Лучшую первичку РК ГА БРСМ выбрали в Докшицком районе (+ ФОТО)

img_1807Дзевяць школьных пярвічак РК ГА “БРСМ” сталі ўдзельнікамі раённага этапу конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю “Школьны марафон”, які адбыўся ў мінулыя выхадныя ў СШ № 2 г. Докшыцы. Песні, танцы, музыка, жарты і смех стваралі цудоўны настрой, які падтрымлівала і доўгачаканае веснавое сонца, прамяні якога прабіваліся скрозь вокны і ператвараліся ў прыязныя ўсмешкі. Старт мерапрыемству дала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук.
Першы конкурс – традыцыйнае прывітанне “Знаёмцеся – гэта мы!” Кожная каманда старалася крэатыўна, арыгінальна расказаць пра дзейнасць сваёй пярвічкі. Юнакі і дзяўчаты спявалі, чыталі вершы, танцавалі пад папулярныя моладзевыя хіты. Вучні СШ № 1 г. Докшыцы ў выступленні выкарысталі тэму сёлетняга года навукі – яны стварылі і прадэманстравалі “дружбамабіль”, у які ўмяшчаецца незлічоная колькасць сяброў. Вельмі прыгожым і запамінальным стала выступленне бягомльчан, якія дасканала прадумалі не толькі свае касцюмы, але і афармленне сцэны. Здаецца, уся моладзь у зале спявала разам з крулеўшчынскай камандай перакладзеныя “лабутэны”. З задавальненнем дзяліліся з прысутнымі дабром і цяплом сваіх сэрцаў старшакласнікі СШ № 2 г. Докшыцы (на здымку): гледачы атрымалі ад іх папяровыя сэрцайкі з пажаданнямі.

Сапраўдным сюрпрызам стаў другі конкурс, падчас якога школы прэзентавалі дуэты ў складзе капітанаў каманды і настаўнікаў. У асноўным, канкурсанты выбіралі спевы. Але і тут не абышлося без прыемных нечаканасцей. Удалым нумарам стала выступленне СШ № 2 г. Докшыцы, у якім вакальнае майстэрства настаўніцы Інэсы Багдасаран і дзевяцікласніцы Настассі Лабынька суправаджалася харэаграфічнай замалёўкай васьмікласніцы Веранікі Сіўцэвіч. Усёй залай падпявалі камандзе з Бягомльскай СШ: настаўнік Вадзім Ціханскі і дзесяцікласніца Аліна Анісовіч цудоўна выканалі песню “Кукушка” з рэпертуару Віктара Цоя. Немагчыма было ўсядзець на месцы, калі на сцэне пад узрыўныя гукі рок-н-рола танцавалі настаўнік СШ № 1 г. Докшыцы Аляксандр Зямчонак і адзінаццацікласніца Марыя Павялок.
Напэўна, самым незабыўным стаў трэці конкурс, падчас якога каманды на сцэне прэзентавалі беларускі літаратурны твор у форме розных відаў і жанраў тэатральнага мастацтва. Як жа цяжка прыйшлося журы ацэньваць менавіта гэты іспыт! Прэзентацыі кожнай пярвічкі былі непаўторнымі, арыгінальнымі і цікавымі настолькі, што творы, своеасаблівая рэклама якіх была прадстаўлена, захацелася абавязкова перачытаць. Не стрымаць было слёз, калі вучні Парплішчанскай школы праінсцэніравалі “Цынкавых хлопчыкаў” Святланы Алексіевіч. Аповесць сучаснага аўтара Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер” успомнілі прадстаўнікі Бягомльскай СШ. Вельмі прыемна было пачуць з вуснаў дзяцей і творы нашых землякоў: так, сітцаўская моладзь з задавальненнем чытала вершы паэткі Марыі Ючкавіч, а тумілавіцкая пярвічка прэзентавала кнігу Людмілы Салянка.
– Няма ніякіх сумненняў, што наша моладзь – самая лепшая, выдатная і паспяховая, – падводзячы вынікі конкурсу, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. – Упэўнена, што ўсе, хто прысутнічаў на мерапрыемстве, атрымалі пэўны запал маладосці, бадзёрасці, веры ў сябе і ў тую справу, якой займаюцца.
З невялікім адрывам у балах у пераможцы конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю РК ГА “БРСМ” выйшлі: Парплішчанская СШ – 3 месца, Бягомльская СШ – 2 месца, СШ № 2 г. Докшыцы – 1 месца. Уладальнікі 1-га і 2-га месцаў прадставяць наш раён у наступным туры, які пройдзе ва Ушачах.

Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *