В Докшицком районе идёт призывная кампания
Каментуе старшыня прызыўной камісіі – намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна: – Тэрміновая служба ў арміі – гэта грамадзянскі доўг кожнага мужчыны. Зараз яна адкрывае многія магчымасці. Да прыкладу , пры працаўладкаванні ў сілавыя структуры, пры паступленні на дзяржаўную службу, на высокааплатную работу, у прэстыжную арганізацыю ў аддзеле кадраў у маладога чалавека спачатку спытаюць ваенны білет, распытаюць, дзе служыў, якую спецыяльнасць атрымаў. І, безумоўна, у прыярытэце будзе той, хто прайшоў тэрміновую ваенную службу.
Да завяршэння падыходзіць прызыўная кампанія. Ужо на наступным тыдні, 9 лістапада, у райцэнтры адбудуцца ўрачыстыя провады ў армію навабранцаў. Карэспандэнту раённай газеты давялося сустрэцца з будучымі салдатамі падчас пасяджэння прызыўной камісіі.
— Для праходжання тэрміновай ваеннай службы і службы ў рэзерве адправяцца каля 50 юнакоў, – гаворыць ваенны камісар раёна Віталь Леснічэнка. – Гэта столькі ж, як і ў мінулыя гады. Прыемна, што многія прызыўнікі ідуць служыць асэнсавана. А некаторыя нават выказваюць жаданне застацца ў арміі.
Як, напрыклад, навабранцы з Бягомля – Дзяніс Камінскі і Аляксей Кургей.
— Мы сябруем з першага класа, – гаворыць Дзяніс. – Вось і ў армію збіраемся разам. Спадзяёмся, што наша жаданне будзе ўлічана прызыўной камісіяй. Ад службы чакаю чагосьці новага: праверыць сябе на трываласць, памужнець. Лічу, што гэта абавязковая прыступка ў дарослае жыццё кожнага юнака. Маё жаданне застацца ў арміі па кантракце падтрымліваюць і бацькі. Дарэчы, тата служыў на Далёкім Усходзе, пра што шмат расказваў.
— На маю думку, менавіта армія выхоўвае сапраўдных мужчын, – падтрымаў сябра Аляксей.
Фота і тэкст Яўгеніі МАЛЕВІЧ.