Правила безопасности на воде напомнили врачи Докшицкой ЦРБ

755bf8b927ea8e88b2299714c7b5073a8c0f6d13_932_621_c

Праводзіць спякотныя дні каля вады – выдатны варыянт адпачынку, аднак ён можа быць вельмі небяспечны. Гэта пацвярджае статыстыка: у летні перыяд 2023 года ў вобласці ў выніку ўтаплення з жыцця пайшлі двое дзяцей: у Полацку ў штучным вадаёме патануў 17-гадовы навучэнец каледжа, у Паставах падчас купання ў возеры – 14-гадовая навучэнка гімназіі. У сувязі з гэтым педыятры дзіцячай кансультацыі Докшыцкай ЦРБ нагадваюць асноўныя правілы бяспекі на вадзе.

Купацца і скакаць у ваду можна толькі ў адведзеных для гэтых мэт месцах. Там праверана дно, няма моцнай плыні. Дзеці-дашкольнікі купаюцца толькі пад наглядам дарослых. Іншыя дзеці і падлеткі не павінны сачыць за дзецьмі. Нагляд – гэта глядзім пастаянна або знаходзімся побач, а не знаходзімся разам на адным пляжы. Старэйшыя дзеці могуць купацца самастойна, але яны павінны ведаць правілы бяспекі. Пазначце дзіцяці, наколькі далёка можна заходзіць у ваду, каб быць досыць блізка і пачуць, калі яго паклічуць.

Не заходзьце ў ваду нават у стане лёгкага алкагольнага ап’янення. Калі вы выбраліся з кампаніяй адзначыць, напрыклад, дзень нараджэння, то неабходна прызначыць аднаго дарослага непітушчага чалавека адказным за бяспеку дзяцей на вадзе.

Кантралюйце час знаходжання ў вадзе. Не рэкамендуецца плаваць, калі тэмпература вады ніжэйшая за 16 градусаў: гэта можа скончыцца стратай прытомнасці і ўзнікненнем сутаргаў. Калі тэмпература вады каля 18 градусаў, час знаходжання ў вадзе – не больш за 15 хвілін.

Не варта забываць і пра сонечныя апёкі. Неабходна змазваць скуру дзіцяці сонцаахоўнымі сродкамі. Абавязкова апранаць галаўны ўбор падчас сонечнай актыўнасці, каб не дапусціць сонечнага ці цеплавога ўдару.

Нельга пасля інтэнсіўнага цеплавога ўздзеяння з разбегу скакаць у ледзяную ваду: гэта можа скончыцца стратай прытомнасці ці спыненнем сэрца. Варта спаласнуцца да купання. Не дазваляйце дзецям гуляць у гульні, дзе ўдзельнікі хаваюцца пад вадой ці іх “топяць”. Нельга заплываць за буйкі, а калі такіх няма – плаваць далёка ад берага.

Асаблівую ўвагу бацькоў хацелася б звярнуць на выкарыстанне надзіманых матрацаў, аўтамабільных камер. У дарослых існуе памылковае меркаванне, што надзіманыя матрацы, кругі і іншыя прадметы для купання – надзейны сродак абароны. Але гэта не так. Па-першае, таму, што выраб лёгка пашкодзіць, і ён можа садзьмуцца ў самы непадыходзячы момант, а па-другое, саслізнуць з плавальнага сродку ў ваду вельмі лёгка, і калі дзіця не ўмее плаваць, то яно можа патануць. Не купайцеся каля лодак, караблёў, катэраў. А таксама падчас моцнага хвалявання ці ў шторм.
Бяспека каля вады – гэта вельмі важны паказчык якаснага адпачынку.

Сярод дзяцей другой па распаўсюджанасці прычынай смерці ад знешніх прычын (пасля ДТЗ) з’яўляецца ўтапленне. Дзеці часта тонуць з-за няўважлівых бацькоў і людзей навокал. Часам дзеці знаходзяцца зусім побач з дарослымі, якія не разумеюць, што малым патрэбна дапамога. Гэта адбываецца з-за стэрэатыпу, што чалавек, які тоне, як у фільмах, будзе крычаць “Выратуйце! Дапамажыце! Тану!”, размахваць рукамі, пырскаць вадой, старацца выбрацца з вады. А ў рэальнасці ўсё адбываецца з дакладнасцю да наадварот.

Як жа выглядае дзіця, якое тоне?

Яно не крычыць і не кліча на дапамогу, таму што дзіцяці хапае сіл толькі на сутаргавы кароткі ўздых. Яно захоплівае паветра, як рыба, ротам.

Яно не размахвае рукамі, каб прыцягнуць увагу, таму што ў гэты час не здольнае здзяйсняць асэнсаваныя рухі. Часцей за ўсё рукі расстаўленыя ў бакі ў спробе адштурхнуцца ад вады.

У момант утаплення цела рухаецца па прынцыпе паплаўка: яно перыядычна сыходзіць пад ваду і ненадоўга вяртаецца на паверхню.

Яно рухаецца, але нікуды не плыве.

Галава дзіцяці адкінута назад, рот адкрыты, валасы могуць закрываць твар, вочы заплюшчаны або як быццам “шкляныя”. Дзіця можа тануць нават дакранаючыся да дна нагамі!

Калі хтосьці ўсё-такі кліча на дапамогу і адчайна размахвае рукамі, то гэта можа значыць, што ён жартуе, альбо яго нагнаў прыступ панікі на вадзе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *