Директор докшицкой ДШМ награждён Почётной грамотой Министерства культуры Республики Беларусь

img_4289На выніковай калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама асабісты ўклад у папулярызацыю нацыянальнай культуры дырэктара Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага Вольгі Сушко быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Дагэтуль было званне “Лепшы па прафесіі”, іншыя шматлікія ўзнагароды, у тым ліку Удзячнасці аблвыканкама і міністэрства.  

Дадзеная высокая ўзнагарода – гэта справядлівая адзнака той вялікай працы, якую Вольга Васільеўна робіць не толькі як кіраўнік установы, але і як таленавіты, неабыякавы, яркі, творчы чалавек, якому цесна ў вызначаных рамках, душа якога знаходзіць заспакаенне толькі ў віхуры спраў і пастаяннага руху наперад. Ціхая плынь застойнага балота для такіх людзей – смерць. Яна “пад завязку” поўная творчых ідэй і планаў, не баіцца рызыкаваць, хаця і добра ўмее разлічваць. Пэўна таму практычна ўсё атрымліваецца. Побач з ёй лёгка працуецца, жывецца з радасцю, бо яна ўмее стварыць свята ў душы, на сцэне, усюды, дзе б ні была. Зрабіць найлепш — яе ўнут­раная матывацыя.
Ад мамы дастаўся ёй мастацкі талент, якім шчодра надзелены ўсе члены сям’і Юліі і Ягора Плыгаўкаў. Тата Васіль Герасімёнак падзяліўся з дачкой здольнасцямі, такімі неабходнымі для чалавека, якому даверылі пасаду: уменнем арганізаваць, павесці за сабой, стварыць у калектыве такі мікраклімат, калі людзі выконваюць свае абавязкі не па прымусе, а па сумленні.
Дзявяты год былая настаўніца музыкі СШ № 2 узначальвае Докшыцкую ДШМ. За гэты час колькасць навучэнцаў ва ўстанове павялічылася больш, чым у два разы пры ранейшым настаўніцкім калектыве. Ён жа папоўніўся маладымі выкладчыкамі. Для некаторых з іх школа мастацтваў стала сямейным месцам працы. Побач з моладдзю абсалютна камфортна адчуваюць сябе ветэраны. Пераемнасць пакаленняў, сплаў маладога задору і мудрай сталасці, на думку дырэктара, гэта тая скрабніца, з якой чэрпаецца поспех і прафесійная ўдача.
Што датычыцца поспеху, то дзякуючы штодзённай руплівай працы настаўнікаў, іх уменню зацікавіць дзяцей, Докшыцкая ДШМ кожны год вынікова ўдзельнічае ў шматлікіх конкурсах і фестывалях. Напрыклад, летась скарбонка дасягненняў папоўнілася яшчэ 31 дыпломам.
Чалавека, які першы раз знаёміцца з дзейнасцю ДШМ, здзіўляе колькасць дзеяздольных мастацкіх калектываў, якія знайшлі прыпіску ва ўстанове. І ўсё таму, што дырэктар лічыць вельмі важным момантам для засваення спецыяльнасці, развіцця ўсебаковай мастацкай асобы тое, каб вучні абавязкова як мага больш выступалі на сцэне. І яны спяваюць, іграюць, танцуюць у 11 дзіцячых калектывах. Кожны год ставяць музычны спектакль, праводзяць тыдзень музыкі. А каб ім было з каго браць прыклад, настаўнікі тое ж самае робяць у сваіх дарослых чатырох калектывах. Прыдуманая дырэктарам школа ранняга развіцця «Смяшарыкі» – база для падрыхтоўкі будучых вучнёўскіх кадраў. Не дзіўна, што нумары, падрыхтаваныя ДШМ, без перабольшвання з’яўляюцца цудоўным упрыгожаннем любога канцэрта.
Сама ж Вольга Васільеўна свой багаты мастацкі талент як кіраўнік і выканаўца з поспехам рэалізуе ў вакальным ансамблі “Вярба”, які падрыхтавала да звання народнага. Дзякуючы ёй, народным стаў і хор ветэранаў працы “Залатыя гады”. Яе хапае, каб спяваць у царкоўным хоры, падарожнічаць, дапамагаць стварыць свята кожнаму, хто папросіць. І чым больш яна аддае, тым багацей становіцца на ўсеагульную любоў, прызнанне і вялікую павагу.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар Докшыцкай ДШМ Вольга Сушко.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *