Барсуковская школа умеет зарабатывать деньги

img_4131Невялікі калектыў Барсукоўскай базавай школы амаль поўнасцю пакрывае ўласна заробленымі сродкамі выдаткі на падрыхтоўку ўстановы да новага навучальнага года. Грошы збіраюць круглы год. Працуе платны гурток англійскай мовы ў пачатковых класах. Добры прыбытак прыносіць і немалы прышкольны ўчастак, а таксама рэалізацыя яблык з вялікага саду, які аддала школе сельгасгаспадарка. Летась больш за 9 тысяч рублёў атрымалі ад продажу пасцельнай бялізны і гэтым самым выканалі даведзены план на 104,8 працэнта.
Пасцельныя камплекты, пледы ў школе шыюць ужо трэці год. Прыгожыя рэчы, і па даволі прымальным кошце — ад 40 рублёў і больш у залежнасці ад памераў, — выпускаюцца пад заказ. Напрыклад, нядаўна забяспечвалі бялізнай дзіцячы садок. Таксама камплекты можна набыць у розніцу. Маленькая вытворчасць дзейнічае дзякуючы загадчыцы гаспадарчай часткі Марыне Казлоўскай і яе памочніцам: лабаранту Марыне Мацкевіч і вартаўніку Але Шарох. Добра навучыліся шыць на ўроках працы дзевяцікласніцы Даша Жук і Ангеліна Паляк. Дзяўчаткі з задавальненнем дапамагаюць Марыне Рамуальдаўне спраўляцца з заказамі.
– Шыццём бялізны, якая карыстаецца попытам у пакупнікоў, займаюцца многія школы ў раёне, – гаворыць намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Кучыц. – Гэта справа прыбытковая, а яшчэ ўстановы адукацыі план па платных паслугах выконваюць за кошт арганізацыі на платнай аснове аб’яднанняў па інтарэсах, груп па падрыхтоўцы да здачы ЦТ, а таксама збору і здачы другаснай сыравіны, маецца на ўвазе папера і металалом. Неблагі даход атрымліваюць ад здачы лішкаў прадукцыі з прышкольных участкаў, вырошчвання расады. Заробленыя сродкі выкарыстоўваюцца для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўкі школ да навучальнага года.
Летась установы адукацыі раёна ад пазабюджэтнай дзейнасці выручылі 200234 рублі, што складае 119,8 працэнта да папярэдняга года. Найбольш грошай значыцца на рахунку гарадскіх школ, а таксама Крулеўшчынскай, Тумілавіцкай і Парплішчанскай СШ.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: швачкі Барсукоўскай базавай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *