Золотой юбилей свадьбы отметила семья Юхновцов из деревни Юхновка Докшицкого района

Мікалай і Лідзія Юхнаўцы (у цэнтры) з роднымі ў дзень залатога вяселля.

Мікалай і Лідзія Юхнаўцы (у цэнтры) з роднымі ў дзень залатога вяселля.

У пачатку сакавіка паўвекавы юбілей шлюбу адзначылі Лідзія Мікалаеўна і Мікалай Васільевіч Юхнаўцы з Юхнаўкі. У святочны для сям’і дзень у бацькоўскай хаце сабраліся дзеці, унукі і праўнукі, сваякі і суседзі. Лідзія Мікалаеўна, шчырая, актыўная жанчына, вось як згадвае пачатак сямейнага жыцця:
– Я сама з Нябышына, у мамы нас было пяцёра. Як тыды жылі? Бедната наўкол. Як і ўсе пасляваенныя дзеці, думалі, каб хаця было чаго з’есці. Таму працаваць з мамай на ферму пайшла дзеўчынёхай. У шаснаццаць гадоў мела ўжо сваю групу каровак. Рабіла ўсё, што загадаюць. Цягала, лічыце, на сабе сянаж, сілас, запрагала каня… Цяжка жылі, але не жаліліся, як зараз, што нечага там не маем ці не ведаем, з чаго выбраць лепшае. Замуж ішлі рана. Вось і мяне, васямнаццацігадовую, Коля прыкмеціў на нейчым вяселлі і адразу адправіў сватоў. Я яго і не ведала надта: з іншай вёскі, на дзесяць гадоў старэйшы, але замуж пайшла. Пераехалі ў Юхнаўку. Абжываліся самі: у гаспадара бацька на фронце загінуў, сам ён меў інваліднасць. Хто на гэта зважаў, калі трэба было жыць. Працавалі абое ўсё жыццё: я на ферме, ён касцом на рацэ, затым у будбрыгадзе. Нарадзілі дачушку і сына. З тае пары паўвека мінула.
– Маладое жыццё было не з простых, – працягвае гаспадыня, – але зараз мы шчаслівыя, цешымся дзецьмі, трыма ўнукамі і дзвюма праўнучкамі. Яны пра нас не забываюцца і ў святы, і ў будні. Вось і вяселле гэта залатое ўгаварылі адзначыць. А яно і добра атрымалася, што сабраліся з радаснай нагоды. Праз газету хачу падзя­чыць работнікаў Прудніцкага сельскага Дома культуры Вольгу Сідзіну-Радзюк і Міхаіла Радзюка, якія разам з мясцовымі актывісткамі мастацкай самадзейнасці Вольгай Саладухінай і Наталляй Паўловіч не забыліся пра нас і арганізавалі музычнае віншаванне. У нашым узросце гэта ўвага такая неабходная, а з астатнім і самі пакрысе спраўляемся. Вось многія здзіўляюцца, як мы пражылі столькі, зараз жа не паспелі ажаніцца, разбягаюцца. Ведаеце што, мудрасць жанчыны — у цярплівасці і ўменні саступіць, як бы там ні было.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *