Кредиты на столбах в Докшицах — развод на деньги

89Слупы ў райцэнтры стракацяць аб’явамі на агульную тэму “Грошы ў доўг”. Здаецца, улетку “слупавыя крэдытадаўцы” надта не актыўнічалі, але па восені нібы абудзіліся пасля вакацый, і аб’яў пабольшала. А калі ёсць прапанова, хутчэй за ўсё, і попыт маецца.

“Грошы Вам” прапаноўвала чарговая аб’ява па вуліцы Школьнай, вялікімі літарамі на прыемным жоўтым фоне. За 15 хвілін абяцалі выдаць ад 100 да 2000 рублёў, патрэбен быў толькі пашпарт.
Раённая газета вырашыла правесці журналісцкае расследаванне, каб даведацца пра кошт таго “бясплатнага” кавалка сыру, які прапаноўваюць дакшычанам у чарговай фінансавай пастцы. Дыялог друкуем практычна без скарачэння: “РВ” – рэдакцыя (па прыдуманай легендзе малады чалавек плануе ажаніцца, вяселля не строіць, але на такую-сякую падрыхтоўку яму тэрмінова патрэбна 1000 рублёў); “ГВ” – фірма “Грошы Вам”.
“РВ”: – Добры дзень!
“ГВ”: – Добры…
“РВ”: – Наконт грошай…
“ГВ”: – Туды папалі.
“РВ”: – Скажыце, калі ласка, а як гэта афармляецца і што трэба рабіць?
“ГВ”: – Адкуль вы самі?
“РВ”: – Докшыцы.
“ГВ”: – Працуеце афіцыйна?
“РВ”: – Так.
“ГВ”: – Афіцыйна працуеце…А з банкамі былі якія пытанні?
“РВ”: – Усё пагашана, нічога такога няма.
“ГВ”: – Па судзе вылічвалі што?
“РВ”: – Не. Усё плаціў своечасова.
“ГВ”: – Ну, я зразумеў. А што вам па грашах трэба?
“РВ”: – Пажадана тысяча рублёў, мне на вяселле не хапае, на сваё.
“ГВ”: – Тысяча рублёў вам трэба на вяселле. На які час хочаце грошы?
“РВ”: – На год, напрыклад…
“ГВ”: – На год, калі ў вас там усё, праблем не было ніякіх, там, гэта самае, усё аплачана, значыць, на год. Калі бераце тысячу, трэба аддаць дзве на працягу года. Гэта па 180 рублёў у месяц, калі на два гады – будзе па 90 рублёў, калі на тры, то гэта яшчэ менш. Для гэтага што? Трэба пашпарт і прыехаць да нас у Мінск. Грошы атрымаеце наяўнымі на працягу гадзіны. Плацяжы будзеце здзяйсняць там, дзе жывяце.
“РВ”: – Гэта праз банк?
“ГВ”: – Любое: банк, Інтэрнэт, пошта.
“РВ”: – А якія яшчэ трэба дакументы?
“ГВ”: – Свой пашпарт бярыце і ўсё.
“РВ”: – Як гэта афармляецца?
“ГВ”: – За гадзіну. Усё афармляецца на асабовы рахунак, які вам выдадзім. Працуем з 10 да 19 без выхадных. У любы зручны час вы пад’ехалі, мы пытанне рашылі і вы паехалі дамоў.
“РВ”: – А адрас калі можна даведацца?
“ГВ”: – Ды хоць зараз. Праспект Партызанскі, 107, станцыя метро “Аўтазавадская”. Набралі нам, калі хочаце прыехаць, бо ў нас, скажам так, не побач, таму, каб мы вас, ну, у першую чаргу….ну, адпусцілі. Прыязджайце, рашаем пытанне і едзьце дадому, ніякіх праблем.
“РВ”: – Я зразумеў. Ну добра. Вялікі дзякуй.
“ГВ”: – Суму можам зрабіць і тышчу, і дзве. Гэта ўжо вы глядзіце, як вам трэба. Праблем няма. Тышчу рублёў без пытанняў вам зробім.
(ад рэд. – Голас мужчыны на тым канцы трубкі ну вельмі ўжо нагадаў “братка” з фільмаў пра 90-я гады).
Пасля падобнага дыялогу сумненняў у тым, што гэта грашовы развод, ужо не было. Трэба ж, як усё проста: пад’ехаў, пашпарт паказаў, грошы ўзяў і дадому з поўнай кішэняй паехаў.
Толькі, па-першае, бярэш тысячу, а праз год аддаеш дзве – гэта “крэдыт” пад 80 (!) драконаўскіх працэнтаў гадавых. Мяркуючы па інфармацыі, якая размешчана на сайце двух банкаў, што працуюць у райцэнтры, максімальная стаўка па крэдытах зараз не перавышае 16 працэнтаў гадавых у афіцыйнай і надзейнай фінансавай установе. Плюс, да заробкавай плацежнай карткі, як кажуць, на ўсякі выпадак, можна аформіць авердрафт.
Па-другое, свой пашпарт ні ў якім разе нельга перадаваць невядомаму чалавеку, тым больш калі ён просіць пад’ехаць невядома куды, каб штосьці аформіць. Па-трэцяе, мы прабілі названы адрас “Партызанскі праспект, 107” у пошукавай сістэме і адшукалі па ім толькі жылы сталінскі дом пяцідзясятых гадоў пабудовы, на першым паверсе якога размешчаны аддзяленні паштовай сувязі і вядомага банка, а таксама некалькі крам. А вось выхад з метро – акурат насупраць гэтага дома. Так што, хутчэй за ўсё, і офіса ніякага ў прыродзе не існуе.
Журналісты сваю справу зрабілі, аргументы на ка­рысць таго, што грошы вам, у доўг ці яшчэ як, – гэта чарговая фінансавая пастка, больш чым унушальная. Будзьце ўважлівымі і не трапляйцеся ў сеткі “слупавых” крэдытораў.
Р.S.
У рэспубліцы існуе і іншая схема займаў праз аб’явы “Грошы ў доўг”. Кліенту называюць, скажам, мадэль тэлефона, які ён павінен узяць у крэдыт у свайго сотавага аператара, ці тэхніку ў краме. Пры ўмове, што тэлефон каштуе 1000 рублёў, чалавеку даюць у лепшым выпадку на рукі 500 рублёў, а то і ўвогуле 30 працэнтаў ад кошту, а тэлефон забіраюць сабе. У выніку грама­дзянін атрымлівае частку грошай і крэдытныя абавязкі на суму, удвая большую.
Здаецца, яшчэ з 2015 года, калі ўступіў у законную моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 325 “Аб прыцягненні і прадастаўленні займаў, дзейнасці мікрафінансавых арганізацый”, шматлікія кампаніі па прадастаўленні мікразаймаў пад шалёныя працэнты зніклі. Толькі гэта не зусім так, бо прадпрымальны чалавек знойдзе выйсце з любой сітуацыі: нельга мікразай­мы — не бяда, прыдумаем што яшчэ. Грошы людзям патрэбны заўжды, а крэдыты банк выдае толькі тым, у каго фінансавая гісторыя не падкачае. І гэта цалкам правільна, бо не здолееш аддаць – не бяры. Аднак пра тое, што за ўзятае ў доўг трэба будзе аддаць з лішкам, задумваюцца не ўсе.
А яшчэ, згодна з артыкулам 21.14 “Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, за расклейку рэкламных матэрыялаў у непрадугледжаных для гэтага месцах можна атрымаць штраф да 25 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 50 базавых велічынь, на юрыдычную асобу – ад 20 да 100 базавых велічынь.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *