Семья Войтеховичей из Крулевщины нашла свой путь к вере

vajcyaxovichy-3Валянціна Вайцяховіч з Крулеўшчыны далучыла сваю сям’ю да глыбокай веры. З мужам Дзмітрыем гадуюць чацвярых дзяцей, пабудавалі двухпавярховы дом, даглядаюць вялікі прысядзібны ўчастак і знаходзяць час на цікавыя захапленні. “Дзякуючы Богу”, – упэўнена яна.

Паклікаў храм

Цяга да Божага храма ў Валянціны з’явілася ў дзяцінстве, прыкладна ў васьмігадовым узросце, і яна, праваслаўная, стала хадзіць з суседскай дзяўчынкай у касцёл, запісалася ў нядзельную каталіцкую школу. Падрасла і ўсвядоміла, што неабходна вярнуцца ў праваслаўе, дзе яна ўпершыню дакранулася да Бога пры хрышчэнні.

Хутка царква стала для яе кутком Неба на зямлі. Яна не прапускала службаў, малілася дома, наведвала святыя мясціны, а самае галоўнае, жыла па Божых канонах.

Прайшоў час, і ўсё, пра што марыла, збылося. Побач надзейны і каханы муж, які пранікнуўся рэлігійнымі перакананнямі жонкі і паступова прыйшоў да Бога, а з мінулага года нават прыслужвае ў храме Усячэння галавы Іаана Прадцечы ў Крулеўшчыне. Прыслужваюць таксама іх старэйшыя сыны – адзінаццацігадовы Сцяпан і васьмігадовы Аляксей. Бацькі бяруць на богаслужэнні і малых – трохгадовую Стэфанію і Елісея, якому год і сем месяцаў.

 Гісторыя адной іконы

У доме Вайцяховічаў абуладкаваны іканастас, перад якім кожны вечар узносіцца малітва. Абразоў шмат, і кожны дарагі па-свойму.

– Вось гэты наш вянчальны, – расказвае Валянціна Юр’еўна. – А вянчаліся мы ў Ксеніеўскім жаночым манастыры ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна, дзе пасябравалі з ігуменняй Васілісай, якая пазней прыязджала да нас у госці. Таксама тут “імянныя” абразы для кожнага з дамачадцаў – святога Стэфана, святога Алексія і г.д. Перад лікам святой Матроны, не згаворваючыся з мужам, употай маліся аб дачушцы. Прызналіся адно аднаму толькі тады, калі яна нарадзілася. Вымалілі!

– А гэта старадаўняя ікона Георгія Перамаганосца, – працягвае агляд чырвонага кута Сцяпан, – яна дасталася нам ад прапрадзеда Леаніда. Ён знайшоў святыню падчас Першай сусветнай вайны, калі, галодны-халодны, шукаў на сметніку якую жменю бульбяных лупін. У той жа дзень прапрадзеда забралі ваяваць, і ён узяў Перамаганосца з сабой, як быццам адчуваў, што гэта промысел Божы. Ікона выратавала нашага продка ад смерці: куля, якая ляцела прама ў сэрца, толькі прадзіравіла куфайку і адскочыла назад – ад партсігара, дзе ляжала складзеная ў чатыры столкі тая самая знаходка… З гэтай іконай дзед Лёня прайшоў і Вялікую Айчынную вайну. Яна перадавалася ў спадчыну пасля дзядулі яго дзецям, унукам. І вось апынулася ў маёй прабабулі. Вісела на сцяне шмат гадоў, счарнела, і яе ўжо думалі выкінуць. І раптам абраз стаў абнаўляцца: спачатку праявіліся змей і дзіда, а потым конь і сам Святы Георгій.

– Уся сям’я была ашаломлена, – пацвярджае Валянціна. – Мне тады было дванаццаць гадоў, і я папрасіла ў бабулі гэты абраз сабе. Помню, калі несла яго дадому, над галавой звонка шчабяталі птушкі, быццам радаваліся за мяне. І цяпер мы молімся перад гэтай іконай кожны дзень. Калі матушка Васіліса ўбачыла яе, то сказала: “Гэты дом ахоўвае Святы Георгій!”

 З дапамогай Нябёс

Валянціна Юр’еўна да дэкрэтнага водпуску працавала бухгалтарам у “Докшыцкім райаграсэрвісе”, Дзмітрый Аркадзьевіч – манцёр пуці на чыгунцы.

Уласнымі сіламі рэканструіравалі дом на сем пакояў, абуладкавалі спартыўна-гульнявую пляцоўку, пасадзілі сад, туі і кветкі. Вераць, што з гэтым дапамог свяціцель Спірыдон – абразок і кавалачкі тканіны ад яго абутку прывезены ў іх дом з Грэцыі, са святой выспы Корфу, дзе знаходзяцца мошчы праведніка. На нагах святога – аксамітныя чаравічкі, вышытыя залатой ніткай, якія самі па сабе шануюцца як святыня. Па шматгадовай традыцыі, іх мяняюць два разы на год, бо лічыцца, што святы Спірыдон ходзіць дапамагаць людзям і абутак стоптваецца. Менавіта гэтаму свяціцелю моляцца вернікі свету аб дапамозе ў набыцці жылля.

Вайцяховічы перажылі ўласную гісторыю, звязаную з чаравічкамі. У час рамонту яны зніклі – засталася толькі паперка, у якую былі ўкручаны. Гаспадары дарэмна перавярнулі ў доме ўсё ўверх нагамі і вырашылі, што іх выпадкова выкінулі з будаўнічымі адходамі. Валянціна тады праплакала ўвесь вечар. І якое дзіва было знайсці прапажу ў той жа паперцы праз год! Атэісты скажуць: “Містыка!” А вернікі адкажуць: “Цуд Боскі!”

valyancina-2Дзмітрый займаецца пчалярствам і ездзіць на рыбалку. Валянціна на ўсе рукі майстрыха: і шые, і вяжа, і вышывае. А год назад аб’яднала ўсе гэтыя свае таленты ў вырабе лялек – гульнявых, інтэр’ерных, персанальных (па фотаздымках заказчыкаў). Кожная з іх як асобны твор мастацтва. Для вывучэння новых тэхнік запісалася нядаўна ў расійскую лялечную школу.

lyalki-1 img-6b9c90205d468e21a7c936774623522f-v

Пры справе і сыны ў пазавучэбны час – вучацца іграць на баяне, дапамагаюць па хатняй гаспадарцы.

На Каляды бацькі і дзеці хадзілі на ўсяночную службу, а раніцай дома запалілі свечкі, накрылі багаты стол, сустрэлі свята ў радасці. Усім нашым чытачам яны пажадалі выратавання душы.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота з уласнага архіва герояў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *