Прекрасную агроусадьбу построил в деревне Осовы Докшицкого района Николай Залуцкий

Мікалай Залуцкі — гаспадар аграсядзібы "Асавы".

Мікалай Залуцкі — гаспадар аграсядзібы «Асавы».

Раён наш на прыгожыя мясціны багаты. Сведчаннем таму пакупка дамоў гараджанамі для дач у вёсках, якія, як ні балюча прызнаваць, дажываюць свой век. У асноўным пакупнікамі з’яўляюцца радня, знаёмыя, сябры вяскоўцаў, якія атабарыліся ў горадзе, іх дзеці. Многія з задавальненнем жывуць на дачах ледзь не па паўгода. А вось тых, хто, няхай і ў сталым узросце, вяртаецца ў родныя мясціны назусім, мала. Тых жа, хто імкнецца штосьці зрабіць, каб на малой радзіме прадаўжалася жыццё, увогуле па пальцах злічыш. Мікалай Залуцкі з вёскі Асавы ў Бягомльскім сельсавеце – адзін з іх.

Біяграфія

Ураджэнец суседняй вёскі Гарэлае, выхадзец са шматдзетнай сям’і, Коля Залуцкі з маленства меў цягу да творчасці. Азы выяўленчага мастацтва асвойваў у гуртку пры Бягомльскай школе-інтэрнаце, дзе вучыўся. А яшчэ яму вельмі падабалася працаваць з дрэвам. Талент, падмацаваны ведамі і мэтанакіраванасцю, паспяхова сябе праявіў: Мікалай, вытрымаўшы конкурс шэсць чалавек на месца, паступіў у Бабруйскае мастацкае вучылішча. Са светлай настальгіяй успамінае гады вучобы, цікавых і адметных людзей, з якімі звёў лёс. Сярод іх быў нават вядомы падарожнік Фёдар Конюхаў, вучыўся ў адной з Мікалаем групе.
Пасля атрымання дыплома ў новаспечанага мастака-рэстаўратара і рэзчыка-інкрустатара ў адной асобе прадоўжылася яркае, творчае, насычанае падзеямі і памятнымі сустрэчамі жыццё. Мікалай Іванавіч працаваў у Беларускіх навукова-вытворчых рэстаўрацыйных майстэрнях, займаўся рэстаўрацыяй у музеях і храмах. Давялося рэалізаваць свой талент і ў Мікалаеўшчыне, на былой сядзібе Якуба Коласа, дзе ён пасябраваў з братам слыннага паэта Юзікам. Самыя значныя рэстаўрацыйныя работы Залуцкі правёў у цэрквах Мсціжа і Слуцка.

Справа

Шчыры памочнік майстра Мікалай Палітыка.

Шчыры памочнік майстра Мікалай Палітыка.

У 2009 годзе наша газета пісала пра тое, што ў раёне дужа марудна развіваецца аграэкатурызм, – не з-за фінансавых цяжкасцей, а з-за адсутнасці энтузіястаў. Распавядалася і пра героя гэтага аповеду, чыя задума арганізаваць у Асавах аграсядзібу была яшчэ ў пачатковай стадыі – куплены і добраўпарадкаваны ўчастак зямлі, не больш. З тае пары прайшло восем гадоў. Як ідуць зараз справы на сядзібе, чым, акрамя жывапісных мясцін навокал, прываблівае яна гасцей – пра гэта вырашылі даведацца ў гаспадара, які ахвотна правёў для нас экскурсію.
Пачалі са “святая святых” – з майстэрні. Не быў бы Мікалай Іванавіч майстрам высокага ўзроўню – нават гэта памяшканне выглядае стыльна. З масіўнымі бэлькамі, са станкамі, манументальнымі работамі з дрэва дзіўным чынам знаходзяць гармонію карціны, у асноўным пейзажы, – лёгкія, светлыя, вытанчаныя. Мікалай Іванавіч прызнаецца, што, як толькі выпадае вольная хвілінка і дазваляе надвор’е, бярэ эцюднік і ідзе пісаць – хараство тут вакол.
Далей – лазня, якую, думаецца, ацэняць высокім балам аматары папарыцца: тут ёсць усё для лазеннага рытуалу ў самых найлепшых традыцыях, нават драўляная купель з халоднай вадой і абсталяванне для прыгатавання мяса барбекю.
Дом для гасцей уражвае сваёй дабротнасцю. Ніякіх шкодных для здароўя чалавека матэрыялаў у інтэр’еры няма – толькі дрэва. Уся мэбля, усё аздабленне зроблена рукамі гаспадара і выглядае шыкоўна. На сценах – рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў. Пакоі стылізаваны пад купецкія, але маюць усе выгоды дваццаць першага стагоддзя. Бытавая тэхніка – ад электрачайнікаў да пральных і посудамыйных машын. Адзін з нумароў, прасторны, светлы, з вокнамі ад столі да падлогі і выхадам на балкон, часта здымаюць маладажоны.
На тэрыторыі аграсядзібы ёсць стадыён, дзе можна гуляць у футбол, валейбол, баскетбол, для дзяцей – арэлі і батут. Яшчэ адзін будынак уведзены ў строй нядаўна – вежа. Мікалай Іванавіч выконвае ў ёй унутраныя работы, і ў хуткім часе тыя, хто разлічвае на больш сціплы па бюджэце адпачынак, змогуць там камфортна праводзіць час.
Агратурызм – справа ў Залуцкіх сямейная. Дакументацыяй, рэкламай, кантактамі з кліентамі займаюцца дачка і сын у горадзе, на адлегласці. Гэта разумна, бо нельга ахапіць неахопнае. Дзіву даешся, як Мікалай Іванавіч, які мог бы з куды меншымі клопатамі працягваць жыць у Сенніцы, паспявае тварыць і адначасова падтрымліваць парадак у сваіх уладаннях – акрамя сядзібы, ёсць яшчэ ўласны дом, агарод, пчолы, птушкі.
Найбольш гасцей сядзіба “Асавы” прымае, вядома ж, летам. Даволі ажыўлена там таксама з наступленнем першых цёплых веснавых дзянькоў і ранняй восенню. Адпачываюць, у асноўным, віцябляне і жыхары сталіцы. Арганізацыі і фірмы праводзяць карпаратывы, святкуюцца юбілеі і іншыя значныя падзеі, праходзяць вясельныя вечарынкі. Адпачываць у “Асавы” едуць і сем’ямі, часцей на выхадныя. Прыязджаюць аматары рыбнай лоўлі. Мікалай Іванавіч ганарыцца тым, што многія з наведвальнікаў, пабываўшы ў яго ў гасцях аднойчы, прыязджаюць зноў і зноў.

Талент

Гатаваць на такой кухні і збірацца за накрытым сталом — адно задавальненне.

Гатаваць на такой кухні і збірацца за накрытым сталом — адно задавальненне.

Выскачыў з парылкі — і ў купель з халоднай вадой.

Выскачыў з парылкі — і ў купель з халоднай вадой.

Прымяненне свайму таленту Мікалай Залуцкі зараз знаходзіць не толькі на сядзібе. Майстэрства рэзчыка-інкрустатара высока цанілася ва ўсе часы, і заказаў на работы розных відаў шмат. Дарэчы, выразаны з дрэва мядзведзь на тэрыторыі Бягомльскага лясгаса – справа яго рук. Пры ўездзе ў Асавы два крыжы – праваслаўны і каталіцкі – таксама. На месцы, дзе раней знаходзілася Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ў 1810 годзе і спаленая ў 1943-ім, майстар з дапамогай аднавяскоўца Мікалая Палітыкі, чалавека неабыякавага, устанавіў крыж і камень-помнік з малітвай. У планах на бліжэйшы час – устанавіць такі ж камень у пачатку вёскі і рэканструяваць напаўразрушаны помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам-землякам.

Як за некалькі гадоў паспець так шмат зрабіць? – цікавімся сакрэтамі поспеху ў спадара Залуцкага..
– Проста я працаголік, – усміхаецца Мікалай Іванавіч. – Калі тое, чым займаешся, кажучы па-руску, “не в тягость, а в радость”, то, паверце, усё будзе атрымлівацца. А ўвогуле хтосьці з разумных людзей сказаў: знайдзі сабе справу па душы – і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці. Мне пашчасціла: знайшоў. Таму мая справа для мяне і ёсць паўнавартаснае жыццё. Калі цябе ва ўсім падтрымлівае твая сям’я, ёсць сябры, не падводзіць здароўе, ты да месца прыйшоўся на радзіме і вынікі тваёй працы дораць людзям радасць, чаго яшчэ ад жыцця хацець? Толькі натхнення на далейшую творчасць.

Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *