Бегомльский лесхоз — лучший

Аляксандр Юковіч – прафесіянал сваёй справы.

Аляксандр Юковіч – прафесіянал сваёй справы.

Да прафесійнага свята Бягомльскі лясгас атрымаў цудоўны падарунак – другое месца па выніках дзейнасці сярод лесагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці. Вітуніцкае лясніцтва адзначана трэцім месцам.
За восем месяцаў прадпрыемствам нарыхтавана 152, 2 тысячы кубаметраў драўніны, што складае 119,4 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Выпушчана 21 тысяча кубаметраў піламатэрыялаў пры тэмпе росту 135 працэнтаў. Ад продажу прадукцыі на экспарт атрымана 2523 тысячы даляраў. Сярэдняя заработная плата склала 1263 рублі.

Адным з галоўных накірункаў дзейнасці лясгаса з’яўляецца лесанарыхтоўка. Пяць гадоў таму прадпрыемства перайшло на новую форму работы: нарыхтоўка і ўлік драўніны вядзецца ў спецыяльных структурных падраз­дзяленнях – лесапунктах. Спачатку гэта была гаспадарчая разліковая брыгада, а затым лесанарыхтоўчы ўчастак, які з часам стаў магутнай эфектыўнай структурнай адзінкай. Сёння лесапункт – гэта майстарскі ўчастак, чатыры харвестары і пяць фарвардараў.
На адным з харвестараў працуе Аляксандр Юковіч.
– Гэта шматфункцыянальная машына з бартавым камп’ютарам, – ­гаворыць машыніст. – Прызнацца, калі ўпершыню ўбачыў, на якой тэхніцы прыйдзецца ­працаваць, крыху збянтэжыўся, доўга разважаў, ці змагу справіцца. Канечне, многаму навучыўся на спецыяльных курсах, але паўнацэнным спецыялістам, лічу, стаў толькі праз восем месяцаў.
Работа арганізавана па­зменна, таму працоўны дзень у Аляксандра доўжыцца 12 гадзін. Валка лесу, ачыстка ствалоў ад сукоў і раскрыжоўка на пэўную даўжыню – з гэтай задачай спецыяліст спраўляецца спрытна, якасна і хутка. Драўніну забірае напарнік, які прыязджае на дзялянку на фарвардары.
– Штодзень атрымліваецца нарыхтоўваць каля 115 кубаметраў драўніны, – зазначае Аляксандр. – А ад большых аб’ёмаў, зразумела, і заробак вышэйшы.
Машыністам Юковічам ганарыцца ўвесь калектыў Бягомльскага лясгаса, бо Аляксандр у асабістым заліку неаднаразова з’яўляўся пераможцам абласных галіновых спаборніцтваў “Лесаруб”. Важкі ўклад яго быў і ў камандным заліку.
Сёлета да прафесійнага свята шматгадовая добрасумленная праца Аляксандра Юковіча была адзначана Граматай Міністэрста лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *