Интервью с начальником Докшицкой райинспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды

img_4166

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць эколагі. Чацвёрты год раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўзначальвае Уладзімір Вішнеўскі. Галоўным спецыялістам працяглы час працуе Віктар Малаш. Менавіта на плячах калектыву з двух чалавек дзяржаўны клопат пра парадак на зямлі, захаванне і зберажэнне прыродных багаццяў раёна. Пра дзейнасць службы – наша інтэрв’ю з яе кіраўніком.

– Уладзімір Уладзіміравіч, што ў полі зроку інспекцыі круглы год, бо цыкл гэты неперарыўны, правільна?
– Работы хапае ў кожную пару, бо практычна любая гаспадарчая дзейнасць нясе пэўную шкоду прыродзе. Тут пытанне ўжо ў яе памеры і адэкватнасці мер, якія прымаюць суб’екты гаспадарання, каб мінімізаваць наступствы сваёй дзейнасці. Канешне, зімой снежным покрывам многае, асабліва на сельскагаспадарчых аб’ектах, прыкрыта ад пільнага вока інспекцыі. Аднак з надыходам вясны, як кажуць, усё становіцца відавочным. З пачатку года правялі дзесяць маніторынгаў і адно мерапрыемства тэхнічнага характару. Пабывалі ва ўсіх сельсаветах і сельгаспрадпрыемствах, у некаторых і не аднойчы. Было выяўлена каля 200 парушэнняў. Правераны дарожныя службы, а ДРБУ – 180 нават тройчы. З 14 адміністрацыйных спраў 6 – з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. Нядаўна завяршылася праверка камунальнай службы раёна, па выніках якой зафіксавана 25 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Фармулюючы афіцыйнай мовай, мы сочым за рацыянальным выкарыстаннем нетраў, водных рэсурсаў, захаваннем драўняна-хмызняковай расліннасці ў населеных пунктах раёна, глебы, станам паветра.
– А як жа адходы?
– Кантроль за абарачэннем і выкарыстаннем цвёрдых бытавых адходаў і адходаў вытворчасці вынес бы ў асобны блок задач. Мы – грамадства спажыўцоў. І аб’ём адходаў у сувязі з гэтым павялічваецца штогод. Здаецца, і службы адпаведныя працуюць, і колькасць кантэйнераў і пляцовак павялічылася, аднак праедзьце пасля выхадных па райцэнтры. Што бачна? Перапоўненыя скрыні, расцягнутае хатнімі гадаванцамі смецце. Запоўненыя травой, яшчэ і з капой зверху, кантэйнеры так, што пакет са смеццем і прыстроіць няма куды. А можна было б перапрацаваць зеляніну ў натуральнае ўгнаенне – кампост. Канешне, часам узнікаюць пытанні і па вывазцы. Аднак будзем справядлівымі, што і да насельніцтва іх не менш. Асобная тэма – раздзельны збор смецця. У гэтым плане ёсць пэўныя зрухі ў бытавой культуры. Толькі далёка не ва ўсіх. Нядаўна разбіраліся з несанкцыянаванай звалкай, якую арганізавалі ў Глінным. На ўлонне прыроды вывезлі ўсё, што не патрэбна ў гаспарадцы – стары полікарбанат, будматэрыялы. Вядома, што хтосьці свой. З Докшыц машыну са смеццем так далёка не пагоніш. Дарэчы, у Глінным насельніцтву грэх скардзіцца на арганізацыю збору цвёрдых бытавых адходаў. І падобныя прыклады час ад часу фіксуюцца ў кожным сельсавеце. А таму хачу звярнуцца да вяскоўцаў: у любой экалагічнай праблемы ёсць аўтар. Не стварайце самі сабе звалку там, дзе жывяце.
– Вядома, што эколагі займаюцца і пытаннямі распаўсюджвання інвазійных раслін.
– Гэта так. І самая жывучая сярод іх, напэўна, баршчэўнік Сасноўскага. Не скажу, што ў нашым раёне пытанне стаіць вельмі востра, як, напрыклад, на Ушаччыне. Аднак каля 32 сотак яго ўсё ж налічаецца. Найбольш у Крыпульскім і Крулеўшчынскім сельсавеце. Штогод участкі апрацоўваюцца хімічнымі рэчывамі, аднак расліна пакуль канчаткова не выдалена. Трэба час. Радуе, што мы стрымліваем актыўны рост баршчэўніка і не даём плошчам павялічвацца. Яшчэ адна інвазійная расліна – залатарнік канадскі. Разрастаецца хутка. Сустракаецца на могілках, вакол дарог, ды і ў населеных пунктах на ўласных панадворках. Грамадзяне часта не ведаюць пра яго шкоду і прымаюць за звычайную кветку.
– Дарэчы, пра тое, што грамадзяне яшчэ не ведаюць ці не хочуць ведаць. Назавіце самыя частыя дзеянні, калі можна парушыць прырода-
ахоўнае заканадаўства, часам не падазраючы пра гэта.
– Парушэнні сустракаюцца рознага характару. Напрыклад, вырашыў гаспадар спілаваць дрэва, якой расло за плотам. Можна ці не? Не, бо знаходзіцца яно на землях агульнага карыстання, а значыць, трэба атрымаць дазвол уласніка. Ці накіраваўся зімой па елку ў лес, а не на кірмаш ці ў лясніцтва, дзе яна каштуе зусім няшмат. Альбо прыпаркаваў аўтамабіль бліжэй, чым за 30 метраў ад берагавой лініі вадаёма, я ўжо не кажу пра смецце, каналізацыйныя сцёкі і інш.
– Уладзімір Уладзіміравіч, вы кіравалі раённым аддзелам Следчага камітэта раёна. Як падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы ўспрыняў новую сферу дзейнасці?
– Ці новая яна? І ў першым, і ў другім выпадку трэба сачыць за тым, каб не парушаўся закон, а яшчэ не дапусціць перагібаў: калі пакараць, то сапраўды вінаватых. Гэта калі філасофстваваць. А па сутнасці, толькі з галавой акунуўшыся ў справы інспекцыі, стала зразумела, што служба займаецца шэрагам самых розных пытанняў у адпаведнасці з кампетэнцыяй. У галаве эколага, дарэчы, як і следчага, няма выхадных дзён. Едзеш па раёне па сваіх справах, бачыш парушэнне, абавязкова бярэш на аловак, а часам і рэагуеш адразу. Шмат спрэчных сітуацый. Прыродаахоўнае заканадаўства нядаўна было лібералізавана, таму зараз на першым часе абыходзімся папярэджаннем, а не штрафам. Калі ж суб’екты нахабна не рэагуюць на прадпісанні, то ўжо, як кажуць, не крыўдуйце. Але больш тых, каму і папярэджання дастаткова.
– Звярніцеся да нашых чытачоў з нагоды свята.
– Дзень аховы навакольнага асяроддзя – выдатная нагода задумацца, як кожны з нас можа дапамагчы прыродзе. Лічу, што прывіццём экалагічнай культуры трэба займацца з дзяцінства. Толькі так можа выпрацавацца звычка правільных экалагічных паводзін. Беражліва адносіцца да навакольнага свету і роднай прыроды не так цяжка, каб з гэтым не справіўся любы асобна ўзяты чалавек, бо ў большасці сваёй экалагічныя праблемы ствараюць самі ж людзі.
– Дзякуй за размову.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Главное статистическое управление Витебской области

Инфографика. Главное статистическое управление Витебской области.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *