Идеолог Бегомльского лесхоза стремится все делать на отлично

photo_2023-03-01_11-18-42

Рабі на выдатна ці не рабі зусім. Такі прынцып найбольш поўна адлюстроўвае жыццёвае крэда намесніка дырэктара Бягомльскага лясгаса Алены Вішнеўскай. І гэта сапраўды выдатна працуе на таго, хто ім кіруецца. Як вынік – ідэолаг з невялікага райцэнтра стала пераможцай рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў калектыве.

У псіхалогіі гэта называюць сіндромам выдатніцы. А яна і сапраўды яшчэ са школьных часоў імкнецца ўсё рабіць на выдатна. Была ў пераможцах абласных алімпіяд па гісторыі, са срэбным медалём закончыла Бягомльскую школу, з чырвоным дыпломам – гістфак ПДУ. Выкладала любімы прадмет у родным пасёлку некалькі гадоў, а паралельна вучыла дзяцей разумець прычыны і перадумовы гістарычных падзей, што называецца, у полі: дзялілася дадатковай літаратурай, арганізоўвала паходы, паездкі. А потым, як гэта часцей за ўсё бывае ў часы бестурботнага сталення, спецыяліст па запрашэнні перабралася на працу ў сталіцу. Аддзел тэхнічнай палітыкі і якасці Інстытута “Белжылпраект” – няма праблем. Колькі месяцаў паглыблення ў спецыфічную сферу дзейнасці – і справа пайшла як па масле. І заробак быў дастойны.

Толькі не прыжылася яе тонкая, рамантычная душа ў вялікім горадзе. Перад кожнымі выхаднымі дзяўчына ляцела на аўтавакзал, каб загадзя купіць білет: быццам у тым вершы “За Мінск, за сотню кіламетраў, на поўнач ехаць за Хатынь, там баравіннае паветра, там даражэйшы ўспамін…”, імкнулася Алена ў Бягомль. Гледзячы на гэта, бацькі прапанавалі вярнуцца дадому. І яна вярнулася. Уладкавалася ў лясгас на пасаду ідэолага і з 2010 года спраўляецца на выдатна з гэтай досыць няпростай справай наладжвання стасункаў у калектыве. Зараз арганізацыя нароўні з усімі прадстаўнікамі галіны перажывае эканамічна больш складаны час, чым некалькі гадоў таму, аднак паказчыкі трымае на ўзроўні.

Зразумела, што за ўсімі калектыўнымі перамогамі і дасягненнямі часам па-за ўвагай застаецца асабістае жыццё, менш часу застаецца для сыноў. Аднак, звяртаючыся да пачатку тэкста: “Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж”. Гэтаму сваіх дзяцей вучылі бацькі Алены Валянціна і Анатоль Курнышы. Дарэчы, лясная галіна для іх справа сямейная – тата быў у лясгасе кіроўцам, а брат Дзмітрый, які таксама пачынаў свой працоўны шлях там жа, сёння ўзначальвае Віцебскі лясгас.

– Работа ідэолага – рэч спецыфічная, – разважае напрыканцы размовы Алена Вішнеўская. – Жаночая гэта справа ці мужчынская? Няма розніцы. Хутчэй чалавечая. Людзі ў большасці рэагуюць на асабісты прыклад, таму ці гэта пасадка дрэў, ці акцыя “Чысты лес”, ці лыжныя гонкі, ці выстава-кірмаш, ці турзлёт, ці конкурс прафесійнага майстэрства, ці экскурсія – імкнуся заўсёды быць плячо ў плячо з калектывам. Добрае паразуменне ў нас і з прафсаюзам. Радуюся, што большасць маладых спецыялістаў, якіх прымалі на працу за гэтыя гады, засталіся ў арганізацыі. Іх трымаюць заробак, магчымасць пабудаваць жыллё і вясковы няспешны рытм жыцця, ад якога я колісь уцякала ў горад і да якога так прагна імкнулася вярнуцца. Пра што, дарэчы, ніколькі не шкадую.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *