Серафима Гаврилович — человек, посвящённый церкви

dsc01628У праваслаўі хор пеўчых як душа храма. Хрысціянскія гімны, малітвы, псалмы ў яго выкананні надаюць  богаслужэнню асаблівае гучанне, прымушаюць трапятаць душу чалавека. Займацца царкоўнымі спевамі,  прыгожым і складаным мастацтвам,  заўсёды лічылася вялікім гонарам. Нездарма на клірасе спявалі многія вядомыя спевакі мінулых стагоддзяў. І толькі ў часы ганення, калі не толькі за спевы, але і проста за наведванне храма можна было атрымаць спагнанне, у пеўчыя ішлі  абсалютна адданыя веры людзі. Такія, напрыклад, як Серафіма Гаўрыловіч.

Галасістая вецяранская дзяўчына з сям’і музыкаў і спевакоў на клірас прыйшла ў 1964 годзе, калі закрывалі, рушылі храмы, а Мікіта Хрушчоў паабяцаў савецкім людзям у хуткім часе паказаць па тэлевізары апошняга папа. Настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы ў Докшыцах служыў тады айцец Мікалай Леднік, а псаломшчыкам – Фёдар Гасюль, які адначасова кіраваў царкоўным хорам. Чалавек ён быў адукаваны (закончыў у Вільні духоўныя курсы) і апантаны той справай, якую рабіў. Яго маці значылася ў сваяцтве з вядомым харавым дырыжорам, этнографам Генадзем Цітовічам, заснавальнікам Дзяржаўнага хору Беларусі. Таму любоў да музычнага мастацтва была ўласціва многім прадстаўнікам названага роду, у тым ліку і Фёдару. Гэта ён прыгледзеў таленавітую маладую жанчыну з яе другім альтам і абсалютным слыхам. Не маючы музычнай адукацыі, Сіма была ў стане самастойна пабудаваць другую і трэцюю партыі. І самае галоўнае, нягледзячы на атэістычны час, наведвала богаслужэнні і вянчалася з мужам у царкве Іаана Багаслова, той, якую праз пару гадоў закрылі і зрабілі ў ёй мастацкую майстэрню.
У Докшыцах Гаўрыловічы пабудавалі хату, нарадзіліся адна за адной тры дачкі, а Сіма ні разу не прапусціла рэпетыцыю ў Фёдара Іосіфавіча. Яна ж была любімай вучаніцай. Ён хацеў, каб пасля яго стала рэгентам, таму спяшаўся навучыць усяму, што ведаў сам. Але задумам гэтым здзейсніцца не давялося. На пачатку 70-х гадоў Гаўрыловічы змянілі месца жыхарства і пераехалі ў Краснадарскі край. У цёплым клімаце, на думку ўрачоў, павінна было палепшыцца здароўе Серафімы. Там дзеці пайшлі на свой хлеб, усе тры дачкі, якіх за занятак маці ў школе з пагардай клікалі “богаверкамі”, атрымалі вышэйшую адукацыю, выйшлі замуж.
А праз дзесяць гадоў разлукі з Докшыцамі Серафіма зноў стаяла на клірасе Свята- Пакроўскай царквы і радавала сваім цудоўным голасам вернікаў. З таго часу яна больш з гэтым храмам не развітвалася і стала яго своеасаблівай адметнасцю. У 2003 годзе за працу на ніве царкоўнай Серафіма Гаўрыловіч была ўзнагароджана Граматай Полацкай епархіі. У царкве ўсё яе жыццё. Сюды яна прыходзіць прасіць дапамогі, дзякаваць за ласку Божую, нясе сваю радасць, шукае падтрымкі ў бядзе. “Многая лета” спявалі ёй з мужам пасля заканчэння Літургіі, калі яны адзначалі залатое вяселле. Тут і служылі па мужу паніхіду. Зараз у адзіноце спевы на клірасе даюць ёй неабходныя душэўныя сілы, дапамагаюць умацавацца і, нягледзячы на паважаны ўзрост, з глыбокай пашанай прымаць удзел у кожным богаслужэнні. Шчыра кажучы, Серафіма Сцяпанаўна зусім не выглядае на свае гады, а дзяўчаты на клірасе сцвярджаюць, што гэта ад маладосці яе душы, прагі да ўсяго новага і бясконцай дабрыні. Яна, як і патрэбна хрысціянцы, ва ўсім у першую чаргу бачыць пазітыў і любоў. А ад спагадлівай усмешкі маршчыны на твары не з’яўляюцца.
З нядаўняга часу на клірасе з’явіліся новыя, музычна адукаваныя спявачкі, і хор загучаў з новай сілай. За імі, канечне, самавукам не паспець. Серафіма Сцяпанаўна нават неяк запыталася ў айца Георгія, ці мэтазгодна ёй і іншым старэйшым спявачкам ужо хадзіць на клірас. У адказ пачула катэгарычнае: “Хадзіць, і абавязкова. Служэнне матушкі Аляксандры, Марфы, Валянціны і Ваша – гэта прыклад для моладзі ў веры, мужнасці, самаадданасці. Вы ўвасабляеце пераемнасць традыцый, а гэта вельмі важна”. Бальзамам на душу сталі для Серафімы гэтыя словы, бо яна ўжо не ўяўляе сваё жыццё без храма і спеваў.
– Кожнае богаслужэнне надае сілы жыць, – прызнаецца спявачка, – а яшчэ тое, што прыйшла вельмі дастойная змена нам, старэйшым. Слухаць спевы нашых дзяўчатак – гэта ж асалода неверагодная. Яны гэтакія таленавітыя! Плакала, калі пачула нядаўна ў іх выкананні херувімскую песню. Ганаруся, што сярод іх спявае мая ўнучка Волечка Сушко. З яе бабуляй мы стрыечныя сёстры. Бачыце, уся парода спеўная. Дай Бог здароўя айцу Георгію, які прыклаў намаганні для таго, каб хор нашага храма гучаў у адпаведнасці з часам. Не думала, што дажыву да гэтага, хаця заўсёды была ўпэўнена: Вера на нашай зямлі будзе панаваць вечна.

Тамара Альшэўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *