Праздник мёда провели в Прудниках
З даўніх часоў акурат да Мядовага Спаса, які прыпадае на 14 жніўня, бортнікі пачыналі збор мёду. Традыцыйна і зараз у гэты дзень вядзецца асвячэнне мёду, які пойдзе на зімовыя прыпасы.
Пчалярская справа не прымае людзей лянівых і абыякавых. У гэтым кіраўнік клуба “Залатая пчолка”, які дзейнічае пры Прудніцкім СДК, Міхаіл Радзюк упэўніўся за чвэрць века, што займаецца пчалярствам. Пяты год “Залатая пчолка” працуе ў Прудніках, аднак геаграфія яго наведвальнікаў не абмяжоўваецца аграгарадком, а займае, лічы, увесь Бягомльскі сельсавет.
Штогод пасля Мядовага Спаса работнікі мясцовага Дома культуры ладзяць свята мёду.
“Дзякуй табе, мілая пчала”, – так называўся мядовы фэст у Прудніках, які адбыўся ў нядзелю. Свята атрымалася з тым вясковым каларытам, шчырасцю і цеплынёй, якія мы ўсё часцей імкнёмся выкараніць з побыту. Хаця, патрэбна, пэўна, наадварот захоўваць, як нізку пацерак, пакладзеных у куфэрак з самай дарагой спадчынай.
На пляцоўку перад Домам культуры, якую прыбралі ў святочныя вышыванкі, прыйшло пад дзве сотні чалавек.
Жанчыны прыбраліся ў святочныя строі, расквеціўшы галовы хусцінкамі. Маладыя пары прыйшлі разам з дзеткамі, для якіх дадаткова працавалі латарэі, батут, ладзіліся конкурсы на спрыт і хуткасць. Дапамогу ў іх арганізацыі СДК аказвалі члены клуба “Залатая пчолка” Алег Кратовіч і Міхаіл Лапкоўскі з сем’ямі. Мясцовыя гаспадыні Людміла Пярэдня і Соф’я Саладухіна частавалі вяскоўцаў смачным печывам.
Уся канцэртная праграма была тэматычнай. Сваімі спевамі радавалі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Наталля Акуліч, Галіна Паўловіч, Аксана Бярозка, Соф’я Саладухіна, Алена Шульгат і дырэктар СДК Вольга Радзюк-Сідзіна. Шчырыя апладысменты за харэаграфічныя нумары атрымалі юныя таленты Аксана Багрыцэвіч, Света і Ульяна Клопавы, Даша Крысенкова, Аня Акуліч, Паліна Люцко, Маргарыта Бярозка і Віка Чарнуха.
Не менш шчыра прымалі і прыезджых артыстаў: Мікалая Кургея і Святлану Лапцеву з Бярэзінскага клуба-бібліятэкі, а таксама юнага Андрэя Камінскага і Парплішчанскі СДК.
Пчалаводы сын і бацька Павел і Мікалай Анішчыкі з Пруднік, Мікалай Чарвінскі з Вітуніч, а таксама кіраўнік аматарскага клуба на свяце прадставілі вынік свайго хобі – духмяны мядок з разнатраўя і іншыя вытворныя карыснасці бортніцкай справы. Свята завяршылася дэгустацыяй мёду і іншай салодкай смакаты.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.