагчыма было ўседзець на месцы пад залівістыя пераборы музыкантаў народнага вакальнага ансамбля “Сакавіца”. Не змаўкалі апладысменты падчас выступлення артыстаў з садружнасці праваслаўнай моладзі, якія завіталі на Спасаўскі фэст. Жартоўныя інтэрмедыі, сучасныя харэаграфічныя кампазіцыі, віктарыны і конкурсы, музычныя нумары самадзейных парплішчанскіх артыстаў стваралі святочны настрой і цешылі прысутных да самага вечара.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.