С рабочим визитом Докшицкий район посетила глава Администрации Президента Республики Беларусь Наталья Кочанова

img_4040У мінулую пятніцу з рабочым візітам наш раён наведала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспуб­лікі Беларусь Наталля Качанава. Яна ўдзель­нічала ў пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. У гэты ж дзень Наталля Іванаўна наведала завод “Ветразь” у Бягомлі, дзе сустрэлася з кіраўніцтвам і рабочымі прадпрыемства.

У пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў кіраўнік раёна Алег Пінчук, прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін. Асноўнае пытанне, якому была нададзена асаблівая ўвага, датычылася арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. З дакладам па ім выступіла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч.У мінулым годзе кіраўніцтвам райвыканкама было праведена 23 асабістыя прыёмы, прыняты 31 грамадзянін. У выніку забяспечана зніжэнне колькасці зваротаў. За 2016 год у райвыканкам паступіла 138 зваротаў, што на 10 менш у параўнанні з 2015 годам. Аналізуючы іх, можна зрабіць вывад, што найбольшая колькасць зваротаў звязана з пытаннямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Крыху менш – з жыллёвым заканадаўствам, аграпрамысловым комплексам, будаўніцтвам.
У Віцебскі аблвыканкам паступіў 21 зварот на 10 тысяч насельніцтва, сярод якіх ад жыхароў нашага раёна – 8. Для разгляду ў райвыканкам з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было накіравана 8 зваротаў, з Віцебскага аблвыканкама – 7. У Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь паступіў адзін ананімны зварот.
За 2016 год у райвыканкам паступіла 9 калектыўных зваротаў, усе яны былі разгледжаны з выездам на месца.
– Мабыць, з-за недастатковага даверу да жыллёва-камунальнай службы грамадзяне адразу звярталіся ў райвыканкам, – адзначыла Валянціна Юр’еўна. – Па пытаннях жыллёвага заканадаўства было зарэгістравана 18 зваротаў, грамадзян цікавілі пытанні прадстаўлення інтэрнату, выдзялення жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, выкарыстання чэкаў “Жыллё”, паляпшэння жыллёвых умоў.
Сфера аграпрамысловага комплексу ў структуры зваротаў таксама мае значную ўдзельную вагу. Грамадзяне ўзнімалі пытанні працоўнага заканадаўства, выплаты заработнай платы, дзіцячай дапамогі. У мінулым годзе павялічылася колькасць зваротаў, якія датычыліся будаўніцтва і архітэктуры. Па пытанні прадастаўлення гандлёвых паслуг паступіла 3 звароты. Гэта сведчыць пра тое, што аб’екты райста павінны павысіць узровень сваіх паслуг, якія аказваюцца насельніцтву.
У сельвыканкамы раёна ў 2016 годзе паступілі 143 звароты (у 2015-м іх было 208). Так, былі задаволены звароты па пытаннях абуладкавання дзіцячай пляцоўкі ў Крыпулях, аднаўлення балконаў шматпавярховіка ў Докшыцах па вуліцы Гайдара, дабраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі шматкватэрнага дома па вуліцы Кастрычніцкай.
На сённяшні дзень на кантролі ў райвыканкаме знаходзяцця 5 зваротаў грамадзян, сярод якіх будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў агр. Крулеўшчына, рамонт крыжа ў вёсцы Віржы Валкалацкага сельсавета, рамонт жылога дома ў агр. Пруднікі.
Трэба адзначыць, што на 1 тыс. жыхароў у сельскай мясцовасці і райцэнтры найбольшая колькасць зваротаў паступіла ад насельніцтва Крыпульскага сельсавета.
Тэлефонам “гарачай лініі” райвыканкама скарысталіся 8 грамадзян, пытанні датычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вадазабеспячэння, асвятлення і інш. З разгледжаных райвыканкамам усіх зваротаў толькі 12 (9 %) былі прызнаны абгрунтаванымі, 96 зваротаў – неабгрунтаванымі, па іх былі дадзены тлумачэнні.
Практыка правядзення сустрэч з насельніцтвам (Дні сельсаветаў) дапамагае выяўляць і аператыўна вырашаць праблемныя пытанні. За мінулы год падчас Дзён сельсаветаў паступіла 84 звароты грамадзян, з іх 83 выкананы. Прынята рашэнне будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў агр. Параф’янава.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, выступаючы перад прысутнымі, зазначыла, што работа са зваротамі грамадзян – важнейшы складнік у дзейнасці ўсіх органаў улады.
– Прыемна адзначаць, што ў Докшыцкім раёне гэта работа надзвычай добра, сістэмна пабудавана, – сказала Наталля Іванаўна. – Там, дзе вялікая ўвага надаецца тлумачальнай рабоце, праводзяцца сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства, прыёмы грамадзян, там, як правіла, і пытанняў менш па ўсіх напрамках. Асабіста мяне парадавала, што тут практычна адсутнічаюць пытанні з працаўладкаваннем, а значыць, яны паспяхова вырашаюцца.
На пасяджэнні былі заслуханы таксама даклады аб арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і аб рабоце па аздараўленні насельніцтва. З імі выступілі намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Місачэнка і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка.
***
Наталля Качанава напрыканцы рабочай паездкі наведала завод “Ветразь” у Бягомлі.
– Прадпрыемства працуе стабільна, аб’ём прамысловай прадукцыі складае 186 працэнтаў, людзі атрымліваюць дастойную зарплату, – падкрэсліла Наталля Іванаўна. – Прадукцыя, якая выпускаецца заводам, запатрабавана на рынках краіны. Вельмі важна, што ёсць і далейшыя перспектывы развіцця: плануецца адкрыць новыя працоўныя месцы, асвоіць новую вытво­рчасць. Гэта тое, пра што гаворыць наш Прэзідэнт.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *