Удалить камни ультразвуком и поставить металлокерамику можно в новом стоматологическом отделении Докшицкой ЦРБ
Можна зараз у новым стаматалагічным аддзяленні ЦРБ, якое адкрылася напачатку снежня і зараз у штатным рэжыме прымае пацыентаў. У сучасным дыхтоўным будынку, які звонку выглядае як санаторная ўстанова, і ўнутры светла, прасторна і не па-бальнічнаму ўтульна. Першыя наведвальнікі прызнаюцца, што нават нясцерпны зубны боль цішэе, калі трапляеш у атмасферу размеранага спакою, які пануе ў аддзяленні. Мы пагутарылі з яго загадчыцай Людмілай Падгайскай пра тое, якія віды стаматалагічных паслуг, раней не даступныя, жыхары раёна могуць атрымаць, не пакідаючы яго межы.
– Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра абсталяванне стаматалагічнага аддзялення?
– У нас ёсць рэнтгенкабінет, новая стаматалагічная ўстаноўка “БелДэнт – 3”. Комплекс мае эрганамічнае крэсла для пацыента, блок асістэнта з вакуумнымі пыласосам, слінаатсосам. Блок урача прадстаўляе сабой устаноўку з турбінным наканечнікам, пнеўма- і электраматорам з фібраоптыкай, шасціфункцыянальным пісталетам, ультрагукавым скейлерам і інш. Дарэчы, скейлер зараз дазваляе праводзіць такую працэдуру, як выдаленне з дапамогай ультрагуку цвёрдых зубных адкладанняў. У аддзяленні працуюць тэрапеўтычны, хірургічны, артапедычны кабінеты, адбылася рэканструкцыя зубапратэзнага блока. Прыём вядзецца з панядзелка па пятніцу, ён змешаны – дзіцячы і дарослы. Да таго ж, дзяжурныя ўрачы тэрмінова прымаюць пацыентаў пры вострым болі ў выхадныя дні і па-за часах прыёму. Дапамога аказваецца бясплатна, але, па жаданні пацыента, мы прадстаўляем і шэраг платных стаматалагічных паслуг па прымальным кошце.
– Якія зараз паслугі даступны жыхарам раёна?
– Да радасці нашых пацыентаў хачу паведаміць, што акрамя рамонту зубапратэзнага аддзялення, для яго набылі новае абсталяванне. Зараз у нас на ўзбраенні маюцца печка для абпалу металакерамікі і ліцейная ўстаноўка. Гэта дазволіла ўвесці ў практыку інавацыйны метад пратэзавання – выраб металакерамічных суцэльналітых няздымных пратэзаў. Адзначу, што кошт на парадак таннейшы, чым іх аналагаў у прыватных клініках. Дарэчы, для арганізацыі якаснай работы на новым абсталяванні, нашы профільныя спецыялісты прайшлі навучанне на базе Віцебскай абласной клінічнай стаматалагічнай паліклінікі.
– Як ваш калектыў абжываецца на новым месцы?
– Сказаць адным словам выдатна – нічога не сказаць. Новы будынак аддзялення – гэта падарунак не толькі для пацыентаў, але і для медперсаналу. Кожны доктар атрымаў свой прасторны кабінет для прыёму. Рабочыя месцы арганізаваны ў адпаведнасці з тым, як гэтага патрабуюць сучасныя метады лячэння. Улічаны ўсе нюансы, напрыклад, сцены ў пэўных кабінетах аддзялення спецыяльна пафарбаваны ў шэры колер. Гэта дазваляе, напрыклад, найбольш дакладна падабраць колер зуба ў кожным канкрэтным выпадку. Зараз у аддзяленні працуюць два стаматолагі-артапеды, па адным хірургу і тэрапеўце і чатыры зубныя фельчары. Ужо падрыхтаваны кабінет для яшчэ аднаго доктара, які прыбудзе ў наш раён у наступным годзе. Выключна ў тэму прыгадаю такі выпадак з майго прафесійнага жыцця. Гадоў з пятнаццаць таму давялося выступаць на абласной канферэнцыі па пытаннях арганізацыі работы ўрачоў агульнай практыкі. Дык вось тады зрабіла сумную выснову, што стаматолагі ў райцэнтрах, не зважаючы на спецыялізацыю, з-за адсутнасці належнага абсталявання і ўмоў працы, пакрысе вымушаны перакваліфікавацца ва ўрачоў агульнай практыкі. Тады гэта было ўспрынята, як дадзенасць сітуацыі, якая склалася. Мне вельмі радасна, што сёння, дзякуючы рэканструкцыі аддзялення, сітуацыя кардынальна змянілася і нашы спецыялісты займелі магчымасць працаваць па профілі і на поўную выкарыстоўваць свае прафесійныя веды.
НА ЗДЫМКУ: над чыёйсьці будучай прыгожай усмешкай працуе зубны тэхнік Вераніка Яшкевіч.
Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.