Любители здорового образа жизни встретились на докшицкой лыжне» (+фото)

img_4879Нядзельнай раніцай ва ўрочышчы “Чыстаполле” мароз трашчаў, але ён не стаў перашкодай для гаманлівага вясёлага натоўпу аматараў здаровага ладу жыцця. На зімовае спартыўнае свята, якое з-за капрызаў надвор’я адмянялася колькі гадоў запар, з усіх куткоў раёна сабралася каля двухсот удзельнікаў. Ярка свяціла сонейка, і пад яго ўжо цёплымі (хутка ж вясна) праменямі зіхацелі шырокімі задаволенымі ўсмешкамі твары ўдзельнікаў лыжні. Людзі радасна віталіся: для многіх з іх зімовае свята – гэта яшчэ і добрая падстава для сустрэчы з даўнімі сябрамі. Пакуль адны дзяліліся апошнімі навінамі, другія спрабавалі лыжную трасу.
Удзельнікаў, а гэта трыццаць тры каманды, вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук.
– Выдатнае надвор’е нарэшце дазволіла правесці зімовае свята, – адзначыў на адкрыцці свята кіраўнік раёна. – Сёлета яно асаблівае, бо на спартыўныя дасягненні натхняюць перамогі беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Пхенчхане.
З пажаданнямі ўсім святочнага настрою Алег Леанідавіч даў старт мерапрыемству: ён асабіста ўзначаліў першы заезд, у якім побач з ім ішлі кіраўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Халоднае надвор’е ўсё ж такі ўнесла свае карэктывы ў правядзенне мерапрыемства: працягласць лыжнай трасы была зменшана. Пакуль удзельнікі праходзілі лыжную эстафету, ахвотныя штурхалі гіру і спрабавалі свае сілы ў армрэслінгу.
Райста прапаноўвала сагрэцца кубачкам гарбаты, а мясцовыя артысты весялілі песнямі, пад якія хацелася ісці ў скокі. Некаторыя гараджане, напэўна, самыя загартаваныя і трывалыя, прыйшлі на свята сем’ямі: малеча з задавальненнем каталася тут жа з горак, пакуль бацькі перажывалі за сваіх каляжан.
Медалі, кубкі і дыпломы атрымалі самыя хуткія і трывалыя. Сярод пераможцаў (на здымку) – залаты прызёр лыжнай эстафеты зборная каманда дзвюх гарадскіх школ, срэбраны – каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і бронзавы – каманда Докшыцкага раёна газазабеспячэння. У гіравым спорце лепшыя вынікі прадэманстравалі Сяргей Міхальцоў (І месца), Андрэй Ляхновіч (ІІ месца) і Сяргей Наскідаеў (ІІІ месца). У армрэслінгу золата заваяваў Андрэй Кішыла, срэбра – Юрый Кавалёнак, бронзу – Сяргей Наскідаеў.
У масстартах перамаглі Уладзімір Вахавіч і Вольга Гадулевіч, за што атрымалі прызы ад раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
Спецыяльнымі заахвочвальнымі прызамі адзначаны самыя ўзроставыя ўдзельнікі лыжні — галоўны інжынер Докшыцкага раёна газазабеспячэння Уладзімір Гмырак і старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Уладзімір Пелюх.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *