В Докшицах открылась современная стоматологическая поликлиника
Шыкоўны пераднавагодні падарунак атрымалі жыхары раёна. Учора ў райцэнтры адбылося ўрачыстае адкрыццё сучаснай стаматалагічнай паліклінікі. Удзел у падзеі бралі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе Уладзімір Андрэйчанка, начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскай вобласці Юрый Дзеркач, старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
Будаўніцтва новага аб’екта аховы здароўя было распачата ў маі 2015 года. Генеральным падрадчыкам выступіла мясцовая ПМК-52. Пры рэканструкцыі будынка было асвоена крыху больш за два мільёны рублёў, у тым ліку 428,5 тысячы рублёў – на набыццё абсталявання.
Падчас адкрыцця стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што ахове здароўя надаецца пільная ўвага не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў населеных пунктах раённага прызначэння. Новы аб’ект дазволіць жыхарам Докшыччыны атрымліваць якасныя стаматалагічныя паслугі, не пакідаючы межаў раёна, а тэхналагічнасць сучаснага абсталявання зробіць гэты працэс камфортным.
Юрый Дзеркач перадаў віншаванні губернатара вобласці Мікалая Шарстнёва калектыву паліклінікі і жыхарам раёна і адзначыў, што стаматалагічная паліклініка ў Докшыцах – гэта прыклад выдатнага сучаснага аб’екта аховы здароўя, якіх у апошні час нямала пачало дзейнічаць у вобласці.
Кіраўнік раёна Алег Пінчук шчыра падзячыў за тую ўвагу і дапамогу, якую спікер Парламента аказвае раёну дзеля забеспячэння дабрабыту яго жыхароў. Пры падтрымцы дэпутата былі пабудаваны водна-аздараўленчы цэнтр, некалькі шматкватэрных дамоў. Алег Леанідавіч адзначыў таксама выдатную работу будаўнікоў.
…Новая сучасная паліклініка выглядае дыхтоўна як знешне, так і знутры. У кабінетах устаноўлена сучаснае абсталяванне, сцены пафарбаваны ў прыемныя колеры, агульную ўтульнасць ствараюць элементы інтэр’ера. Відавочна, што прымаць паслугі ў такой установе будзе прыемна і дарослым, і маленькім пацыентам.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.