Внучка читает районку у бабушки в Докшицком районе
Добры дзень, шаноўныя супрацоўнікі газеты “Родныя вытокі”. Вы, напэўна, здзівіцеся, што ў рэдакцыю звяртаецца не карэнная жыхарка Докшыцкага раёна, а вучаніца дзясятага класа гімназіі №74 г. Мінска. Я даведалася, што ваша газета хутка адзначыць свой сямідзесяціпяцігадовы юбілей. Менавіта з гэтай нагоды хачу шчыра павіншаваць усіх яе працаўнікоў і выказаць падзяку за тыя пяшчотныя, цікавыя і вельмі змястоўныя радкі, якія мне ўдаецца прачытаць на старонках вашай газеты. А чытаю я “Родныя вытокі” з вялікім задавальненнем у тыя часіны, калі бываю ў гасцях у сваёй бабулі. Вось і сёння, перагортваючы звязку вашых газет, заўважыла цікавы каляровы фотаздымак з подпісам: “Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Іван Дзмітрыевіч Рацькавіч і яго вучаніца, спартсменка Крысціна Герасімава, якая ў рэспубліканскіх спаборніцтвах заняла чацвёртае месца” (ліпень, 2010 год). На жаль, Івана Дзмітрыевіча ўжо няма ў жывых, але газету з фотаздымкам захавала мая бабуля. З гэтым выдатным чалавекам, які ўзвёў на алімп спартыўнай славы значную колькасць школьнікаў Докшыцкага раёна, яна вучылася ў адной падгрупе ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя С.М. Кірава.
Мяне вельмі цікавяць артыкулы пра лёс людзей раёна, якія жывуць у розных аддаленых куточках, а вы іх знаходзіце. Добрымі словамі ўдзячнасці падтрымліваеце поспехі маладых і людзей сталага ўзросту, якія сваёй добрасумленнай працай праслаўлялі раён, вялі шматгадовую грамадскую дзейнасць. З асаблівай увагай сачу за старонкамі, якія апавядаюць пра подзвігі ветэранаў Вялікай Айчынай вайны. Для нас, маладога пакалення, – гэта свяшчэнная памяць, гэта прыклады мужнасці і самаахвяравання, выхавання любові да Радзімы, роднага краю, да гераічнай гісторыі нашага народа.
А яшчэ я берагу ўсе газеты, дзе вы пішаце пра маю бабулю. Вось фотаздымак: яна на сцэне Таргуноўскага СДК, далей бачу некалькі фотаздымкаў, дзе бабуля на сцэне ў Докшыцах. Чытаю апошнія газеты, і ў іх таксама разам з многімі артыстамі, ветэранамі працы фігуруе імя Алы Краўчонак. Для мяне гэта вялікая радасць. Я ганаруся сваёй бабуляй і вельмі яе люблю. Гэтыя нумары “Родных вытокаў” я зберагу не толькі для сябе, але і для бабуліных будучых праўнукаў.
Не абыходзіць увагай ваша газета і таленавітых паэтаў раёна (я вельмі люблю чытаць вершы, крыху пішу і сама). З задавальненнем чытаю вершы бабуліных сябровак: Людмілы Салянка, Ганны Сіняковай.
І, наогул, чытаючы вашу газету, прыйшла да высновы, што ў аграгарадку Таргуны пражывае шмат таленавітых, шчырых, добрасумленных і працавітых людзей.
Яшчэ раз дзякую за тыя цяпло, любоў і пяшчотныя словы, якімі ваша газета сагравае сэрцы людзей.
Са святам, “Родныя вытокі”! Поспехаў! Натхнення!
Як жывая крыніца ніколі не перасыхае,
Сваёй вадзіцай смагу наталяе,
Так і вашы сэрцы няхай заўсёды будуць напоўнены
Радасцю новых здзяйсненняў, цеплынёй і любоўю,
Пяшчотай набеглых імгненняў.
З павагай, Ангеліна Галубовіч.