Калабанга – гэта інтэрнэтна і кругла!
Вы заўважылі? Райцэнтр мільгае яркімі афішамі, з якіх усміхаюцца вясёлыя калабкі-смайлікі. Вось адкуль і назва краіны, дзе яны жывуць – Калабанга. Бліжэй пазнаёміцца з імі можна будзе на спектаклі-шоу “Калабанга. Прывет, Інтэрнэт.by!”. Пра тое, хто стаў прататыпам незвычайных герояў і якая галоўная мэта шоу, нам расказаў яго ініцыятар, дырэктар прадзюсерскага цэнтра “НІАМАНД” Андрэй Квашэвіч.
– Гэты спектакль створаны на аснове аднайменнага мультфільма, які выйшаў у пракат у мінулым годзе. Яго галоўныя героі – смайлікі-калабкі, што жывуць у сеціве. Незвычайныя сітуацыі, якія адбываюцца з імі ў іх краіне, паказваюць, што Інтэрнэт – гэта цэлы сусвет, “лётаць” па якім трэба асцярожна, выконваючы строгія правілы.
Галоўнай мэтай стварэння такога шоу стала вялікае жаданне падарыць нашаму беларускаму гледачу што-небудзь новае, цікавае, неардынарнае. Таму і асновай спектакля быў абраны менавіта гэты мультфільм – яшчэ не зусім вядомы, пазнавальны і разумны. Задумку з задавальненнем падтрымалі акцёры вядучых тэатраў краіны, прафесійныя рэжысёры, мастакі, музыканты. Яркія маштабныя дэкарацыі, раставыя лялькі і ігра акцёраў, так бы мовіць, “у жывую”, безумоўна, не пакінуць гледачоў абыякавымі. Павучальны сюжэт і граматны гумар, упэўнены, прыйдуцца па душы не толькі маленькім гледачам, але і іх бацькам. Нездарма гэты спектакль называюць яшчэ і сямейным.
Стартуе дэбютны паказ шоу ў Глыбокім. Потым на маршруце гастрольнага тура “Калабанга” Докшыцы і яшчэ 60 гарадоў Беларусі. Спадзяюся, што спектакль падорыць усім незабыўны добры настрой.