Водитель Валерий Шилько из филиала «Докшицыводоканал» — профессионал своего дела
Валерый Шылько працуе вадзіцелем на ўчастку водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі філіяла “Докшыцыводаканал”. Пра такіх, як Валерый Іосіфавіч, кажуць: прафесіянал сваёй справы. І яно сапраўды так, бо за ўвесь час ні заўваг, ні нараканняў з боку кіраўніцтва на яго работу не было. Наадварот, толькі словы падзякі за добрасумленную працу, якая сёлета была адзначана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога КУП ВКГ “Віцебскаблводаканал”. Прозвішча вадзіцеля занесена на Дошку гонару філіяла.
Пасля службы ў арміі Валерый атрымаў прафесію вадзіцеля ў Глыбоцкім прафтэхвучылішчы. Працаваў у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Пасля перайшоў у РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, дзе на ГАЗ-133 вазіў у кацельні дровы. Зараз працуе на МАЗе, абуладкаваным пяцітоннай бочкай, а дакладней, на асенізацыйнай машыне.
– Асенізатарскія паслугі, альбо адкачка нечыстот, запатрабаваны не толькі ў насельніцтва, – гаворыць кіроўца з 30-гадовым стажам. – Філіял прымае таксама заяўкі ад прадпрыемстваў і арганізацый, якія не падключаны да цэнтральнай каналізацыі.
Пастаянны напарнік Валерыя Шылько – слесар аварыйна-аднаўленчых работ Уладзімір Сівіцкі. Разам паспяваюць не толькі выконваць заяўкі, а і своечасова ліквідаваць аварыі, што часам адбываюцца на каналізацыйных сетках. Адным словам, машына без работы не прастойвае, бо пазбаўляцца ад каналізацыйных сцёкаў даводзіцца штодня. Адкачка каналізацыі, ачыстка адстойнікаў, прыватныя заказы… Прарывы здараюцца днём і ноччу, у выхадныя дні, таму вадзіцель заўсёды на сувязі. Калі б на такой спецтэхніцы працаваў чалавек з абыякавымі адносінамі да сваёй работы, то выправіць любую аўральную сітуацыю было б намнога складаней. За адказнасць, працавітасць, стараннасць і цэняць Валерыя Шылько ў калектыве.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.