Месяц в зоне отчуждения провел докшичанин Вадим Горбачев
Кожны год 26 красавіка мы ўспамінаем пра ахвяр і цяжкія наступствы Чарнобыльскай катастрофы, пра тых, хто, не шкадуючы здароўя і жыцця, стаў на барацьбу з радыяцыйнай навалай. На ліквідацыю наступстваў аварыі ў чэрвені 1986 года быў накіраваны і Вадзім Гарбачоў, наш зямляк, які на той час вучыўся ў вышэйшай школе міліцыі.
– Пасля датэрміновай здачы экзаменаў наша група ў саставе трыццаці чалавек была накіравана ў вёску Стрэлічава Хойніцкага раёна, – дзеліцца ўспамінамі Вадзім Аляксандравіч. – Апынуліся з таварышамі ў 30-кіламетровай зоне адчужэння. Там на працягу месяца ахоўвалі ад марадзёраў маёмасць мясцовых жыхароў, якія, ратуючыся ад радыяцыі, прыхапіўшы з сабой толькі дакументы, пакінулі родныя хаты. Людзі верылі, што прыйдзе час – і яны зноў вернуцца ў свае вёскі, але памыляліся. У многіх населеных пунктах жыццё так і не аднавілася.
Кармілі, прыгадвае Вадзім Гарбачоў, у школьнай сталовай, а калі заступалі на 12-гадзіннае дзяжурства, выдавалі на дваіх шклянку тушонкі і бохан хлеба з гарбатай.
Знаходжанне ў зоне радыяцыі, нават самы непрацяглы час, зразумела, негатыўна ўплывала на здароўе.
– Чым абараняцца ад радыяцыі, дакладна ніхто не ведаў, – гаворыць ліквідатар. – Давалі ёд, быццам бы ён карысны для шчытападобнай залозы. У трыццаціградусную спякоту суткамі насілі рэспіратары, якія па правілах трэба было мяняць кожныя дзве гадзіны. Але хто ж тады пра гэта ведаў?
З трыццаці чалавек, якія апынуліся ў 1986 годзе ў зоне адчужэння разам з Вадзімам Гарбачовым, дзесяць не дажылі да сённяшняга дня.
Пасля вяртання дадому Вадзім Аляксандравіч 14 гадоў служыў у Докшыцкім РАУС у аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, потым у дзяжурнай часці. Дарэчы, сярод яго калег нямала тых, каму таксама давялося пабываць на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі. Гэта Часлаў Блажыевіч, Уладзімір Варган. Няма ў жывых ліквідатараў Яўгена Гайковіча, які ў ліку першых быў накіраваны на ліквідацыю наступстваў катастрофы, а таксама Мікалая Цімошчанкі, Антона Буглака, Валерыя Кацейкі, Уладзіміра Стадольніка, Юрыя Талсталуцкага.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара і ўласнага архіва.