Предприятия и организации Докшицкого района активно готовятся к новому осенне-зимнему периоду

img_8618

Асноўнай задачай паліўна-энергетычнага комплексу раёна ў асенне-зімовы перыяд з’яўляецца ўстойлівае і надзейнае забеспячэнне бесперабойнага і безаварыйнага функцыянавання энергетычных установак і газаразмеркавальнай сістэмы. Для дасягнення гэтых параметраў неабходны пастаянны кантроль за тэхналагічнымі працэсамі і функцыянаваннем інжынернага абсталявання. І галоўнае – рэканструкцыя, мадэрнізацыя і капітальны рамонт збудаванняў.

– Мінулы ацяпляльны сезон для асноўнага пастаўшчыка цеплавой энергіі, якім з’яўляецца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, прайшоў у штатным рэжыме, без збояў у падачы цяпла і гарачай вады, – паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі. – З 16 кацельняў, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства, 15 працавалі на мясцовых відах паліва, у тым ліку дзве з выкарыстаннем прыроднага газу і МВП.

Зараз прадпрыемствы і арганізацыі раёна актыўна рыхтуюцца да новага асенне-зімовага перыяду. Камунальнікам неабходна адрамантаваць дзесяць цеплаабменнікаў на кацельнях “Аўташкола”, “ТМО” і “ПМК-52”, а таксама дзве сеткавыя помпы на кацельнях “Сітцы” і “Валкалата”, выканаць шэраг іншых работ. У сёлетнім сезоне РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” плануе назапасіць 15 тысяч кубаметраў дроў і 7 тысяч кубаметраў шчапы. Дарэчы, за мінулы год доля мясцовых відаў паліва ў паліўна-энергетычным балансе па прадпрыемстве склала 97,67 працэнта пры заданні 96,2 працэнта.

На балансе камунгаса знаходзіцца 56 кіламетраў цеплавых сетак. Трубы стопрацэнтна заменены на новыя – перадізаляваныя, што ў сваю чаргу дазволіла знізіць працэнт цеплавых страт да 8,78 працэнта пры даведзеным абласным заданні 9,6. Перад пачаткам ацяпляльнага сезона камунальнікі зоймуцца прамыўкай і гідраўлічнымі іспытамі ўсіх цеплавых сетак, заменяць запорную арматуру.

З часам зношваюцца і сеткі водазабеспячэння, таму перыядычна іх заменай займаюцца работнікі філіяла “Докшыцыводаканал”. Летась агульнай працягласцю каля двух кіламетраў іх замянілі ў Гарадзішчы, Юхнаўцы, Тумілавічах, Параф’янаве і Бягомлі. На гэтыя мэты было зрасходавана амаль 50 тысяч рублёў уласных сродкаў прадпрыемства. У 2023 годзе сеткі водазабеспячэння часткова абнавілі ў Таргунах, Беразіне і Сітцах. Зараз вядуцца работы па іх мадэрнізацыі (працягласцю 0,7 кіламетра) на вуліцы Міцкевіча ў Докшыцах. Працягваецца рэканструкцыя КПС “Бальніца” ў Бягомлі. Для бесперабойнай падачы вады жыхарам вёскі Падомхі ў бягучым годзе запланавана будаўніцтва ўчастка сетак водазабеспячэння ад водазабору “РАПТ”. Акрамя гэтага, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва ў аграгарадку Сітцы артэзіянскай свідравіны. У далейшым гэта дасць магчымасць вяскоўцам карыстацца вадой пітной якасці.

НА ЗДЫМКУ: вул. Міцкевіча ў райцэнтры: на замене сетак водазабеспячэння працуе брыгада філіяла “Докшыцыводаканал”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *