Виктор Корсак рассказывает про свой путь в сельском хозяйстве

Віктар Корсак са сваімі гадаванцамі

Віктар Корсак са сваімі гадаванцамі

З Віктарам Ула­дзіміравічам мы сустрэліся на яго панадворку, чыстым і ўтульным. Акрамя дома, тут стаяць гаспадарчыя пабудовы, і ва ўсім, нават на першы погляд, бачна рука майстра. Сцяна пад навесам зроблена ў выглядзе плятня. Праходзім далей. За агароджай з электрычным пастухом на выгане ў некалькі гектараў пасецца статак кароў з цялятамі. Але, убачыўшы гаспадара, накіроўваецца ў наш бок.
Віктар Уладзіміравіч з сельскім бізнесам знаёмы з 1998 года, калі пачаў вырошчваць агародніну – капусту, бульбу, моркву. Да гэтага пятнаццаць гадоў працаваў вадзіцелем ў калгасе. Але пасля таго, як пабываў у Чэхіі ад саюза фермераў і ўбачыў бычкоў лімузінскай пароды, захапіўся не на жарт і прывёз ідэю ў родную Бярозаўку. Пачыналася гаспадарка з некалькіх чорных кароў, якіх пакрылі быкамі французкай пароды – лімузінамі. Ужо на сённяшні дзень пагалоўе складае сорак галоў.
– Пасвіцца жывёла круглы год – і зімой і летам, – распавядае фермер. – Не баяцца маразоў, а вось ветру не любяць. Выратоўвае ў такім выпадку тэнтаваны з усіх бакоў навес, куды гадаванцы самі прыходзяць схавацца ад непагоды. Тут жа прыладжана і паілка з падагрэвам вады.
Каб вырасціць паўнавартаснага дарослага быка патрэбна 15-18 месяцаў. За гэты час ён набярэ вагу ў 600 кілаграмаў.
– Хаця жывёла і непатрабавальная да ежы – есць усё, што можна есці, – канцэнтраты не даю, – тлумачыць гаспадар. – Дабаўляю толькі солі з мінераламі. Большая частка корму захоўваецца у рулонах у стрэйч-плёнцы і можа у такім стане знаходзіцца некалькі гадоў. Але ёсць і ворагі – птушкі і мышы, якія парушаюць герметычнасць рулона.
Акрамя касілак, трактара і камбайна для збожжа, у фермера ёсць і сучасныя сродкі для вядзення гаспадаркі – сістэма відэаназірання і квадрацыкл.
— Відэаназіранне вельмі дапамагае, калі, напрыклад, чакаецца прыплод або трэба проста паглядзець, што адбываецца на тэрыторыі. Таксама і квадрацыкл. Мы з жонкай, якая заўсёды побач у гаспадарцы, ужо не ўяўляем сябе без гэтага “кітайца”. Пешшу амаль не ходзім. Выган вялікі, і таму на “калёсах” можна аператыўна апынуцца ў любой яго кропцы. Жывёла ўжо настолькі прывыкла да тэхнікі, што калі проста падыходжу, то не разумее, што здарылася, – смяецца гаспадар.
Сучасныя тэхнічныя сродкі здольныя палегчыць працу фермера, але галоўнай мэтай з’яўляецца рэалізацыя прадукцыі – там, дзе ніякая тэхніка і рабатызацыя не заменяць чалавека. Дзе большую ролю іграе менавіта чалавечы фактар і дзе не заўсёды прысутнічае логіка.
— У звычайных быкоў выхад прадукцыі 50 на 50 працэнтаў, а ў лімузінаў – каля 70 працэнтаў мяса. Але для мясакамбіната няма розніцы, племянны гэта бык або з мешанінай. Усё прымаецца па аднолькавай цане, – ­здзіўляецца, не разумеючы падобнага падыходу, Віктар Уладзіміравіч. – Гэта значыць, што мне няма сэнсу трымаць элітныя пароды. Мяркуйце самі: у жніўні 2018 года бычка можна было рэалізаваць па цане да сямі рублёў за кілаграм. А ў гэтым годзе і шасці рублёў за кілаграм не выходзіць. Гэта ў той час, калі ўсё мае тэндэнцыю расці ў цане. Таму мяса жывой вагой разыходзіцца паміж насельніцтва.
На пытанне, ці можна зарабіць на сельскай гаспадарцы, Віктар Уладзіміравіч адмоўна матляе галавой: “Добра, што “ў нуль” выходзім. Гэта ўжо, як кажуць, недарма”.
Мы праходзім паблізу трактароў і камбайна. Усё гэта не раскоша, а неабходнасць. Але ж за тэхнікай патрэбна сачыць і своечасова рамантаваць. На ўсё патрэбны час, сілы, сродкі. А таксама рукі. І калі бачыш дрэвакол і маленькую пілараму, зробленыя з падручных сродкаў і металалому ў “вольную хвіліну”, разумееш, што такі спецыяліст, нават калі здарыцца змяніць накірунак у дзейнасці, ніколі не застанецца без работы.

Пётр РОМЫСЛАЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *