Самый дорогой сердцу уголок Виктора и Ольги Ковалёнков из Крулевщины

dscn2714Хата бацькоўская – родны куточак.

Голас матулі звінеў, як званочак,

Бульба цвіла ў агародзе ля хаты,

Пчолы ляталі і чмелік махнаты.

А перад святам ад самага ранку

Вешала маці на вокны фіранкі,

Бацька прыносіў мядовыя соты…

Тут мы жылі без тугі і самоты.

Гэтыя радкі для многіх гучаць настальгічна і сапраўды ў мінулым часе, як светлы ўспамін. А вось Віктар Кавалёнак з Крулеўшчыны без тугі і самоты жыве са сваёй сям’ёй у бацькоўскай хаце. І, хоць сем гадоў ужо, як не чутно ў ёй голасу матулі, бульба ля хаты цвіце, пчолы лятаюць, а фіранкі да свята вешае на вокны жонка Вольга.

Каму даводзілася будавацца, той ведае, што, мусіць, лягчэй узвесці новы дом, чым давесці да ладу, перапланаваць старую вясковую хаціну на дзве паловы. Віктар Даніілавіч, сталяр і цясляр будаўнічай брыгады Крулеўшчынскага вытворчага ўчастка Віцебскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў і ўвогуле майстар на ўсе рукі, мог бы пабудаваць новы, але выбраў іншы шлях – даць новае жыццё бацькоўскаму, у якім жыве ад нараджэння амаль паўвека. Застаўшыся без бацькі ў тры гады, ён рана навучыўся быць гаспадаром, апорай для матулі. А стварыўшы ўласную сям’ю, стаў той самай праславутай каменнай сцяной для каханай жонкі Вольгі, якая працуе ў вартавой ахове нафтабазы, і прыкладам для двух сыноў. Ну а родную сваю хату ператварыў ва ўтульны церамок, які дзіўным чынам сумяшчае ў сабе сучасны дэкор з той рэдкай ужо цеплынёй і ўтульнасцю, якой вызначаліся вясковыя хаты мінулага стагоддзя.

Вольга Сяргееўна, вядома, мужу свайму, якога мы, на жаль, не засталі дома, першая памочніца, але, як прызнаецца, сімвалічныя тры вуглы ў іх хаце трымае ўсё ж такі ён. Віктар Даніілавіч умее, здаецца, усё: хоць у дом і праведзены газ, пераклаў печку і пліту – зрабіў больш сучаснымі. Прыгожыя нестандартныя дзверы, наогул усё вонкавае і ўнутранае аздабленне – справа яго рук. З металам майстар таксама працуе – нават флюгер на даху прымацаваў, не кажучы ўжо пра больш значныя вырабы. Усе гаспадарчыя пабудовы на прысядзібным участку – пад лінейку. Дарожкі вымашчаны пліткай. Ёсць пасека. Зямля ў ідэальным парадку – гэта ўжо сумесная праца. Тэрыторыя патанае ў кветках – Вольга штогод павялічвае іх колькасць і не шкадуе часу на догляд.

Спадары Кавалёнкі, напэўна, ніколі не задумваліся над тым, як гэта: жыць правільна. Аднак жыццё сваё змаглі пабудаваць менавіта так: стварылі моцную сям’ю, карыстаюцца павагай на сваіх працоўных месцах, захавалі цеплыню бацькоўскага дома і далі яму новае жыццё, разумеючы, што роднае – гэта найдаражэйшае. Хай жа і надалей жыве ў іх утульным церамку шчасце.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *